Убачыць Гальшанскі замак у перыяд яго росквіту стала магчымым дзякуючы тэхналогіі віртуальнай рэальнасці

Культура

Напярэдадні Дня Ведаў дзякуючы энтузіясту Ахрэму Белабаровіку ў Нацыянальным гістарычным музеі прадстаўляюць унікальны аўтарскі праект VKL3D. Дзякуючы тэхналогіі віртуальнай рэальнасці ўпершыню наведвальнікі экспазіцыі гістарычнага музея атрымаюць магчымасць убачыць мастацкі адноўленыя замкі Беларусі – Крэўскі і Гальшанскі – і адчуць “эффект прысутнасці” ў час іх росквіту (прыкладна 15-17 стагоддзе), піша «Рэгіянальная газета».

Th72AasIcJA

Праект VKL3D быў пачаты Ахрэмам Белабаровікам некалькі гадоў таму. Ён бачыць сваю міссію ў захаванні гістарычнай памяці ў яе фактычнай, канцэптуальнай і візуальнай карэктнасці. Галоўная мэта праекта – адрадзіць веліч і дух “залатой эпохі” нашай гісторыі праз яе архітэктуру.

Па словах аўтара праекта: “Шмат часу пайшло на пошук спецыялістаў па гісторыі і архітэктуры, гатовых бескарысліва ахвяраваць сваім часам, апрацоўку інфармацыі, падбор кампанентаў рабочых станцый ды прыцірку праграмнага забеспячэння. Усе дзеля таго, каб у 2014 пабачыў свет Крэўскі замак, а зараз, нарэшце, скончана карпатлівая праца над Гальшанскім».

З дапамогай прылад і тэхналогій з’явілася магчымасць не толькі 360°-агляду Крэўскага замку, але і большага «эффекту прысутнасьці» пры праглядзе экспазіцыі Гальшанскага замка за кошт стэрэаэффекту.

У працы па 3D-рэканструкцыі за аснову бяруцца старыя выявы, архіўныя тэксты, навуковыя публікацыі, дадзеныя раскопак – усяго гэтага часта недастаткова для ўзнаўлення поўнай карціны з усімі дэталямі. Выйсцем з’яўляецца абгрунтаванае выкарыстанне аналагаў, якіх багата ў еўрапейскай архітэктуры, прадыктаванае звычайнай логікай і мастацкім густам дзеля стварэння завершанага вобразу. Таму гэты мастацкі праект лепш акрэсліваць як навукова-папулярны.

«З тэхналагічнага пункту гледжання традыцыйна сцэны з замкамі адбудоўваюцца ў некалькіх трохмерных праграмах і пралічваюцца (візуалізуюцца) на некалькіх кампутарах. Цяпер з засваеннем тэхналогіяў віртуальнай рэальнасці шмат чаго прыходзіцца вывучаць дадаткова, у некаторых выпадках нават дыаметральна супрацьлеглае папярэднім ведам і навыкам. А з-за таго, што тэхналогія дастаткова новая, на яе даволі мала інструкцый і навучальных матар’ялаў, прыходзіцца перыядычна вучыцца «метадам спроб і памылак». Але, як гаварыцца, усё яшчэ наперадзе: напачатку дапрацаваць сайт праекта vkl3d.com, які страціў тэхналагічную актуальнасць з-за рэзкага састарэння тэхналогіі Flash.

У творчых планах – аднаўленне замка «Белый Ковель», для якога цяпер збіраем інфармацыю. Зразумела, вельмі вітаецца ды чакаецца дапамога ад экспертаў і зацікаўленых. У рамках тэхналагічнага развіцця вядзецца праца па пераходу на іншую платформу, якая дасць магчымасьць дынамічнага прадстаўленьня, а ў бліжэйшай будучыні – і інтэрактыўнага ўдзелу гледача», – распавёў у час прэзентацыі аўтар VKL3D.

Праект VKL3D будзе знаходзіцца ў межах пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, а таму магчымасць наглядна ўявіць веліч эпохі 15-17 стагоддзя змогуць усе жадаючыя у любы час.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *