Сяргей Жылік. Да кожнай справы — з душой

Год малой родины Культура

Ёсць людзі, сустрэчы з якімі цёплыя і ўтульныя. Такія спатканні заўсёды чакаеш, бо менавіта яны пакідаюць пасля сябе прыемныя і шчырыя ўспаміны. Сустрэча з творчым, апантаным сваёй справай спецыялістам Сяргеем Жылікам была напоўнена сардэчнасцю, цікавай інфармацыяй і толькі станоўчымі эмоцыямі.

Метадыста па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры Сяргея Аляксандравіча рэдка можна знайсці ў кабінеце, яго дзень распісаны літаральна па хвілінах — шматлікія камандзіроўкі, сустрэчы з замежнымі дэлегацыямі, распрацоўка паўнавартасных і цікавых праектаў… Вось, напрыклад, пасля нашай размовы Сяргей Аляксандравіч адразу накіраваўся на сустрэчу з дырэктарам краязнаўчага музея імя Багушэвіча Настассяй Навіцкай, каб абмеркаваць чарговы праект.

IMG_6250

Любоў да гісторыі і гуманітарных навук у Сяргея Жыліка з’явілася дзякуючы настаўнікам сярэдняй школы №3, дзе ён вучыўся. Сам хлопчык пасля ўрокаў часта бавіў час у краязнаўчым музеі, які раней месціўся на тэрыторыі школы-інтэрната. Адчуваў подых гісторыі і каля цагляных сцен Гальшанскага замка, каля велічных касцёлаў і цэркваў, цікавіўся архітэктурнымі будынкамі, якія вабілі каларытнай атмасферай. Увогуле, Сяргея з дзяцінства захапляла гісторыя роднага краю, таму і прафесію ён выбраў адпаведную.

Пасля навучання на гістарычным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выкладаў у сценах Граўжышкоўскай сярэдняй школы. Старонкі працоўнай біяграфіі Сяргей Жылік працягваў пісаць у аддзеле адукацыі, аддзеле па справах моладзі райвыканкама і нават у ААТ «Ашмянскі мясакамбінат». На кожным месцы працы дарэчы прыходзіліся яго гістарычныя веды, цікавасць да краязнаўства і, канешне, творчыя здольнасці. Падчас работы на мясакамбінаце ён прымаў удзел у стварэнні кнігі пра гісторыю прадпрыемства, работнікаў і ўвогуле, людзей Ашмяншчыны, ініцыятарам якой стала тагачасны дырэктар Тамара Уладзіміраўна Філіповіч.

У 2009 годзе былы начальнік аддзела культуры райвынкама Галіна Балінская запрасіла Сяргея Жыліка на працу ў культурную сферу. Менавіта з таго часу пачаўся новы і цікавы этап у жыцці спецыяліста, пачынанні і ідэі якога абавязкова падтрымлівала Галіна Іванаўна і калегі. Азіраючыся назад, Сяргей Жылік расказвае, што ні разу не пашкадаваў аб зробленым выбары.

Шмат часу Сяргей Аляксандравіч прысвячае рабоце над міжнароднымі праектамі, якія дапамагаюць  развіваць нашу культуру, увасабляць у жыццё цікавыя ідэі, ажыццяўляць патрэбныя справы.

IMG_6268

Усё пачалося  некалькі гадоў таму з  музея  Дугі Струвэ ў аграгарадку Гальшаны   «Дуга, якая аб’ядноўвае народы і культуры». Дзякуючы агульным намаганням аматараў гісторыі, краязнаўцаў і неабыякавых людзей удалося атрымаць міні-грант на папулярызацыю геадэзічнага пункту, які аб’яднаў дзесяць краін свету.

Атрымаць міні-гранты дапамог яшчэ шэраг цікавых праектаў, аўтарам якіх і выступіў Сяргей Жылік. У межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь сумесна з літоўскімі партнёрамі рэалізаваны праект «Два бакі — адна гісторыя і культура». У мінулым годзе завершана работа над міні-праектам «КУТ» на тэрыторыі Мураванаашмянкоўскага сельсавета. Самым цікавым, на думку Сяргея Жыліка, атрымаўся праект пра Нявесцін камень.

Праекты метадыста цікавыя і незвычайныя, бо, напэўна, ствараюцца не толькі розумам, але сэрцам і душой.

Таленавіты, творчы, адказны, энергічны, улюбёны ў гісторыю, Сяргей Аляксандравіч можа гадзінамі гаварыць аб сваёй рабоце, а тым больш аб гістарычных мясцінах краю, аб прыгажосці Ашмянскага ўзвышша, нечым падобнага да швейцарскіх Альпаў. Па сваёй непасрэднай дзейнасці спецыялісту часта даводзіцца размаўляць з замежнымі гасцямі, якія заўсёды дэманструюць сваю любоў і ўвагу да архітэктурных помнікаў, гарадоў і мястэчкаў з багатай гісторыяй. А ці ўласціва такое пачуццё беларусам і ашмянцам, у асаблівасці?

— Мне падаецца, што ў кожнага чалавека на зямлі прысутнічае пачуццё любові да малой радзімы, нейкае зачараванне сваім куточкам. Можа, нават чалавек і сам гэтага не заўважае, несвядома стараецца зрабіць роднае месца лепшым, навесці парадак каля свайго дома ці проста пасадзіць дрэва, — разважае Сяргей Жылік. — Мясцовыя жыхары ўсведамляюць, што патрэбна любіць і шанаваць тое месца, дзе ты жывеш, і захаваць яго для нашчадкаў.

Сяргей Аляксандравіч заўсёды з поўнай аддачай і адказнасцю выконвае пастаўленыя задачы, і за гэта яго шануюць калегі і кіраўніцтва, якое заахвочвае яго поспехі заслужанымі ўзнагародамі. Дарэчы, прафесійныя здабыткі метадыста па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры высока ацанілі на дзяржаўным узроўні — Сяргей Жылік стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры» ў намінацыі «Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны».

— Я вельмі ўдзячны, што заўважылі і ацанілі мой невялікі ўнёсак у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, — сціпла адзначае Сяргей Жылік. — Трэба адзначыць, што гэту ўзнагароду я не атрымаў бы без падтрымкі работнікаў сферы культуры Ашмяншчыны, кіраўніцтва аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама — Людмілы Каханоўскай і Валянціны Александровіч, а таксама неабыякавых жыхароў раёна.

Добразычлівасць, уважлівасць, творчы падыход да спраў — гэта далёка няпоўны пералік прафесійных і чалавечых якасцей гэтага чалавека. Калі я прапанавала майму суразмоўцу адказаць на пытанне, у чым сакрэт яго поспехаў. Ён адказаў, што таямніц ніякіх няма, проста трэба любіць тое, чым ты займаешся.

— Наша гісторыя, наша зямля падказвае ўсе ідэі, проста іх трэба ўбачыць і разглядзець пад рознымі вугламі, — расказвае Сяргей Аляксандравіч. — Вельмі прыемна, што бягучы год прысвечаны малой радзіме, таму мы яшчэ з большай цікавасцю можам гаварыць аб адметнасці нашага краю, традыцыях, людзях, якімі славіцца наша Ашмяншчына.

Планаў і ідэй у Сяргея Жыліка хапае: адныя яшчэ толькі на паперы, а вынікі рэалізацыі другіх хутка можна будзе ўбачыць. Сяргей Аляксандравіч адкрывае на камп’ютары фотаздымкі Гальшанскага замка і расказвае, якія работы на замчышчы ўжо праведзены і як будзе выглядаць паўночная вежа ўсяго праз некалькі месяцаў. Пасля рэканструкцыі вежы на трох узроўнях з’явіцца экспазіцыя, дзе госці змогуць прасачыць гісторыю мястэчка, даведацца аб легендах і паданнях.

Нераўнадушны спецыяліст падзяліўся яшчэ адной цікавай навіной — музей Дугі Струвэ хутка папоўніцца новымі экспанатамі — наведвальнікі змогуць убачыць прыборы, якімі карысталіся геадэзісты. Таксама дзякуючы творчаму тандэму Сяргея Жыліка і дырэктара раённай бібліятэкі Марыны Белавус плануецца правесці міжнародную канферэнцыю па геадэзіі. Ёсць надзея, што ў парку з’явіцца амфітэатр пад адкрытым небам.

Нягледзячы на тое, што большасць часу Сяргей Аляксандравіч праводзіць на працы, ён пакідае месца для чароўнага — захаплення жывапісам. Сяргей Жылік не толькі цікавіцца рознымі накірункамі мастацтва, наведвае выставы, але і сам напісаў некалькі неверагодных пейзажаў — адзін з іх упрыгожвае кабінет метадыста і, безумоўна, прыцягвае погляд кожнага наведвальніка.

Упэўненага аратара, прыемнага мужчыну, таленавітага вядучага канцэртаў і мерапрыемстваў Сяргея Жыліка можна часта ўбачыць на раённай сцэне. Нездарма, калі  «Рэгіянальная газета» складала свой «Топ прывабных мужчын рэгіёна», то менавіта Сяргей Жылік прадставіў Ашмяншчыну. З дзяцінства любіць наш герой і падарожжы, якія дапамагаюць знайсці цікавыя знаёмствы і адкрыць для сябе новыя мясціны.

Цесна звязана з творчасцю і жонка Сяргея Жыліка Ларыса Вячаславаўна — выхавальніца дзіцячага садка №3, якая шмат гадоў прысвяціла народнаму тэатру. Дачка Маргарыта таксама вырашыла звязаць сваё жыццё з культурнай сферай — яна студэнтка ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Канешне, самае галоўнае захапленне, самы каштоўны скарб у жыцці Сяргея Жыліка — гэта яго дружная сям’я, якая падтрымае кожную творчую ідэю, выслухае цікавыя думкі і створыць прыемную, цёплую атмасферу дома. Разам яны часта падарожнічаюць, наведваюць мерапрыемствы, збіраюцца на кожнае свята за вялікім сталом.

— У працы, як і ў сям’і, без падтрымкі і дапамогі не абыйдзецца ні адзін чалавек, якімі б ён талентамі не валодаў, — дзеліцца Сяргей Жылік. — А мне пашанцавала двойчы!

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *