Шматдзетная сям’я Відзевіч з Граўжышак: лад і згода, павага і любоў

Общество

Шматдзетная сям’я — найлепшае натуральнае асяроддзе для выхавання. Штодзённыя зносіны, спрэчкі і моманты радасці, адказнасць, перажыванні — вось што фарміруе характар і выхоўвае чалавека. Не толькі гісторыя, але і рэлігія даказваюць, што сям’я, у якой выхоўваецца шмат дзяцей, больш моцная і трывалая. Дзеці вучацца берагчы рэчы, рацыянальна распараджацца грашыма, цэняць адносіны, а не матэрыяльны бок, больш дружалюбныя і камунікабельныя.

У нашым грамадстве да шматдзетных сямей адносіны неадназначныя. У адных людзей такая сям’я выклікае непаразуменне і здзіўленне, у другіх — насмешку са славутай фармуліроўкай — «галату пладзіць». І толькі людзі з глыбокай духоўнай асновай з павагай і нават з гонарам ставяцца да такіх сямей.

IMG_9660

Шматдзетная сям’я Відзевіч з Граўжышак, у якой выхоўваецца пяць дзяўчынак, здаецца, нічым ад іншых не адрозніваецца. Маладыя тата і мама — Іван Францавіч і Ірына Антонаўна — і «лапачкі-дочкі» Ліза, Вераніка, Дзіяна, Віка і Даша. Дзяўчынкі вельмі падобныя адна да адной. Нават, каб і не ведаў, то сказаў бы, што яны сястрычкі, аднак, паназіраўшы за імі хвілін пятнаццаць, можна адзначыць: наколькі адрозныя ў іх характары.

Як бы прадчуваючы маё пытанне, Ірына Антонаўна заўважае:

— Усе дочкі розныя, нягледзячы на тое, што выхоўваем мы іх аднолькава! Хаця, па вялікім рахунку, набор агульначалавечых якасцей у іх адзін і той жа. Толькі вось праяўляюцца яны ў кожнай па-рознаму. Адна — больш мяккая і падатлівая, другая — больш яршыстая і баявая, трэцяя — ціхая і спакойная…! Між тым, нашы дочкі растуць самастойнымі і адказнымі людзьмі, якія ведаюць цану працы і кошт заробленага рубля. Мы іх усіх любім і з кожнай знаходзім агульную мову. У нас так складваюцца адносіны, што мама — гэта сяброўка, якой можна даверыць любы сакрэт.

IMG_9680

Сама Ірына Антонаўна таксама выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і. І хаця нарадзілася і жыла яна са сваімі братамі ў горадзе, аднак часта бывала ў бабулі. Ніколі не цуралася звыклай сялянскай працы: палола грады, даглядала жывёлу, памагала сенаваць,  з маленства навучылася даіць карову. Для дзіцяці гэта работа не была лёгкай, аднак выбіраць не прыходзілася, бо дарослым неабходна была дапамога.

Пасля школы яна пайшла працаваць пекарам на Ашмянскі хлебакамбінат. Там і пазнаёмілася з будучым мужам. Іван падаўся ёй не па гадах разважлівым і сур’ёзным. Разам з ім яна адчувала сябе слабай і абароненай. А што больш для шчасця жанчыне трэба! Аднойчы ён падарыў каханай мяккую цацку і папрасіў рукі. Ірына не вагалася, бо адчувала, што гэты чалавек надзейны і верны. Не спалохала яе і тое, што хлопец родам з вёскі. Наадварот, у ім адчувалася прага да работы і жаданне ствараць дабрабыт ва ўласным доме. Іван Францавіч таксама нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. Яго мама Ядзвіга Францаўна за нараджэнне і выхаванне пяці дзяцей узнагароджана Ордэнам Маці.

На працягу шасці гадоў маладая сям’я жыла разам з бацькамі мужа, у вёсцы Лойці. І хаця, як і ў кожнай нявесткі, са свякроўю былі ў Ірыны часам непаразуменні, яна ўдзячна ёй: і за тое, што выхавала дастойнага сына, і за тое, што ніколі слова дрэннага людзям пра сваю нявестку не сказала, і што ўвесь час дапамагае ў доглядзе за ўнучкамі.

Сям’я Відзевіч жыве зараз у Граўжышках, у кватэры, набытай пры падтрымцы дзяржавы. Утульнасць, цеплыню і парадак у доме яны ствараюць усе разам, дбаючы не толькі аб матэрыяльным дабрабыце, але і аб душэўнай гармоніі. Праца душы не спыняецца ў гэтай сям’і ні на хвіліну. Ірына Антонаўна і Іван Францавіч згодны з тым, што кожнае дзіця становіцца ў нейкай меры чарговай нагрузкай для бацькоў. Гэта праца, бяссонныя ночы, пастаянны клопат і думкі, гэта і матэрыяльны бок. Аднак у шматдзетнасці ёсць адна асаблівасць: з нараджэннем кожнага дзіцяці адкрываецца «другое дыханне», калі пачынаеш раптам адчуваць нябачную дапамогу. Яна адчуваецца на нейкім містычным, не звязаным з рэальнасцю, узроўні. І тады пачынаеш разумець сэнс народнай мудрасці, што калі Бог дае дзіця, то дае і на яго ўтрыманне («дал Бог ребенка — даст и на ребенка»).

IMG_9626

Безумоўна, калі спадзявацца толькі на Бога, то нічога з гэтага не атрымаецца. Таму Відзевічы ў большай меры разлічваюць на сябе. У іх вялікая гаспадарка: некалькі кароў, свінні, куры. Узялі ў арэнду добры кавалак зямлі, купілі трактар. Усё гэта «хазяйства» вымагае штодзённай працы, не зважаючы на будні і выхадныя, лета ці зіму. І тут трэба заўважыць, што груз клопатаў не кладзецца ў сям’і на аднаго чалавека. Ірына Антонаўна і Іван Францавіч не дзеляць абавязкі на мужчынскія і жаночыя. Карову можа падаіць і бацька, і старэйшыя дзяўчынкі, дзевяцікласніца Дзіяна і васьмікласніца Віка. Абед прыгатаваць таксама пад сілу многім. Не адмаўляецца ад гэтай справы і Іван Францавіч. На выхадныя яго фірменных аладак са смятанай дочкі чакаюць з вялікай радасцю. Старэйшыя таксама могуць і суп зварыць, і катлет насмажыць. Калі бацькі адлучаюцца, трохгадовая Ліза адчувае сябе пад наглядам сясцёр у поўнай бяспецы. Яны малую і накормяць, і гульнёй займуць, і коскі заплятуць, і спаць пакладуць. Першакласніца Вераніка і шасцікласніца Даша ўрокі рыхтуюць з татам. Ён больш строгі, чым мама, у яго не пасваволіш. Усе, як адна, дочкі ў першы год жыцця былі вельмі неспакойнымі, ноччу дрэнна спалі, бацькі іх з рук не спускалі ні ўдзень, ні ўначы. Ірына Антонаўна ўспамінае, што цярпення хапала толькі таму, што на падмену ёй пастаянна прыходзіў муж. Ён ніколі не сказаў нават, што таксама стаміўся і што заўтра на работу (працуе ён слесарам на сыраробным заводзе ў горадзе). Ноччу ціхенька ўставаў і заступаў на пост па калыханні дзіцяці. Так вось і выгадаваліся дачушкі: у бацькоўскай ласцы і любові. І хаця старэйшая Дзіяна часам можа папракнуць маму з татам, што з-за шматдзетнасці ёй шмат прыходзіцца выступаць у ролі выхавацеля, але і яна не можа ўявіць свайго жыцця без гарэз-сястрычак.

IMG_9683

Часам дзяўчынкі спрачаюцца між сабой, аднак усе іх сутычкі заўсёды заканчваюцца мірам. Рэдка ў адносіны прыходзіцца ўмешвацца бацькам. Яны лічаць, што дзеці павінны самастойна знаходзіць рашэнне ў канфлікце: будзь то сёстры, сяброўкі ці аднакласнікі.

Безумоўна, сям’я, у якой шмат дзяцей, рэдка можа назваць сябе заможнай. Але ў такой сям’і лягчэй навучыць дзіця такім якасцям, як здольнасць ахвяраваць, прымаць іншага такім, які ён ёсць, у такіх дзяцей практычна не бывае эгаістычных памкненняў.

На пытанне, ці ёсць у Відзевічаў свае сакрэты ў выхаванні, Ірына Антонаўна, усміхнуўшыся, адказала так: «Калі дзеці адчуваюць, што бацькі іх любяць, калі яны бачаць, што ў бацькоў такія ж паважлівыя адносіны, калі дарослыя імкнуцца быць адказнымі, чэснымі адзін перад адным і перад іншымі людзьмі, міласэрнымі — гэта хіба сакрэты?»

Сям’я Відзевіч любіць ціхія святы: з абавязковымі падарункамі і ўвагай, што важней за любую матэрыяльную рэч. Дбаюць пра падарункі не толькі бацькі, але і сястрычкі. Дзяўчынкі для таты з мамай таксама робяць сюрпрызы. На Новы год з цукерак, якія прынёс Дзед Мароз, яны змайстравалі салодкую ялінку. Ганарацца ў сям’і тым, што мама Ірына Антонаўна атрымала дзяржаўную ўзнагароду — Ордэн Маці. Некалькі гадоў назад сям’я Відзевіч была занесена на раённую Дошку гонару. Аднак гэтыя заслугі ў сям’і не выходзяць на першы план. Куды важней лад і згода, павага і любоў, узаемаразуменне і цярпенне, без якіх немагчыма стварыць сапраўдную сям’ю.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *