Жыў, служыў і тварыў для народа

Мястэчка Жупраны ва ўсе часы прыцягвала да сябе людзей. Праз яго праходзіў стары Віленскі паштовы тракт, таму Жупраны знаходзіліся  на скрыжаванні розных гістарычных падзей.  Гэта самабытнае паселішча згадваецца  ў летапісах XV стагоддзя, хаця заснавана было значна раней. У Жупранскай пушчы палявалі князі з роду Радзівілаў. Кірмашы-фэсты збіралі сюды з усёй ваколіцы народ. Войска Напалеона таксама пакінула тут свой след:  падчас вайны 1812 года мястэчка было спалена. Разам з тым, кажуць, што французы пакінулі ля Жупран карэту з вялікім скарбам. Да гэтага  часу знаходзяцца жадаючыя адкапаць тыя багацці і гісторыя  ўвесь час  абрастае новымі легендамі.

Зараз мястэчка змяніла свой статус. Аграгарадок Жупраны прыцягвае погляд турыстаў   сучаснымі пабудовамі, добраўпарадкаванымі вуліцамі і дварамі. Як і раней, з вышыні свайго становішча пазірае наўкол ігольчаты касцёл святых Пятра і Паўла і праважае  праезджых  бюст-помнік Францішку Багушэвічу, які ў 1958 годзе ўстаноўлены ў скверы пры бойкім шляху на Смаргонь і Маладзечна.

170 год мінула з той пары, як нарадзіўся пясняр беларускага народа, аднак,  нягледзячы на такі значны адрэзак часу, мы памятаем наказ паэта берагчы родную мову і, едучы  праз Жупраны, збочваем на мясцовыя могілкі, каб пакласці кветкі да яго магілы, прыгадаць паэтавы вершы і ў чарговы раз усвядоміць, што мы – беларусы і павінны гэтым ганарыцца.

На  мінулым тыдні Жупраны наведала шмат людзей. Прыйшлі яны, каб аддаць даніну павагі  паэту, адвакату, народнаму заступніку і адзначыць чарговую, юбілейную гадавіну з дня яго нараджэння.   Вучні і настаўнікі мясцовай школы, якая носіць імя Францішка Багушэвіча, работнікі сельвыканкама, шматлікія госці з райцэнтра, мясцовыя жыхары рушылі да  помніка паэту, дзе прайшоў мітынг  у гонар юбілейнай даты свайго славутага земляка.  Вядучыя дырэктар сельскага Дома культуры Валянціна Горыд і загадчыца бібліятэкі Гражына Рапацэвіч, а разам з імі і выступоўцы: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна, старшыня Жупранскага сельвыканкама Віктар Кавалёнак, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы дырэктар Жупранскай школы і адзін з заснавальнікаў школьнага музея  Францішка  Багушэвіча  Міхаіл Крайноў, маладое пакаленне жупранцаў – вучні  выказалі свой гонар за магчымасць дакрануцца да спадчыны слаўнага сына беларускага народа, якога ўзгадавала  наша зямля.  Яе людзям, простым і абяздоленым, ён дапамагаў у судовых справах, пісаў пра іх у вершах і апавяданнях, развіваў простую мужыцкую мову і заклікаў не цурацца яе, а берагчы, як найкаштоўнейшы скарб.  Ён  хадзіў кушлянскімі і жупранскімі сцежкамі, у мясцовай прыродзе і простым людзе чэрпаў натхненне і знаходзіў крыніцу для   творчасці.

Кветкі, што ляглі да пастаменту помніка і на магільную пліту на мясцовых могілках – сведчанне ўвагі  не толькі да вялікай асобы ў гісторыі беларускай літаратуры, але і знак  павагі да сваіх каранёў, да роднай спадчыны, любіць і шанаваць якую больш ста год назад заклікаў Францішак Багушэвіч.

Святочнае мерапрыемства прадоўжылася  ў мясцовым Доме культуры, дзе прайшло літаратурна-тэатралізаванае свята   “Жыць, служыць і тварыць для народа”.  Старонкі жыцця і  творчасці паэта госці і  ўдзельнікі свята гарталі разам з вядучымі   Вольгай Барысенка і Сяргеем Жылікам. Вучні Жупранскай школы чыталі вершы Багушэвіча. Да іх далучыліся і работнікі ўстаноў культуры раёна Станіслава Тамашэвіч, Алена  Альшук,  Эдуард Булкевіч, Вацлаў Сідаровіч, Сяргей Мойсевіч. Мясцовыя паэты Галіна Даўгашэй, Генуэфа Кеўра, Ірына Ізбіцкая і Эдвард Сяргей прысвяцілі вершаваныя радкі свайму слаўнаму земляку, якія прачыталі падчас літаратурнай гасцёўні “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…” Галіна Даўгашэй нават прыгадала, што працавала ў  Доцішках, дзе калісьці настаўнічаў Багушэвіч. Магчыма, гэта і стала падставай для развіцця яе паэтычнага таленту і  больш блізкага знаёмства з творчасцю паэта. Гэтага ж меркавання прытрымліваецца і Генуэфа Кеўра:

Мо на след Багушэвіча і я

На сцяжынцы лясной наступіла,

Бо ашмянская нас узгадавала зямля,

Падарыла трывалыя крылы.

Свае віншаванні з нагоды свята выказала землякам  дэпутат  Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна. Гэта падзея ў душы кожнага пакіне глыбокі след, адзначыла  Валянціна Міхайлаўна ў сваім выступленні. Усё гэта блізка нашаму  сэрцу і міла, дазваляе нам адчуваць сапраўдны гонар за тое, што мы завёмся беларусамі і ў нашым падмурку трывалыя і моцныя камяні. Дэпутат падарыла цэнтральнай раённай бібліятэцы факсімільнае выданне  Ф. Багушэвіча “Дудка беларуская”. Сваімі успамінамі аб тым, як ствараўся школьны музей Багушэвіча, падзяліўся былы дырэктар Жупранскай СШ Міхаіл Крайноў. Гэты апантаны чалавек разам з Канстанцінам Кадыркам, які на той час узначальваў школу, не вылазілі з раённага краязнаўчага музея, сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, запісвалі ўспаміны тых, хто на свае вочы бачыў паэта і яго родных. Міхаіл Іосіфавіч выказаў падзяку настаўнікам і вучням  школы, якія прадаўжаюць слаўныя традыцыі  сваіх папярэднікаў і працягваюць весці даследчыцкую дзейнасць, адшукваюць дагэтуль невядомыя звесткі з жыцця і творчасці паэта-дэмакрата.

Шмат цудоўных песень гучала на свяце. У выкананні народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Кракоўскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Розы Яцуковіч,  і  ў суправаджэнні скрыпкі і дудкі, на якіх ігралі  Таццяна Чэрская і Аляксандр Пашкоўскі, госці перанесліся ў часы Багушэвіча. Магчыма, некаторыя песні ён мог і сам чуць, бо сабраны яны  на мясцовым фальклорным матэрыяле.

Госці свята мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай літаратуры “Паэт долі народнай”, якую падрыхтавалі  работнікі бібліятэчнай сістэмы раёна. Супрацоўнікі  раённага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча арганізавалі выставу са сваіх фондаў “Шаную памяць аб табе, наш славуты зямляк!” і склалі радавод сям’і Багушэвічаў.  На выставе  вырабаў народных майстроў  былі прадстаўлены карціны жупранскага мастака Уладзіміра Шымановіча, посцілкі Веранікі Суравец з в.Баранцы, вырабы з нітак і  бісеру дырэктара  Палянскага   Дома народнай творчасці і  рамёстваў Валянціны Свірскай, вышываныя карціны Надзеі Івановай і Алены Бравіньскай з Жупран. Залатыя рукі майстроў  яшчэ раз пацвердзілі, што слаўная наша зямля нараджае сапраўдныя таленты, якія трымаюцца на моцным падмурку, закладзеным нашымі папярэднікамі.

Аліна Санюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *