Апантаная творчасцю Святлана Сярпейка

Год малой родины Культура

Падчас майго кароткага падарожжа праз Кракаў мне пашчасціла пазнаёміцца з незвычайнай жанчынай Святланай Жаваронкавай, якая некалькі год таму пераехала ў каралеўскі горад разам з сям’ёй. Творчая жанчына так праніклася былой польскай сталіцай, яе гісторыяй і легендамі, старажытнымі вулачкамі, што вырашыла адкрыць магазін чароўных ключоў і паштовак, якія неўзабаве сталі разлятацца па ўсім свеце… На паштоўках — дзверы, якія падчас прагулак па горадзе фатаграфуе Святлана. Вось металічныя дзверы, што знаходзяцца пад старым гадзіннікам, а гэтыя вядуць у рыцарскі замак, а за вялікімі драўлянымі «хаваецца» каморка майстра… І да кожнай з іх падыходзіць толькі адзін ключ!

Святлана, як і яе цёзка Святлана Сярпейка з Ашмяншчыны, лічыць, што ключы — гэты добры знак, які вядзе ў свет чагосьці незвычайнага і адкрывае дзверы, за якімі пануюць спагада, шчасце і, канешне, мноства цікавых падзей. А яшчэ гэтых цікавых жанчын звязвае любоў да творчасці.

IMG_4496

Ужо не першы год Святлана Юр’еўна Сярпейка збірае старажытныя ключы, цікавіцца іх паходжаннем і гісторыяй. Аматары старажытных рэчаў могуць нават пазайздросціць такой прыгожай і багатай хатняй калекцыі! Аб шматлікіх гранях таленту нашай зямлячкі, народнай майстрыхі Святланы Сярпейкі змаглі даведацца члены клуба «Сустрэча», чытачы бібліятэкі, сябры і знаёмыя жанчыны, якія наведалі сустрэчу «Апантаныя творчасцю» ў цэнтральнай бібліятэцы.

Святлана Юр’еўна — цікавая і прыемная суразмоўца, чалавек з мноствам захапленняў. Напэўна, няма такой справы, за якую з лёгкасцю не ўзялася б жанчына. Вось і падчас сустрэчы можна было пазнаёміцца і натхніцца яе шматлікімі работамі ў тэхніцы баціка, выцінанкі, кропкавай графікі… Нядаўна Святлана Юр’еўна захапілася ткацтвам. А яшчэ ў руках таленавітай жанчыны ажывае залатая саломка і непаслухмяная лаза… У кожным з самабытных вырабаў жыве чулая душа майстра і адчуваецца, з якім захапленнем яна стварала кожны з іх.

Аднойчы Святлана Сярпейка разам з Аленай Будзько прынялі ўдзел у фестывалі прыкладнога мастацтва. Самабытныя работы-выцінанкі нашага майстра высока  ацанілі майстры з другіх рэгіёнаў і арганізатары.

IMG_4473

Падчас сустрэчы ў бібліятэцы Святлана Сярпейка расказала аб тым, што ўжо больш за тры дзясяткі гадоў выходзіць на сцэну ў складзе фальклорнага калектыву «Скарбніца», які дзейнічае пры Кальчунскім аддзеле культуры і вольнага часу. Асаблівае месца ў музычнай дзейнасці нашай гераіні займаюць прыпеўкі на надзённыя тэмы, якія ёй падказвае вясковае жыццё. Дарэчы, некалькі з іх яна выканала, а таксама прачытала паэтычныя радкі, якія нядаўна ляглі на паперу. Сярод твораў — вершы пра сям’ю, хабараўскі край, каханне… Некалькі яе вершаў выдадзены ў Пецярбурзе — у зборніку прозы і паэзіі беларускіх і расійскіх аўтараў.

Госці сустрэчы ўважліва слухалі аповед жанчыны, якая адну за другой гартала старонкі свайго жыцця… Расказвала аб сваім дзяцінстве ў горадзе Белагорску, што знаходзіцца ў Расіі, аб тым, як выбірала справу на ўсё жыццё… Цікава было даведацца аб тым, як маладая Святлана падчас святкавання 9 Мая пазнаёмілася са сваім будучым мужам і пераехала ў Беларусь.

Галоўнае захапленне Святланы Юр’еўны, канешне ж, яе вялікая і дружная сям’я. Разам з мужам Іосіфам Іосіфавічам яны вырасцілі  і далі пуцёўку ў самастойнае жыццё пяцярым дзецям — сярод іх  нарадзілася дзве пары блізнят. Сяргей знайшоў сваё прызванне ў будаўнічай сферы, Андрэй — стаў ветэрынарным урачом. Іосіф выбраў асаблівы шлях у жыцці, сёння ксёндз служыць у Магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Аляксандр скончыў тэхнічны ўніверсітэт, а дачка Дар’я стала мастаком, арганізоўвае персанальныя выставы і, як маці, стварае незвычайныя работы. На кожнае свята і падчас працоўных адпачынкаў сям’я збіраецца разам, дружным «калектывам» стараюцца адпачываць і падарожнічаюць… Беражліва захоўваюцца сямейныя традыцыі ў доме Сярпейкаў, так як і шматлікія фотаздымкі, на якіх застылі шчаслівыя моманты іх жыцця.

… Душа Святланы Сярпейкі пастаянна цягнецца да чароўнага, «жыве» ў пошуку новых ідэй і планаў. Вось і дома яна стварае прыгажосць навокал, упрыгожвае яго кветкамі, фотаздымкамі, карцінамі, творамі мастацтва, калекцыяй ключоў… Гледзячы на гэту светлую, жыццярадасную жанчыну, здаецца, што свой ключ ад дзвярэй, за якімі шчасце, яна ўжо знайшла.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *