Дэлегацыя Ашмянскага раёна пабывала на свяце ўраджаю на Віленшчыне

События

У апошнія вераснёўскія выхадныя дэлегацыя Ашмянскага раёна пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама па пытаннях эканамічнага развіцця Галіны Люткоўскай пабывала на свяце ўраджаю на Віленшчыне. На мерапрыемстве ў Пікелішках, дзе знаходзіцца сядзіба Юзафа Пілсудскага, пашчасціла пабываць і карэспандэнту нашай раёнкі.

P_20170930_140105_vHDR_On

Ашмянскі раён ужо каторы год падтрымлівае сяброўскія стасункі з Вільнюскім раёнам Літвы. Зараз суседзі, а калісьці насельнікі адной магутнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, маюць не толькі агульную гісторыю, але і адны карані, добра разумеюць адзін аднаго і са шкадаваннем успамінаюць час, калі не было мяжы і можна было ездзіць без перашкод у госці, за пакупкамі, абменьвацца напрацаваным вопытам з калегамі. Час і шматлікія абставіны ўнеслі значныя карэктывы ў адносіны нашых дзяржаў. Між тым, крэўнае радство немагчыма разарваць палітычнымі амбіцыямі, і мы па-ранейшаму шукаем прычын і ўмоў для еднасці і збліжэння. Паміж Ашмянскім райвыканкамам і Вільнюскім раёнам падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. У 2013 годзе ў межах праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Латвія – Літва – Беларусь рэалізаваны сумесны праект “Дзве краіны – адна культура і гісторыя”, вынікам якога сталі творчыя стасункі паэтаў Вільнюскага і Ашмянскага раёнаў і выданне сумеснага паэтычнага зборніка, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы краязнаўчага музея імя Багушэвіча ў Ашмянах і музея-сядзібы Уладзіслава Сыракомлі ў літоўскіх Барэйкішках. Дзякуючы праекту ашмянцы мелі магчымасць пабываць у Вільні, а літоўцы прынялі ўдзел у фестывалі “Гальшанскі замак”. Былі набыты касцюмы гістарычных персанажаў, якія выкарыстоўваюцца падчас тэатралізаваных мерапрыемстваў у раёне.

iПикелишки1

Яшчэ адзін праект па праграме транспамежнага супрацоўніцтва, напісаны работнікамі культуры нашага раёна і самакіраваннем Вільнюскага раёна, знаходзіцца ў стадыі зацвярджэння. Ізноў жа, ён будзе накіраваны на развіццё турыстычных магчымасцей двух нашых раёнаў. Калі праект “Навуковыя дасягненні на мяжы стагоддзяў і іх адаптацыя для транспамежнага турызму” стане пераможцам конкурснага адбору, то выдаткаваныя Еўрасаюзам сродкі з беларускага боку будуць скарыстаны на развіццё музея Енджэя Снядэцкага ў Кальчунскай СШ і музейнага пакоя мерыдыяна Дугі Струвэ пры Гальшанскай бібліятэцы. Падчас візіту ў Вільнюс быў абмеркаваны таксама  праект па добраўпарадкаванні пляжнай зоны і берагавой тэрыторыі каля вадаёма паблізу квартала Будаўнікоў.

P_20170930_150219_vHDR_On

Што тычыцца свята  ўраджаю ў Вільнюскім раёне, то яму папярэднічаў урачысты прыём у Доме польскай культуры, куды былі запрошаны  дэлегацыі старостваў Віленшчыны і шматлікія госці з другіх краін, якіх вітала мэр раёна Марыя Рэксць. Віншаванні са святам гучалі не толькі ад адміністрацыі раёна, дыпламатычнага корпусу, але і ад гасцей. На свята прыехалі прадстаўнікі пасольстваў Беларусі, Польшчы і Германіі, а таксама члены Сейма Літоўскай Рэспублікі, прэзідэнтуры Польскай Рэспублікі, госці з суседніх самакіраванняў. Намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Галіна Люткоўская выступіла з прывітальным словам ад райвыканкама і падарыла Марыі Рэксць каравай з беларускай мукі новага ўраджаю, як дадатак да важкага караваю сваіх суседзяў.

А караваяў на свяце было шмат: і падчас прыёму, і непасрэдна на мерапрыемстве ў Пікелішках, куды сабраліся жыхары раёна і фермеры, каб падзякаваць Усявышняму за прыродную міласць, за сабраны ўраджай, і парадавацца рэзультатамі сваёй цяжкай паўсядзённай працы.

Свята ўраджаю на Віленшчыне – гэта не проста падзея, гэта з пакалення ў пакаленне перадаваемая традыцыя, якая ўмацоўвае нацыянальную еднасць і з’яўляецца каштоўным культурным здабыткам літоўскага народа.

P_20170930_140000_vHDR_On

Мерапрыемства пачалося ўрачыстым шэсцем 23 старостваў Вільнюскага раёна. Работнікі і мясцовыя жыхары неслі плады сваіх садоў і агародаў, спявалі песні і крочылі да сцэны, дзе іх чакала мэр раёна.

Падчас адкрыцця ўрачыстасці Марыя Рэксць падкрэсліла, што свята ўраджаю – гэта свята «хлеба надзённага”, час радасці і падзякі Богу і зямлі за сабраны ўраджай. Узгадаўшы дэвіз гэтага года «Дзелімся хлебам, культурай і традыцыямі», мэр запрасіла ўсіх па-сямейнаму парадавацца і падзяліцца ўраджаем і ўнікальнымі народнымі традыцыямі. Кіраўнік раёна разам са сваімі памочнікамі адарыла хлебам шматлікіх удзельнікаў урачыстасці.

Адметным было тое, што прамова мэра прагучала на трох мовах: літоўскай, польскай і рускай, у знак таго, што большую частку насельніцтва раёна складаюць менавіта прадстаўнікі гэтых трох нацыянальнасцей. І зараз яны жывуць у згодзе, працуюць і захоўваюць традыцыі сваіх народаў.

Апоўдні адбылася святая імша. Усе разам агульнымі малітвамі дзякавалі Богу за дабрабыт, за здабыты хлеб, маліліся за здароўе земляробаў і ўсіх жыхароў раёна. Святое набажэнства правёў Апостальскі нунцый у краінах Балтыі, архіепіскап Пэдра Лопес Кінтана разам са святарамі Вільнюскага архіепіскапства.

Пасля ўрачыстасці гасцей чакаў канцэрт, а таксама выстава работ народных умельцаў і сельскагаспадарчай прадукцыі. Упрыгожаныя падворкі старостваў запрашалі пачаставацца кулінарнымі прысмакамі, дзе разам з літоўскімі цэпелінамі суседнічаў полькі бігус і добра адчувала сябе на святочным стале беларуская бабка з грыбамі. На адным з такіх падворкаў мы пазнаёміліся з войтам гміны Сужаны Тадэвушам Алянцэвічам. Як аказалася, бацькі яго родам з Ашмянскага раёна, з Талмінава. На Ашмяншчыне, у Каменным Лозе і ў Ашмянах, жывуць зараз яго сваякі. А вось дырэктар прыватнага камунальнага прадпрыемства, з якім мы сустрэліся на падворку гміны Меднікі, узгадаў, як прыязджаў у наш горад за пірагамі, як да гэтага часу падтрымлівае сяброўскія сувязі з беларускімі калегамі.

Свята ў Пікелішках у чарговы раз засведчыла аб тым, што ў нас шмат агульнага, таму і традыцыі нашы ў многім пераплятаюцца. Мы не супраць сяброўскіх адносін, культурных і эканамічных стасункаў, нам ёсць што паказаць і аб чым расказаць адзін аднаму.

Аліна САНЮК.



1 комментарий по теме “Дэлегацыя Ашмянскага раёна пабывала на свяце ўраджаю на Віленшчыне

  1. Хорошо когда между соседями укрепляются экономические, культурные связи.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *