Настаўніца з Ашмянскага раёна стала пераможцам рэспубліканскага конкурса «Урокі сучаснасці»

Культура

Стагоддзе таму Барыс Пастарнак, згадваючы пра люты, хацеў дастаць чарніла і плакаць, пісаць наўзрыд. Відаць, эмацыянальна складаны выдаўся месяц… Для Вольгі Віктараўны Шведавай-Юніцкай сёлетні люты таксама напружаны, але зусім па-іншаму. Апошні зімовы месяц адзначаны для яе прыемнымі клопатамі і навінамі. Мяркуйце самі.

IMG_2014

Штодня яе чакаюць у Навасёлкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе, дзе Вольга Віктараўна выкладае беларускую мову, літаратуру, урокі мастацтва, а з нядаўняга часу з’яўляецца яшчэ і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У нядзелю — адзіны выхадны — яна спяшаецца ў Васкрэсную школу, дзе выкладае Закон Божы. Аднак такая сур’ёзная нагрузка, адказнасць за малечу ў дзіцячым садку не памяшала таленавітаму настаўніку прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе «Урокі сучаснасці», які быў аб’яўлены рэдакцыяй газеты «Літаратура і мастацтва».

Канкурсантам было прапанавана скласці ўрок пазакласнага чытання па сучаснай беларускай літаратуры. Вольга Віктараўна спынілася на аповесці Андрэя Федарэнкі «Шчарбаты талер».

— Абраны для заняткаў твор — добрая, натхняльная прыгодніцкая аповесць для дзяцей, здольная абудзіць цікавасць да сваёй малой (і не толькі!) радзімы, — адзначае Вольга Віктараўна. — Падзеі яе адбываюцца на Беларусі, напісана добрай беларускай мовай, і самае галоўнае — разгадка таямніцы ў гэтым дэтэктыўным творы аказалася магчымай толькі праз веданне роднай мовы.

З гэтым творам я пазнаёмілася васямнаццаць гадоў таму. Вельмі добра памятаю свае першыя ўражанні. Пры выбары аповесці падалося, што дзецям яна павінна спадабацца. Бясконца рада, што так і атрымалася, — дзеліцца Вольга Віктараўна сваім досведам.

Дарэчы, «Шчарбатаму талеру» былі прысвечаны яшчэ тры распрацоўкі. Аднак лепшай па названай аповесці была прызнана распрацоўка настаўніцы з Ашмян. Конкурсны матэрыял «У пошуках прыгод і саміх сябе» Вольгі Шведавай-Юніцкай заняў другое месца. Пазнаёміцца з ім можна на старонках першага нумара газеты «Літаратура і мастацтва» за 2018 год.

У пачатку лютага ў Доме друку г. Мінска адбылася ўрачыстая сустрэча з пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Урокі сучаснасці», на які паступіла звыш 70-ці работ — распрацовак урокаў пазакласнага чытання па сучаснай беларускай літаратуры. А гэта значыць, канкурэнцыя была жорсткая.

Падчас урачыстай сустрэчы пераможцаў конкурсу (цікава, што ўсе яны працуюць ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны) віталі супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»: галоўны рэдактар Ларыса Цімошык, рэдактар аддзела Васіль Дранько-Майсюк, спецыяльны карэспандэнт Аляксандра Чарнавокая, карэспандэнт газеты Алеся Лапіцкая.

Акрамя дыплома і грашовай прэміі, якія атрымалі пераможцы конкурсу, Вольга Віктараўна набыла цікавы вопыт, а таксама дапамагла сваім вучням зрабіць яшчэ адзін невялікі крок наперад, да беларускай літаратуры… і саміх сябе.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *