Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў Ашмянах павіншавалі жанчын-ветэранаў

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бельчанка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Карповіч, а таксама вучні гімназіі і СШ № 2 павіншавалі жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны са святам.

IMG_5384

Зінаіда Заблоцкая і Таццяна Мягкова прымалі шчырыя віншаванні і падарункі, словы ўдзячнасці за мужнасць і гераізм.  Мужчыны пажадалі моцнага здароўя, увагі і цеплыні ад родных людзей, а таксама выказалі словы ўдзячнасці за тое, што  яны сем дзясяткаў гадоў таму нараўне з мужчынамі набліжалі Перамогу, а ў цяжкія пасляваенныя часы дапамагалі аднаўляць разбураную народную гаспадарку.

У гэты дзень жанчыны пачулі шмат цёплых слоў і пажаданняў і ад сваіх родных, якія большую частку жыцця побач. Праўда, нячастымі гасцямі ў доме Зінаіды Заблоцкай з’яўляюцца яе дзеці, таму што дачка жыве за сотню кіламетраў — у Мінску, а сын даўно пераехаў у Латвію. Але жанчына не скардзіцца, дзеці часта ёй тэлефануюць і стараюцца падчас адпачынку прыехаць у родны горад. Нягледзячы на ўзрост, Зінаіда Іосіфаўна займаецца хатнімі справамі, любіць прымаць гасцей… Вось толькі на вуліцу выходзіць нячаста, але ўпэўнена, што з першымі цёплымі дзянькамі абавязкова будзе дыхаць свежым паветрам каля дома.

IMG_5406

Хоць Зінаіда Заблоцкая кажа, што стараецца не ўспамінаць аб ваенным ліхалецці, на канапе, як напамін на ўсё жыццё, ляжаць старыя пажоўклыя ад часу фотаздымкі. Канешне, ніколі не сцерці з памяці ветэрана абпаленыя вайной гады. Аб мужнасці партызанкі Заблоцкай кажуць і яе баявыя ўзнагароды — ордэн Вялікай Айчыннай вайны  і юбілейныя медалі.

Жанчына шмат гадоў аддала працы ў ветэрынарнай лякарні. Няхай школьнікі, якія завіталі ў гэты дзень да жанчыны, не засталі яе ў самым росквіце гадоў, але яны ведаюць пра яе подзвіг, пра годны для пераймання прыклад.

Жанчыны-ветэраны падзякавалі гасцям за ўвагу і клопат, а таксама расказалі аб тым, чым жывуць сёння. Канешне, такія сустрэчы — гэта не толькі пацвярджэнне таго, што нашчадкі памятаюць аб іх подзвігу, але і мажлівасць адчуць сябе абаяльнымі жанчынамі, аб якіх клапоцяцца, дораць кветкі і, самае галоўнае, — удзяляюць увагу.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Стоит почитать:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *