У Ашмянскім музеі пачала працаваць выстава «Там, дзе ўтульна сэрцу»

Год малой родины Культура

У жыцці кожнага чалавека ёсць куточак, успаміны аб якім на працягу ўсяго жыцця захоўваюцца ў сэрцы. Бяскрайнія рэкі, блакітныя азёры-люстэркі, шумныя дубровы, звонкія крыніцы — так і вабіць да сябе прыгажосць роднага краю. Аднак галоўным скарбам краіны з’яўляюцца спагадлівыя, адкрытыя і таленавітыя людзі. Наша зямля падарыла свету выдатных творцаў, якія праслаўляюць Ашмяншчыну далёка за яе межамі… Імя творчага чалавека, таленавітага мастака, выдатнага кіраўніка, дырэктара школы-інтэрната Уладзіміра Бізюка вылучаецца сярод шэрагу імёнаў.

IMG_9510

На мінулым тыдні ў краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча пачала працаваць выстава «Там, дзе ўтульна сэрцу», прысвечаная Году малой радзімы. На ўрачыстае адкрыццё выставы завіталі калегі, знаёмыя і сябры аўтара, школьнікі і аматары выяўленчага мастацтва.

Любоў да роднага куточка, да беларускай зямлі знайшла сваё адлюстраванне на палотнах Уладзіміра Аляксандравіча. Карціны  вабяць сваёй прастатой і лёгкасцю, але  ў той жа час перадаюць шчыры ўнутраны свет мастака.

IMG_9474

Госці мерапрыемства пазналі на карцінах ваколіцы Ашмяншчыны, Смаргоншчыны, Астравеччыны… Пейзажы Уладзіміра Бізюка нагадваюць знаёмыя з дзяцінства мясціны. Яны, поўныя цеплыні і спакою, клічуць нас туды, дзе калісьці бываў сам аўтар. Спакойна, без звычайнай мітусні, паглядзець на тыя дарогі, будынкі, дрэвы, рачулкі, каля якіх мы звычайна праходзім, іх не заўважаючы.

IMG_9500

Вядучая мерапрыемства, навуковы супрацоўнік музея  Ірына Бусловіч пазнаёміла прысутных з жыццёвым і творчым шляхам галоўнага героя сустрэчы. Цікава, што біяграфію творцы можна прасачыць па яго палотнах… На іх адлюстраваліся мясціны з дзяцінства, вуліцы роднага горада, гарады, якія ён калісьці наведаў і запомніў, каб пасля перадаць на халсце. Увогуле, кожная карціна —  гэта маленькая гісторыя, аздобленая драўлянай рамкай і «спакойнымі», нібы «бязважкімі», адценнямі фарбаў.

Пра кожную карціну Уладзімір Бізюк можа расказваць вельмі доўга: дзе і як  пісалася, з якімі людзьмі ці падзеямі звязаны той ці іншы сюжэт. Творчых планаў у аўтара выставы нямала. Некаторыя ідэі існуюць у выглядзе замалёвак. На пытанне, адкуль прыходзіць натхненне, Уладзімір Бізюк сціпла адказвае, што яно прысутнічае заўсёды, вось толькі вольнага часу не хапае. Гэта і нядзіўна, незалежна ад пары года, дня тыдня ці нават падчас працоўнага адпачынку дырэктару школы-інтэрната  даводзіцца адкладваць убок мальберт і фарбы, каб вырашыць чарговую працоўную задачу.

IMG_9530

Сустрэча з мастаком была напоўнена шчырымі эмоцыямі, сардэчнасцю, творчасцю і гумарам. Словы падзякі падчас адкрыцця выставы гучалі ад супрацоўнікаў музея, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Скурновіч, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыя Карповіча, ганаровай жыхаркі Ашмян Тамары Філіповіч, краязнаўцы Валянціны Лабунінай, мастака Сцяпана Аўсюкевіча, майстра Галіны Селістроўскай і іншых гасцей.

IMG_9570

Завяршыў адкрыццё выставы музычны падарунак ад вучняў школы-інтэрната. Удзельнікі хору «Пралескі» пад кіраўніцтвам Вольгі Емяльянавай выканалі некалькі кампазіцый, якія падрыхтавалі спецыяльна да імпрэзы.

Дзякуючы такім мастакам родныя мясціны, шчаслівыя імгненні будуць заўсёды жыць  на палотнах, дарыць часцінку дабрыні, святла і любові. Няхай вандроўка па радзіме не была такой доўгай, як хацелася б, але яна запомніцца і падорыць натхненне кожнаму.

Выстава Уладзіміра Бізюка  «Там, дзе ўтульна сэрцу» будзе працаваць да канца мая.

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *