Хочаш апрануцца па-ашмянску? Як выглядаў традыцыйны строй на Ашмяншчыне

Культура

Усё больш расце цікавасць да традыцыйнай культуры. І моладзь, і старэйшыя людзі ў пошуках вытокаў шыюць сабе вопратку на ўзор той, якую некалі апраналі іх продкі. На жаль, захавалася вельмі мала крыніц і сведчанняў пра тое, як выглядаў даўней традыцыйны строй на Ашмяншчыне.

Наш рэгіён знаходзіўся недалёка ад Вільні — колішняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, праз Ашмяншчыну праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, а таму сюды хутчэй даходзілі чужыя ўплывы, а ў выніку элементы гарадской і замежнай моды вельмі рана выцеснілі старыя народныя ўзоры вопраткі.

Той жа, хто хоча справіць сабе народны строй, пашыты паводле ашмянскіх традыцый, можа перш за ўсё пашукаць апісанні ў літаратуры. Да прыкладу, пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля адзначыў у 1860 годзе, што, едучы з Каменнага Лога ў Ашмяны, сустракаў па дарозе мужчын, апранутых у «белыя сярмягі і шапкі з вушамі». Мясцовыя жанчыны ў святочныя дні апраналіся ў сінія бекешы (від каптаноў) з вялікай колькасцю жоўтых металічных гузікаў.

Можна звярнуцца да літаратуры, прысвечанай мясцовасцям, якія суседнічалі з Ашмянскім паветам або некалі належалі да яго. Імаверна, што традыцыйныя строі істотна не адрозніваліся на адносна невялікай тэрыторыі. Гэтак у кнізе графа Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі», якая выйшла ў 1868 годзе, ёсць апісанне народнай вопраткі з мястэчка Міхалішкі ў цяперашнім Астравецкім раёне. Аўтар адзначае, што адзенне тутэйшых маладых дзяўчат падобна да строяў іх аднагодак з Цэнтральнай Беларусі (ваколіц Лагойска), адкуль быў родам сам граф Тышкевіч: «Тут, як і ў нас, носяць хусткі на галовах, толькі большыя і інакш завязаныя, носяць гарсэты, стракатыя фартушкі, любяць пацеркі і бліскучыя ўпрыгожанні, шмат выкарыстоўваюць кветак на галовах, якія чым большага памеру, чым больш бясформеннай робяць галаву, тым большую элегантнасць і стараннасць у строі выражаюць».

жыхары Міхалішак (сённяшні Астравецкі раён) у традыцыйнай вопратцы сярэдзіны XIX стагоддзя. Ілюстрацыя з кнігі графа Канстанціна Тышкевіча "Вілія і яе берагі".
жыхары Міхалішак (сённяшні Астравецкі раён) у традыцыйнай вопратцы сярэдзіны XIX стагоддзя. Ілюстрацыя з кнігі графа Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі».

Маладыя замужнія жанчыны ў Міхалішках вылучаліся муслінавымі чапцамі і хусткамі на плячах. Старэйшыя ж матроны выдзяляліся арыгінальнымі галаўнымі ўборамі — каптурамі з багатых і бліскучых тканін, якія завязваліся на падабенства галаўных убораў (інфулаў) каталіцкіх біскупаў. Гэты каптур акружалі на галаве невялікай хусткай, а з-пад яе выстаўлялі тарчма два рогі багатага матэрыялу каптура.

Граф Тышкевіч заўважаў, што старэйшыя жанчыны ў Міхалішках насілі цёмна-сінія сурдуты з аксамітным каўняром і бліскучымі гузікамі, а таксама каляровыя спадніцы і вельмі стракатыя фартухі. Мужчыны ў Міхалішках апраналіся ў шэрыя сурдуты, доўгія боты і вельмі часта падпярэзваліся чырвонымі паясамі.

Да нашага часу захавалася цікавае сведчанне пра вопратку жыхароў сучаснага Смаргонскага раёна. Праваслаўны святар Дамецій Плаўскі ў сваёй публікацыі з 1871 года «Мястэчка Крэва» гэтак пісаў пра адзенне местачкоўцаў з Крэва: «Нягледзячы на сваю беднасць, нашы мяшчане (так іх завуць жыхары вёсак) імкнуцца ў адзенні пераўзысці вяскоўцаў. Ходзячы ў будні запэцканымі, часта абарванымі, у святочныя дні многія маюць сурдуты чорнага, рэдка шэрага, сукна; іншыя — камізэлькі і нават манішкі». Крэўскі святар адзначаў, што местачкоўцы аддавалі перавагу чорнаму колеру ў адзенні, між тым як жыхары вёсак апраналіся ў шэрае. Ён таксама заўважыў, што мяшчане з Крэва звычайна галілі бараду, пакідаючы, зрэшты, невялікія вусы, а некаторыя — і бакенбарды.

Дамецій Плаўскі пісаў, што яшчэ да 60-х гадоў ХІХ стагоддзя крэўскія жанчыны насілі так званыя капоты — верхнюю вопратку з чорнага сукна даўжынёй да пят, ад паясніцы якой ішлі зборкі, а на кожнай з іх быў прышыты бліскучы гузік. Такія ж гузікі былі нашыты ў два рады на грудзях.

Галаву жанчыны звычайна павязвалі вялікай стракатай хусткай з воўны, прычым замужнія кабеты закладвалі пад хустку каптурык, а маладыя дзяўчаты завязвалі адну хустку, без каптура. Звычай замужніх жанчын апранаць каптур, як заўважае Плаўскі, быў і ў блізкім селішчы Лоску (цяпер Валожынскі раён), праўда, там завязвалі не стракатыя хусткі, а белыя, ды і спосаб завязвання быў іншы. Жанчыны звычайна хадзілі ў самаробных сукенках, пафарбаваных у жоўты колер.

«Лоскі мужык», паводле Плаўскага, летам і зімой насіў белую палатняную сярмягу, але зімой апранаў яе на футра. Шапка ў яго была з аўчыны, з вялікімі навушнікамі. Яна пакрывала ўсю галаву і нават шыю, пісаў Плаўскі.

Пададзеныя вышэй апісанні, безумоўна, не даюць поўнага і дакладнага ўяўлення пра традыцыйную вопратку ў нашым рэгіёне, але падказваюць нам пэўныя дэталі, якія можна ўлічыць пры аднаўленні колішняга ашмянскага строю.

аўтар матэрыялу ў адноўленай традыцыйнай кашулі, якую маглі раней насіць на Ашмяншчыне, на фоне саматканай посцілкі сваёй бабулі
аўтар матэрыялу ў адноўленай традыцыйнай кашулі, якую маглі раней насіць на Ашмяншчыне, на фоне саматканай посцілкі сваёй бабулі

Пры рэстаўрацыі народнага адзення з Ашмяншчыны варта звярнуць таксама ўвагу на вопратку нашых замежных суседзяў — літоўцаў з памежнага з Беларуссю этнаграфічнага рэгіёна Дзукія (рэгіён так называецца ад таго, што яго жыхары дзекаюць пад уплывам беларускай мовы). Там мужчыны насілі белыя льняныя кашулі з небагатай вышыўкай і адкладным каўняром. Такі крой больш архаічны за крой кашуль з пастаўленым угору кароткім каўнерыкам. Не будзе памылкай дапусціць, што некалі блізкія суседзі на Ашмяншчыне і Дзукіі апраналіся падобна.

Строй, пашыты паводле даўнейшых узораў, можа стацца сапраўдным упрыгожаннем на сямейнай урачыстасці, падчас рэгіянальнага свята ці народнага абраду.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *