На рэстаўрацыю Гальшанскага замка будзе выдаткавана 266 тысяч рублёў

Культура

У бягучым годзе ў Беларусі плануюцца рэстаўрацыйныя работы на 18 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. У гэты спіс трапіў замкавы комплекс Сапегаў у аграгарадку Гальшаны.

Яшчэ ў 2012 годзе на аснове даследаванняў рэшткаў Гальшанскага замка Беларускі камітэт ICOMOS распрацаваў архітэктурны праект кансервацыі з фрагментарнай рэстаўрацыяй і выкарыстаннем гісторыка-культурнай каштоўнасці.

фото башни2

Згодна з праектам былі расчышчаны завалы на замку. На асобных участках компексу праведзены археалагічныя даследаванні. Планавалася ў кутняй правай вежы пасля рэстаўрацыйных работ размясціць музейную экспазіцыю, а таксама правесці кансервацыю захаваных фрагментаў сцен. Аднак у сувязі са спыненнем фінансавання справы далей не пайшлі. Вызваленыя ад друзу і зямлі сцены сталі яшчэ больш адкрытымі прыроднай стыхіі і пачалі на вачах разбурацца.

І толькі напрыканцы мінулага года на замку пачаўся рух. Па Дзяржаўнай праграме «Культура Беларусі» на 2016-2020 гады на рэстаўрацыйныя работы было выдаткавана 16 тысяч рублёў. Згодна з рашэннем савета Прэзідэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва на завяршэнне рэстаўрацыі паўночнай вежы паступіць 250 тысяч рублёў.

фото башня

Зараз на замку працуюць рабочыя ТАА «Граніт +». Заказчыкам праекта выступіла Ашмянскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Работы праводзяцца пад кантролем спецыялістаў Беларускага камітэта ICOMOS.

Паціху захаваная вежа набывае завершаны выгляд. З дапамогай аўтэнтычнай цэглы ўзнаўляюцца аконныя праёмы і кладка сцен. На кожны ўзровень трохпавярховай вежы уваход будзе асобным — праз лесвіцу, прымацаваную звонку. Унутры сцены будуць атынкаваны. Завершыцца рэстаўрацыя фасада ўзвядзеннем страпільнай сістэмы і замацаваннем чарапічнага даху. Перад гэтым сцены вежы па перыметру будуць умацаваны спецыяльным абручом. Наколькі гэта магчыма, узновіцца ляпны дэкор, а таксама камін, які захаваўся ў вежы. Гэта дазволіць уявіць унутраную аздобу пакояў замка. Таксама разглядаюцца магчымыя варыянты падсветкі вежы. Гэтыя работы плануецца правесці на працягу чэрвеня — снежня.

Як паведаміў метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік, разам з работнікамі раённага музея распрацавана канцэпцыя музеефікацыі кожнага ўзроўню вежы. Так як музейная экспазіцыя будзе «халоднай», то акцэнт скіруецца на мультымедыйную прэзентацыю, якая дазволіць ажывіць архітэктуру збудавання. Турысты змогуць даведацца пра легенды замка, пазнаёміцца з археалагічнымі артэфактамі, атрымаць неабходную інфармацыю пра род Сапегаў і яго ролю ў гісторыі Гальшанскага краю.

Наступным этапам рэстаўрацыйных работ на замкавым комплексе стане кансервацыя захаваных фрагментаў сцен, а таксама ўзнаўленне гістарычнага ландшафту: парку і замкавага става.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *