У Жупранах вядуцца работы па добраўпарадкаванні сквера, касцёлу і магілы Багушэвіча

Культура Местное управление

Жупраны – вёска прыгожая, сучасная і …маладая. Так, прынамсі, здаецца, калі трапляеш у населены пункт упершыню. І толькі мясцовыя жыхары і тыя, хто цікавіцца гісторыяй, ведаюць, што першыя згадкі пра мястэчка датуюцца пачаткам ХV стагоддзя. Цікаўных турыстаў яна прыцягвае, бадай, па дзвюх прычынах: каб пакланіцца праху паэта Францішка Багушэвіча, які знайшоў спачын на мясцовых могілках, і наведаць Петрапаўлаўскі касцёл – помнік архітэктуры другой паловы ХIX стагоддзя, які славіцца арнаментальным роспісам непаўторнага інтэр’еру.

Хто бываў у аграгарадку сёлета, заўважаў, што на ўездзе ў населены пункт з боку Ашмян, злева ад дарогі праводзяцца работы па добраўпарадкаванні Багушэвічаўскага сквера.

На працягу ўсёй восені ў скверы, дзе ўсталяваны бюст паэту-земляку, вялася падсыпка грунту, укладвалася тратуарная плітка. Новы выгляд набыў памятны знак-камень і сам помнік, пастаўлены лаўкі, падведзена асвятленне, устаноўлены інфармацыйны стэнд, засеяны газоны.

IMG_3562

Як паведаміла ўпраўляючы справамі Жупранскага сельвыканкама Ганна Шымановіч, гэта не адзіная добрая справа, якая ажыццяўляецца ў аграгарадку. Сквер, касцёл і магіла паэта – знакавы ансамбль, на аб’ектах якога вядуцца ў гэтым годзе работы. За сродкі мясцовага бюджэту адноўлены сквер, на месцы якога гістарычна размяшчалася гандлёвая плошча. Свой добры след пакінулі тут работнікі РУП ЖКГ, СШ №1, Жупранскай школы і садка, Дакурнішскага ВПК, аддзялення кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту, КСУП “Кракоўка”, прадпрымальнік Андрэй Падгайскі з Ягелаўшчыны.

IMG_3559

Ужо завершаны работы па добраўпарадкаванні падыходу да магілы паэта на мясцовых могілках, а таксама самога пахавання. Асноўная частка работ была выканана рамонтна-будаўнічым ўчасткам РУП ЖКГ. Да захавання спадчыны пачынальніка новай беларускай літаратуры дачыніўся ў чарговы раз Юрый Гурскі, дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Мемком”, работнікі якога некалькі год назад замянілі помнік на магіле Багушэвіча. Зараз фірмай зроблена шыльда, якая прымацавана да адноўленай агароджы могілак. На ўваходзе ААТ “Аграпрамтэхніка” (дырэктар Генрых Бубен) ўстанавіла дыхтоўныя вароты. Новай агароджай з бутавымі слупамі абнесена і магіла літаратара і яго родных. Гэтыя складаныя і скрупулёзныя работы выканаў Дзмітрый Гардзевіч. Шмат прыйшлося прыкласці намаганняў, каб падабраць адпаведныя камяні да агароджы могілак, выраўняць участак зямлі, на якім выкладзена тратуарная плітка.

IMG_3566

Як паведамілі ў РУП ЖКГ, якое выступіла заказчыкам і асноўным выканаўцам рамонтна-будаўнічых работ, на аднаўленне агароджы і прылягаючай тэрыторыі могілак арганізацыяй было расходавана каля 10 тысяч рублёў, звыш 8 тысяч рублёў з гэтай сумы былі заробленыя ашмянцамі падчас рэспубліканскага суботніка.

Добраўпарадкаванне вядзецца яшчэ на адным аб’екце ў Жупранах. Па ініцыятыве і пры падтрымцы земляка, настаяцеля селезіянскай місіі “Таварыства Святога Францыска Сальскага” ў Беларусі, Віктара Гайдукевіча разам з ксяндзом-пробашчам парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла Казімірам Муравай наводзіцца парадак на тэрыторыі касцёла. Сёння ксёндз Віктар робіць усё неабходнае, каб святое месца, да якога таксама меў дачыненне Францішак Багушэвіч — ён ахвяраваў грошы на будаўніцтва храма, у гэтым касцёле яго адпявалі, — не толькі сагравала душу, але і цешыла людское вока, каб не зарастала сцежка да святыні і вечна жылі добрыя справы.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *