Фальклорнай групе «Скарбніца» — 35 год

Культура

У аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Кальчуны адбыўся творчы вечар, прысвечаны юбілею фальклорнай групы «Скарбніца». Мясцовы самадзейны калектыў адзначыў 35 год.

Людзей самых розных прафесій і ўзростаў згуртавала ў адзін творчы саюз  народная песня. Ля вытокаў «Скарбніцы» стаялі Кацярына Іосіфаўна Ждановіч, Ванда Іосіфаўна Рухлевіч, Марыя Іосіфаўна Ліцвінка. Яны і сёння ахвотна дзеляцца з моладдзю народнай творчасцю, песнямі, якія чулі ад сваіх матуль і бабуль.

IMG_0714

На працягу многіх гадоў у фальклорную групу ўваходзілі Рэгіна Канстанцінаўна Кавалеўская, Яніна Браніславаўна Янч, Яніна Іванаўна Шукста, Гэлена Аляксандраўна Болзан, Паўліна Тамашаўна Бяляўская, Ядзвіга Іванаўна Манькоўская, Ніна Іванаўна Ляшчова, Марыя Іванаўна Ждановіч. Іх аб’яднала любоў да роднай зямлі, да важнай справы (падымалі калгас, будавалі завод, вучылі дзяцей), да песні. З ёй яны ішлі на працу, з ёй спяшаліся на вечарынкі, пад калыханкі гадавалі дзяцей, з любімымі матывамі выходзілі на сцэну… Песня не толькі напаўняла сэрцы радасцю, але і дапамагала перажыць боль і смутак.

IMG_0758

З часам на змену адным прыходзілі другія. Так да калектыву далучыліся  работнікі культуры Алена Адольфаўна Шкелда, Ірына Іосіфаўна Лапейка, Барыс Антонавіч Качан. Пачаліся гастролі. «Скарбніцу» ахвотна прымалі ў Астраўцы, Смаргоні, Мастах і нават Мінску. У сталіцу фальклорная група накіравалася, каб прыняць удзел у тэлеперадачы «Запрашаем на вячоркі». Абрад «Загаўліны», з якім кальчунцы выступалі па тэлебачанні, і зараз штогод праводзяць у аграгарадку — каб пазнаёміць з народнай спадчынай дзяцей і моладзь, каб перадаць нашчадкам багатую скарбніцу мясцовага фальклору.

IMG_0675

Цяжка падлічыць, колькі песень налічвае рэпертуар самадзейнага калетыву кальчунцаў, колькі канцэртаў далі яго ўдзельнікі, на колькіх конкурсах і фестывалях выступілі. З асаблівым гонарам успамінаюць аматары народнай песні свой удзел у 2012 годзе ў тэлепраекце «Наперад у мінулае» і вялікую падзяку, якую атрымалі ад здымачнай групы.

За тры з паловай дзесяцігоддзі калектыў «напісаў» багатую аўтабіяграфію. У ёй, між іншых, імёны былых удзельніц Людмілы Іванаўны Коласавай, Еўдакіі Дзмітрыеўны Васілеўскай, Яніны Аляксандраўны Паўсцюк, Ганны Казіміраўны Чаховіч…

IMG_0766

Аднак галоўнымі героямі свята сталі не толькі былыя і сённяшнія ўдзельнікі выдатнай групы, але і беларускія песні. Бо менавіта дзякуючы любові да гэтага жанру народнай творчасці ўжо 35 год існуе «Скарбніца». На мове музыкі і слоў у зале гучалі тэмы кахання і жаночай долі, нялёгкай сялянскай працы і тугі па радзіме ў выкананні абноўленага саставу групы — Надзеі Зарубінай, Франца Чаплінскага, Ірыны Лісоўскай, Ядзвігі Ждановіч, Святланы Сярпейкі, Таццяны Краўчанкі, Марыі Ліснеўскай, Алены Шкелды, Ірыны Лапейкі. Народным гумарам былі перасыпаны кароткія прыпеўкі, якімі з задавальненнем «частавалі» гасцей выканаўцы.

IMG_0784

IMG_0804

IMG_0811

Свае віншаванні юбілярам адрасавалі дырэктар раённага цэнтра культуры Вольга Кузьміцкая, старшыня сельвыканкама Лілія Янушкевіч, удзельнікі народнага сямейнага ансамбля «Граўжанцы» і народнага ансамбля народнай песні «Жытніца», а таксама вакальны калектыў аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кальчуны «Рэчанька» і маленькія прадаўжальніцы фальклорнай групы «Скарбніца». Менавіта ім працягваць добрыя традыцыі, ім захоўваць і несці ў будучыню багатую народную культуру роднага краю.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *