Старонкі сямейнага альбома ветэрана з Гальшан

Общество

Ветеран 1Напэўна, самая дарагая рэч ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Эдуарда Антонавіча Сарокі — сямейны альбом з пажоўклымі ад часу старонкамі і загнутымі краямі. Яго першыя старонкі занялі фотаздымкі ваенных часоў, далей са здымкаў на нас глядзіць прыгожая пара — Ганна і Эдуард, на наступным здымку — дзядуля і бабуля з маленькімі ўнукамі, а на самым вялікім фота — малады статны мужчына са сваім любімцам жарабцом Красаўцам… Не памылюся, калі скажу, што не менш значнай рэччу мужчыны з’яўляецца піджак з бліскучымі медалямі, які ён сам ці яго дзеці час ад часу дастаюць з шафы. 

Калісьці празаік Уладзімір Арлоў пісаў: «Яшчэ нікому не ўдавалася закратаваць акно памяці». Гэта сапраўды так, але Эдуард Антонавіч нават ніколі не стараўся гэта акно «закратаваць», проста стараўся не гаварыць аб вайне, аб выпрабаваннях, якія яму давялося перажыць там, на фронце. Жыццё ў мужчыны ніколі не было лёгкім, але ён не скардзіўся на лёс, а працягваў годна жыць і сумленна працаваць, аберагаць сваю сям’ю, змагаючыся з жыццёвымі акалічнасцямі вось ужо дзевяноста год.

Эдуард Антонавіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1927 года на Ашмяншчыне (хутар Крывуля) у вялікай і дружнай сям’і. Акрамя яго, бацькі Антон Іосіфавіч і Валянціна Уладзіміраўна выхоўвалі сямёра дзяцей —  сыноў Віктара, Зянона, Івана, Войцеха, Мар’яна і дачок — Рэгіну і Яўгенію. Маленькі Эдзік паспяваў дапамагаць не толькі бацькам па гаспадарцы, але і служыў у свайго дзядзькі «амерыканца» Юліяна (яго так празвалі, таму што ён ездзіў у Амерыку на заробкі, а, вярнуўшыся на радзіму, купіў вялікі ўчастак зямлі ў вёсцы Дворышча).

Спакойнае і размеранае жыццё сям’і Сарокаў на «перад» і «пасля» падзяліла вайна. У жніўні 1944 года бацьку Антона Іосіфавіча забіралі ў абоз, але Эдзік разумеў, што бацька патрэбны сям’і — жонцы Валянціне Уладзіміраўне і малодшым дзецям. Таму за яго вызваўся ісці хлопчык, якому яшчэ  не споўнілася  і сямнаццаць гадоў! Восенню 1944 года Эдуард  Сарока пайшоў на фронт добраахвотнікам. Ваенную падрыхтоўку юнак праходзіў у артылерыйскіх войсках пад Ленінградам у горадзе Луга. Быў наводчыкам 152-й гаўбічнай батарыі рэзервовага палка. З баявымі таварышамі радавы мужна змагаўся на тэрыторыі Польшчы. Да Перамогі салдату давялося ісці нялёгкімі ваеннымі дарогамі. На гэтым шляху заўсёды побач ішла чорным ценем смерць, якая падсцерагала на кожным кроку.

Ветеран 2

Пасля заканчэння вайны яшчэ шэсць гадоў  радавы Сарока служыў у арміі. Аб мужнасці і стойкасці ветэрана вайны кажуць і яго баявыя ўзнагароды — медаль «За перамогу над Германіяй 1941-1945 гг.». Сярод іншых узнагарод — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, «Медаль Жукава», а таксама юбілейныя медалі. Імя нашага земляка Эдуарда Антонавіча занесена ў раённую кнігу «Памяць».

Дамоў Эдуард Антонавіч вярнуўся  ў 1951 годзе. Старонкі доўгай працоўнай біяграфіі мужчына пачаў запаўняць у вёсцы Гальшаны — уладкаваўся конюхам у школу пчалаводаў. Трыццаць шэсць гадоў ён працаваў конюхам: спачатку ў школе пчалаводаў, затым у заатэхнікуме, і да выхаду на пенсію заведваў гальшанскай канюшняй саўгаса. Шмат разоў удзельнічаў у спаборніцтвах коней-цяжкавесаў у Пскове і Кіеве. У 1966 годзе з жарабцом Красаўцам удзельнічаў у выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Па выніках выставы быў узнагароджаны бронзавым медалём за поспехі ў народнай гаспадарцы СССР.

Такі доўгі працоўны шлях не мог застацца незаўважным. За карпатлівую, шматгадовую працу ў 1970 годзе ўзнагароджаны медалём «За доблесную працу», часта атрымліваў граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі. У працоўнай кнізе стараннага работніка было шмат падзячных запісаў і заахвочванне прэміямі. Сціплы мужчына ніколі не хваліўся сваімі ўзнагародамі і не гаварыў аб поспехах. Толькі родныя ведалі, што ў гэтым не было ніякага сакрэта — Эдуард Сарока любіў справу, якой займаўся, справу, якая стала сапраўдным прызваннем.

У сваю жонку Ганну Андрэеўну мужчына закахаўся з першага погляду. Прыехаўшы ў Гальшаны, юнак жыў на кватэры сваёй цёткі Станіславы Кунігель, у якой і кватаравала маладая дзяўчына Ганна Вярбіцкая. Маладыя ў хуткім часе ажаніліся, пабудавалі невялікі дом і далі пуцёўку ў жыццё траім сынам — Раману, Генадзію і Віктару.

Ветеран 3

Нягледзячы на тое, што дзевяностагадовага Эдуарда Антонавіча падводзіць памяць, некаторыя падзеі ўвогуле сцерліся назаўсёды, а другія пераблыталіся ў вялікі клубок, які не пад сілу разблытаць, мужчына стараецца жыць далей. Ён на здзіўленне ўсё ж «выбудоўвае» ў галаве далёкія мінулыя гады і дзеліцца ўспамінамі, якія знайшлі прытулак ў вялікім і добрым сэрцы. Найбольш яркія «карціны памяці» звязаны з яго любімцамі — коньмі, ён і цяпер мроіць аб тым, каб хоць раз запрэгчы Красаўца, пагладзіць яго густую грыву і праехаць вярхом па вясковай сцежачцы… Успамінае сваю жонку Ганну Андрэеўну і малодшага сына Віктара, якія адышлі ў вечнасць, пакінуўшы пасля сябе вялікія шрамы на сэрцы мужа і бацькі…

Праўду кажуць, не бывае ў жыцці лёгкіх дарог. Нават сёння, пражыўшы дзевяць дзясяткаў гадоў, ён азіраецца назад, каб зноў прайсці гэты цяжкі шлях ячшэ раз… То светлая ўсмешка ледзь кранае яго вусны, то па шчаках коцяцца слёзы. Толькі вясковыя напрацаваныя рукі, якія павольна даставалі з кішэні насоўку, сведчаць аб тым, якое няпростае жыццё было ў мужчыны.

Але ў цяжкія хвіліны яго не пакідалі дзеці, нявесткі, унукі. Эдуард Сарока вельмі ганарыцца сваімі сынамі, сям’ю ўнукамі, а таксама дзевяццю праўнукамі. Нягледзячы на тое, што лёс раскідаў іх па розных куточках нашай краіны, яны часта прыязджаюць у Гальшаны. Хочацца верыць, што нашчадкі не забудуць шлях да роднага дома і без нагоды, проста так, абавязкова прыедуць у госці да ветэрана вайны.

У Эдуарда Антонавіча на ўсіх хапае добрага слова, светлага позірку і шчырай усмешкі. Яго любяць дзеці і ўнукі, дзеляцца з ім сваімі таямніцамі, радасцямі і перажываннямі. Унукі — Ганна, Алена, Сяргей, Андрэй, Ларыса, Дзмітрый і Ірына, — знайшлі свой шлях у жыцці, займаюцца любімай справай і стараюцца як мага часцей прыехаць у Гальшаны — у маленькі дом, які месціцца на вуліцы Барунскай. Любяць свайго прадзеда і маленькія праўнукі — Ксюша, Арсеній, Жэня, Ганна, Вольга, Мікіта, Таня, Лера і Соня. Праўда, не ўсе яны яшчэ ведаюць аб вайне, аб гераізме прадзеда… Сын Генадзій і яго жонка Галіна, жонка Віктара Святлана жывуць у Гальшанах, таму ніколі не абмінаюць дом бацькі, які сёння не можа самастойна спраўляцца са звычайнымі хатнімі справамі. Здароўе, на жаль, моцна падводзіць ветэрана вайны. Каб не пакідаць бацьку ні на хвіліну, да яго пераехалі сын Раман з жонкай Ірынай.

Вось і ў дваццаты кастрычніцкі дзень ён з вялікай удзячнасцю прымаў цёплыя, шчырыя віншаванні і падарункі ад гасцей, якія прыйшлі да яго ў дзень юбілею. Завіталі да яго старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бельчанка, намеснік старшыні раённай аргазіцыі «Белая Русь» Наталля Ліпавая, першы сакратар ГА РК БРСМ Вольга Шыдлоўская, намеснік старшыні КСУП «Гальшаны» Вацлаў Дзенісенка, старшыня сельскага Савета Войцех Коўзан, начальнік групы тэрытарыяльнай  абароны ваенкамата Сяргей Андрыловіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай.

Нездарма гэты восеньскі дзень быў напоўнены цеплынёй і ўтульнасцю: сонца яркімі промнямі асвятляла маленькі дом «бурачковага» колеру (менавіта так яго называла, праязджаючы кожны дзень па дарозе ў школу), заглядвала ў вокны, на якіх квітнеюць статныя архідэі, фарбавала лісце на дрэвах, што надзейна «абараняюць» дом, у залаты колер, змушала зіхацець шматлікія медалі на святочным піджаку… У гэты прыгожы восеньскі дзень ветэран вайны пачуў шмат цёплых слоў і пажаданняў і ад сваіх самых родных і блізкіх, якія большую частку жыцця побач.

Лёс чалавека — дзіўная і непаўторная рэч. Ніхто не ведае, што яму наканавана нябёсамі. Але ведае, як жыць, каб не шкадаваць аб перажытым. Лёс гэтага чалавека падобны на жыццё многіх іншых людзей, якім давялося зведаць жахі вайны… За плячамі Эдуарда Сарокі цікавае і насычанае рознымі падзеямі жыццё, значныя моманты якога знайшлі адбітак у сямейным альбоме. Вось і сёння ў яго вачах адлюстроўваюцца мудрасць, спакой і разважлівасць, павага і дабрыня да людзей. Менавіта гэта і ёсць тыя галоўныя жыццёвыя каштоўнасці,  да якіх прыводзяць пражытыя гады.

Кацярына РУДЗІК.



2 комментария по теме “Старонкі сямейнага альбома ветэрана з Гальшан

  1. Очень интересно написано! Настоящие странички семейного альбома.
    Дай Бог здоровья ветерану.

  2. Вялікі дзякуй, Кацярына, за шчыры і пранікнены аповяд пра майго дзядуню!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *