Гісторыя ўзнікнення чыгуначных станцый у Ашмянскім павеце

Адкрыццё ў 1873 годзе руху па Ландварова-Роменскай чыгунцы, якая праз тры гады была пераўтворана ў Лібава-Роменскую, паскорыла эканамічнае развіццё краю і наблізіла дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу да нашых мясцін. Новая транспартная артэрыя паспрыяла ажыўленню гандлю, росту прамысловасці і адначасова змяніла воблік мясцін, па якіх яна пралягла. Разам з пракладкай чыгуначных ліній, пабудовай мастоў і праездаў, на тэрыторыі Ашмянскага павета закладваюцца станцыі Слабодка, Солы, Смаргонь і Залессе. На кожнай з іх ўзводзіцца вакзал, некалькі пасажырскіх платформаў, ад 3 да 6 жылых драўляных дамоў, іншыя спадарожныя службовыя і гаспадарчыя будынкі.

Абавязковым аб’ектам кожнай станцыі з’яўлялася манументальная воданапорная вежа, якая ў тыя часы мела назву «водапад’ёмны будынак». Так як паравоз без дазапраўкі вадой мог прайсці адлегласць да 20 вёрст (1 вярста = 1066 м), становіцца цяпер зразумелым месцазнаходжанне чыгуначных станцый на ашмянскім прамежку Лібава-Роменскай чыгункі. Паміж станцыямі адлегласць складае ад 15 да 19 вёрст.

Станцыя Гудагай

Станцыя Гудагай

Усе пабудовы былі выкананы ў адзіным архітэктурным стылі, які падкрэсліваў іх цэласнасць, а не казённую аднастайнасць. Кожны будынак вакзала быў пабудаваны па індывідуальным праекце, меў свае адметныя архітэктурныя рысы. У той жа час усе будынкі разам стваралі арганічнае адзінства, а якасная чырвоная і жоўтая цэгла пасажырскіх будынкаў падкрэслівала такое знешняе падабенства. На вялікі жаль, пазнейшае атынкаванне сценаў вакзала знадворку схавала ранейшую прыгажосць адных з першых мураваных помнікаў дойлідства рэгіёна, знізіла іх каштоўнасць як аб’ектаў культурнай спадчыны.

Раскрываючы гісторыю існавання мясцовых чыгуначных станцый, нельга не адзначыць малавядомы факт, што да нашых дзён захавалі свае першапачатковыя назвы толькі станцыі Смаргонь і Залессе. Пакуль невядома, з якіх меркаванняў 1 мая 1902 года станцыя 4 класа Слабодка была перайменавана ў станцыю Гудагай. Пацвярджэнне факту можна знайсці ў «Даведніку для чыгуначных статыстычных аддзелаў за 1913 год». Зафіксавана станцыя з назвай Слабодка ў «Памятных кніжках Віленскай губерні» да 1902 года, нанесена асобным знакам на некалькіх даўнейшых картах з XIX стагоддзя.

Больш заблытаная сітуацыя склалася вакол станцыі Солы. Такую назву да Першай сусветнай вайны мела станцыя 4 класа, якая была размешчана побач з маёнткам Жылінскага Дакурнішкі. У самім мястэчку Солы тады існаваў чыгуначны раз’езд з назвай «Ашмянскі раз’езд №12». Тут знаходзіўся драўляны будынак вакзала, некалькі жылых і гаспадарчых пабудоў, якія можна разглядзець на старых фотаздымках. У 1915 — 1917 гадах каля раз’езда нямецкія акупанты будуюць вялікі чыгуначны вузел з новым дэпо, складамі і ваенным гарадком. Неадпаведнасць назваў мясцінам нямецкія вайскоўцы вырашаюць наступным чынам. Ранейшую станцыю Солы ў Дакурнішках яны вызначылі як Солы-Захад, а раз’езд №12 стаў станцыяй Солы-Усход. У пасляваенны час адбываецца канчатковая змена назваў,  калі чыгуначная станцыя ў мястэчку набывае аднолькавую з паселішчам назву Солы, а дакурнішская станцыя з гэтага часу становіцца ст. Ашмяны.

Станцыя Ашмяны

Станцыя Ашмяны

Не менш цікавая гісторыя звязана з узнікненнем шашы з Ашмянаў да цяперашняй аднайменнай чыгуначнай станцыі. Напрыканцы XIX стагоддзя з мэтай паляпшэння і развіцця камунікацыі павятовага горада з Лібава-Роменскай чыгункай быў распрацаваны план пабудовы першай у павеце шасейнай дарогі, якая павінна была мець штучнае пакрыццё, абавязкова з уладкаваннем дарожнага палатна на грунтовую аснову і мець канавы для сцёку вады. Спачатку яе планавалі пракласці па ваенна-стратэгічнай дарозе на станцыю Слабодка (Гудагай). Жыхары, якія пражывалі  на гэтай лініі, у 1892 годзе нават атрымалі адпаведнае паведамленне. Пабудова шашы ў гэтым накірунку планавалася з тым разлікам, што мясцовы рух тавараў і пасажыраў быў скіраваны на Вільню, да якой ад станцыі Слабодка было бліжэй, чым ад станцыя Солы. Пры гэтым скарачалася дарога да губернскага цэнтра, адпаведна станавіўся таннейшы кошт перавозу пасажыраў і дастаўкі тавараў. Для параўнання, кошт квітка ў 1875 годзе ў вагонах 1 класа з Вільні да Слабодкі складаў 102 капейкі, а да Солаў на 42 капейкі даражэй. У самых танных і масавых вагонах, 3 класа, адпаведна 43 і 60 капеек.

Карта Віленшчыны 1893

Карта Віленшчыны 1893

Але гэты план не задаволіў землеўладальнікаў маёнткаў каля станцыі Солы (Ашмяны). Пачаліся інтрыгі, у выніку якіх было вырашана накіраваць дарогу праз мястэчка Жупраны ў гэты бок. У 1896 годзе на пабудову шашы губернскім начальствам асігноўваецца сума ў 86 910 рублёў, вельмі значныя грошы па тым часе. У далейшым гэтая сума была зменшана да 52 тысяч рублёў, таму замест 18 вёрст «заходня-еўрапейскай» дарогі ад горада да станцыі будуецца шэсць кавалкаў шашы агульнай працягласцю 9 вёрст 186 сажняў. У канчатковым выглядзе дарога была ўведзена ў эксплуатацыю да 1902 года. Пасля стратэгічнай шасейнай лініі ў Трокскім павеце шаша ў Ашмянскім павеце стала другой дарогай такога тыпу ва ўсёй Віленскай губерніі.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

0
Стоит почитать:

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля