Як жывуць перасяленцы з Чарнобыльскай зоны ў Ашмянах

Общество

Перасяленцы, чарнобыльцы, свае сярод чужых…Як птушкі, яны вылецелі з абжытых гнёздаў, каб асесці ў незнаёмым краі, але думкамі ўсё жыццё быць там, дзе плешчацца ў сонечных промнях самавіты Дняпро і пятляе між узлескаў наравістая Прыпяць, дзе вясной буйным цветам цвітуць абрыкосы, а мясцовая гаворка шчодра перасыпана ўкраінскімі дыялектамі.

Яны ніколі не думалі, што Чарнобыль супраць волі і жадання стане часткай іх лёсу, невылечнай ранай, якая не будзе гаіцца і нават праз пакаленні не забудзецца, не сатрэцца з памяці.

У Ганны Паўлаўны Хмелянок, як і ў кожнага чалавека, таксама быў любы сэрцу куточак, родная мясціна, да якой яна прырасла душою, да якой яе цягнула неадольная сіла з любога месца ў свеце. Такім месцам была для яе вёска Галкі, што ў Брагінскім раёне. Шчыра прызнацца, яна яе ніколі і не пакідала, не ад’язджала далёка. Тут жылі бацькі. У Галках яна выйшла замуж за мясцовага хлопца Паўла. Працавала прадаўцом у магазіне. Тут на радасць бацьку нарадзіўся першынец — Паўлік, а праз год — маміна ўцеха — дачушка Наталля.

IMG_0125

Вясной Галкі напаўняліся птушыным спевам, а летам — дзіцячымі галасамі. І хаця вёска лічылася невялікай, дзесьці каля трохсот насельнікаў, жыццё тут ніколі не заціхала. Маладыя стваралі сем’і, нараджалі дзяцей, будаваліся. Хмелянкі ўзвялі ў вёсцы прыгожы і прасторны дом, падвялі ваду, абставілі пакоі мэбляй. І хаця ў краіне ва ўсім адчуваўся дэфіцыт, Ганна Паўлаўна, як прадавец, магла на базе дастаць імпартны мэблевы гарнітур, дываны на сцяну і падлогу, прыгожы посуд. Дабрабыт не даваўся лёгка. З ранку да позняга вечара прыходзілася працаваць, аднак гэта не палохала маладую сям’ю. Павел з Ганнай радаваліся кожнаму новаму дню, ганарыліся першымі няўпэўненымі крокамі дзяцей, як і ўсе, строілі планы.

Той красавік выдаўся не тое што гарачым, а нават спякотным. Цэлымі днямі сям’я знаходзілася ў двары, у засені дрэў можна было адчуць прахалоду і надыхацца свежым паветрам. У выхадныя справілі Вялікдзень. У госці завітаў якраз стрыечны брат Пётр. Ён працаваў на атамнай электрастанцыі, але на той час знаходзіўся ў водпуску. Калі яму прынеслі тэлеграму і тэрмінова выклікалі на працу, ніхто не звярнуў на гэту акалічнасць увагі. І толькі пасля Першамаю ў вёску прыйшла чутка, што нешта здарылася на станцыі.

Паўлу Мікалаевічу, вадзіцелю ў калгасе імя Фрунзе, загадалі ехаць у Брагін. Ён разам са сваімі калегамі вывозіў з зоны адсялення скаціну: кароў, коней, свіней.

IMG_0153

— Дзяцей і дарослых садзілі ў аўтобусы і перавозілі ў другія вёскі, — успамінае Павел Мікалаевіч. — Уздоўж дарогі скрозь стаялі ваенныя. Усе былі ў масках. Што робіцца там, у Чарнобылі, дакладна ніхто не ведаў. Людзі прыпадалі да тэлевізараў, не выключалі радыё, чакалі газет, але там ніякай інфармацыі не было. Трывога з кожным днём нарастала. Па вёсках хадзілі пакінутыя каты, сабакі, куры. Некаторыя хаты нават не былі зачынены на замок. У такіх пустых кватэрах і дамах здавалася, што нехта стаіць у цябе за спіной.

Галкі ў зону адсялення не трапілі. Вёска знаходзілася дзесьці ў дваццаці кіламетрах ад станцыі, калі напрамую. Ад зоны адчужанасці яе аддзяліла асфальтавая дарога: быццам бы радыяцыя не магла пералезці на другі бок. У лес хадзіць забаранілі, гэтак жа як і капацца на градах.

Між тым бацькам з дзецьмі было рэкамендавана выехаць у чыстыя раёны Беларусі. Хмелянкі пачалі ліхаманкава збіраць торбы. Грошы зняць з кніжкі не дазволілі, так і прапалі пакладзеныя на яе 19 тысяч рублёў.

Праз некалькі дзён Павел Мікалаевіч завёз жонку з малымі дзецьмі (Паўлу было тры гады, Наташы — два) на чыгуначную станцыю Уза і адправіў у Мінск. У сумку жанчына паклала толькі самае неабходнае, бо было загадана з сабой амаль нічога не браць. Тую дарогу Ганна Паўлаўна памятае і зараз. Увесь час плакалі дзеці, думкі мроіліся ў галаве: што будзе далей? куды нас вязуць? калі можна будзе вярнуцца назад? З цягніка іх перасадзілі ў аўтобусы і падвезлі да доўгіх металічных ангараў. Тут да сустрэчы ўжо ўсё было падрыхтавана. Стосікамі ляжалі новыя камплекты адзення і бялізны, стаялі скрынкі з абуткам. Мітусні не было. Па чарзе падыходзілі да жанчын, якія выдавалі дзецям неабходных памераў рэчы (сваё прыйшлося аддаць). Затым усіх адвезлі ў санаторый «Крыніца».

— Кармілі нас вельмі добра, — успамінае Ганна Паўлаўна. — Апельсіны, арэхі, розныя сокі, шакалад. Жывучы на вёсцы, мы аб такіх ласунках нават і марыць не маглі. Восенню, калі вярнуліся дамоў, муж мяне не пазнаў: паправілася на добры дзясятак кілаграмаў.

У Галках людзей паменшала. Хтосьці так і не вярнуўся. У асноўным жылі пажылыя месцічы, якія нікуды не захацелі з’язджаць з абжытых сяліб. Павел Мікалаевіч працаваў у калгасе. Летам абкошваў у зоне адчужанасці траву, якая ішла на корм жывёле. Дазіметры зашкальвалі, аднак на гэта ўжо ніхто не звяртаў увагі. Людзі прызвычаіліся жыць разам з радыяцыяй і не баяцца яе наступстваў.

— Нам, «чарнобыльцам», прыходзіла шмат пасылак з прадуктамі з-за мяжы, — прыпамінае Ганна Паўлаўна. — І смех, і грэх, аднак мы, вяскоўцы, некаторыя прысмакі бачылі ўпершыню. Не ведалі, што такое сухое малако і як яго ўжываць. Дзівіліся з каўбасы, нібыта пакрытай цвіллю: думалі, што сапсавалася. Грошай тады мы атрымлівалі шмат. Нам плацілі заробак у двайным памеры. Рублі тыя мы называлі між сабой «грабавымі».

У 1990 годзе Павел Мікалаевіч едзе ў Ашмяны. Стрыечны брат, які працаваў у райвыканкаме, разгарнуў неяк карту Беларусі і ткнуў алоўкам у гэты чысты ад радыяцыі куток:

— Паедзь, паглядзі, можа спадабаецца. Толькі ў Іўеўскі раён не едзь, бо там таксама ёсць забруджанасць.

З той паездкі Павел Хмелянок вярнуўся акрыленым. Ціхія і спакойныя Ашмяны прыйшліся яму па душы. Тут ён уладкаваўся вадзіцелем у ПМК, а праз год перавёз сям’ю. Хутка ў Ашмянах быў узведзены для перасяленцаў пяціпавярховік у квартале Будаўнікоў. Канешне, кватэра на пятым паверсе — гэта зусім не тое, што свой утульны цагляны дом у Галках, аднак людзі прынялі іх як сваіх, дапамагалі і падтрымлівалі, дый суседзі скрозь былі землякамі.

Ганне Паўлаўне нават і не верыцца, што прайшло амаль трыццаць год, як яны пераехалі з Гомельшчыны. Яна палюбіла Ашмяны і людзей, якія сталі калегамі, сябрамі, добрымі і спагадлівымі суседзямі. Тут выраслі дзеці. Тут з’явілася на свет унучка Даша. Сын Павел жыве з сям’ёй у Ашмянах, працуе, як калісьці бацька, вадзіцелем. Наташа выйшла замуж і прыжылася ў Мінску.

З ранняй вясны да позняй восені Ганна Паўлаўна з мужам прападае на лецішчы. Павел Мікалаевіч пабудаваў на ўчастку невялічкі, але ўтульны і прыгожы дамок. Душой адпачываюць яны, калі корпаюцца на градках. Нядаўна рашылі завесці коз. У гаспадарцы Хмелянкоў ёсць куры і котка Мурка з трыма кацянятамі.

Штогод на Радуніцу Ганна Паўлаўна едзе на сваю малую радзіму, каб наведаць магілы продкаў, сустрэцца з вяскоўцамі, вярнуцца ў дзяцінства і маладосць, надыхацца родным паветрам. Аднак яна ўжо не можа і без Ашмян, без сваёй другой радзімы, якая жыве ў душы паралельна з першай.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *