У Барунах прайшоў дзень сельсавета

Местное управление Общество

Дзень сельсавета, які прайшоў у мінулую сераду ў Барунах, па сваім фармаце адрозніваўся ад традыцыйных нарад з аб’ездам населеных пунктаў сельсаветаў і наведваннем аб’ектаў інфраструктуры. На гэты раз пасяджэнне прайшло ў форме справаздачы служб райвыканкама і арганізацый раёна перад мясцовымі жыхарамі.

IMG_0776

У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, арганізацый раёна, у тым ліку размешчаных на тэрыторыі сельсавета, дэпутаты Барунскага сельскага Савета дэпутатаў, старасты вёсак. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч пасля абвяшчэння праграмы нарады і прадстаўлення яе ўдзельнікаў прапанаваў мясцовым жыхарам задаваць пытанні выступоўцам, выказваць свае меркаванні і прапановы па паляпшэнні работы тых ці іншых службаў раёна.

Аб стане работы па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў на тэрыторыі Барунскага сельсавета давёў інфармацыю часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка РАУС Дзмітрый Вінцкоўскі. Выступоўца адзначыў, што за першае паўгоддзе ў Барунскім сельсавеце назіраецца павелічэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў, аднак усе яны раскрыты. Нядаўна прызначаны ўчастковы інспектар міліцыі Іван Канцавы сваю работу на падведамаснай тэрыторыі арганізуе разам з іншымі суб’ектамі прафілактыкі і акцэнт у сваёй дзейнасці робіць на змяншэнне колькасці крадзяжоў, прафілактыку правапарушэнняў сярод падлеткаў і ў сферы сямейна-бытавых зносін. Сярод праблем, якія востра стаяць сёння ў сельскай мясцовасці, была названа алкагалізацыя насельніцтва, распаўсюджанне самагонаварэння. Па дадзеных раённай бальніцы на ўліку ў урача-нарколага стаіць 58 жыхароў сельсавета, з іх 5 — жанчыны. Практыка сведчыць аб тым, што значная колькасць правапарушэнняў адбываецца грамадзянамі менавіта ў стане алкагольнага ап’янення. Алкаголь часта прыводзіць да трагедый: людзі гінуць у дарожна-транспартных здарэннях, у агні, пры іншых абставінах. Такія выпадкі былі зафіксаваны і на тэрыторыі Барунскага сельсавета. У маі ў ДТЗ загінула маладая жанчына: за рулём аўтамабіля знаходзіўся п’яны кіроўца.

IMG_0788

Як паведаміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Горбач, з пачатку года ў раёне адбылося 20 пажараў, адзін чалавек загінуў. Тры пажары былі зафіксаваны ў Барунскім сельсавеце: у Біюцішках, Барунах і Сідляроўшчыне. У 80 працэнтах выпадкаў усіх пажараў, што адбываюцца ў краіне, да ўзгарання прыводзіць неасцярожнае абыходжанне з агнём. Для папярэджання пажараў супрацоўнікі РАНС разам з членамі аглядавых камісій праводзяць падворныя абходы домаўладанняў вяскоўцаў, ладзяць прафілактычныя мерапрыемствы ў вучнёўскіх і працоўных калектывах. Каб пазбегнуць пажараў, Андрэй Горбач прапанаваў грамадзянам набыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі: гэта недарагая рэч у выпадку ўзгарання дапаможа ўратаваць жыццё і зберагчы маёмасць.

Справаздачу перад мясцовымі жыхарамі трымалі дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Белянкоў, выконваючая абавязкі дырэктара УП «Ашмяны — быт» Ала Апанасік, начальнік раённага вузла паштовай сувязі Клемянціна Дробыш. Што тычыцца паштовых паслуг, аказваемых насельніцтву, то, нягледзячы на тое, што зачынены аддзяленні ў Гінеўцах і Гарэцкаўшчыне, работнікі пошты знаходзяць магчымасць аказваць свае паслугі ў поўнай меры з дапамогай спецыялізаванага аўтамабіля і мотарызаваным спосабам. Своечасова дастаўляецца вяскоўцам пенсія, а таксама перыядычныя выданні. На апошнія, дарэчы, мясцовае насельніцтва вельмі добра падпісваюцца (каля 50 выданняў на сто чалавек).

У размове пра медыцынскае абслугоўванне галоўны ўрач раённай бальніцы Уладзімір Кунц звярнуў увагу на такі момант, як праходжанне флюраграфічнага абследавання. Жыхары сельсавета не вельмі актыўна праходзяць гэту працэдуру, а між тым колькасць захворванняў на туберкулёз у раёне і ў цэлым па рэспубліцы мае тэндэнцыю да павелічэння. Як станоўчы момант, галоўны урач адзначыў адказнае стаўленне да работы спецыялістаў Барунскай амбулаторыі і фапа ў Гарэцкаўшчыне, аб чым сведчыць значная колькасць падзяк у адрас медыкаў ад мясцовых жыхароў.

Начальнік Ашмянскага ўчастка ДРБУ-159 г. Астраўца Віталь Салкевіч давёў інфармацыю аб будаўніцтве ўчастка дарогі Ашмяны — Баруны да в. Пятровічы і завяршэнні ў жніўні капітальнага рамонту маста праз рэчку Слабодку. Да канца года ў аграгарадку будзе пастаўлены аўтапавільён, таксама запланаваны рамонт часткі дарогі праз Гінеўцы. Вяскоўцы звярнулі ўвагу на недастатковую ўвагу арганізацыі да дарогі Гальшаны — Бенюны — Семернікі: яе неабходна часцей грэйдзіраваць.

Разгорнутую інфармацыю аб арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама садзенічанні занятасці непрацуючых грамадзян данесла да месцічаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Галіна Яшына. Што тычыцца працаўладкавання, то служба занятасці вышэйузгаданага ўпраўлення прапануе розныя варыянты пошуку рабочага месца, сярод якіх навучанне беспрацоўных новым спецыяльнасцям, а таксама выдача бязвыплатнай субсідыі на адкрыццё ўласнай справы.

Мясцовыя жыхары маглі задаць свае пытанні як у прысутнасці ўсёй аўдыторыі, так і ў прыватнай гутарцы са спецыялістам патрэбнай службы.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *