Ветэрану з Гейстун Ашмянскага раёна — 100 год

Культура

Гартаючы свой рабочы блакнот, натрапіла на запіс: “Шчасце, як горы, бывае высокiм i нiзенькiм; шчасце, як дзень i ноч, бывае кароткiм i доўгiм; шчасце, як вясёлка, бывае розных колераў… I толькi з гадамi разумееш, дапінаеш усiмi клетачкамi, што дарэмна разгадваў рэбус пра шчасце. Яно — вакол нас. У кожным новым днi. У кожным удары сэрца…”

Чамусьці не занатавала, хто аўтар гэтых радкоў. Не буду губляцца ў здагадках, каб не памыліцца, ды гэта не так і важна. Якое гэта шчасце — навучыць сябе шчыра радавацца таму, што ты жывеш, дыхаеш. Як важна адчуць, што ты патрэбен камусьцi. Жыццё — гэта вялікі дар.

Думкі змянялі адна адну, раіліся ў галаве, падступала хваляванне ад таго, што ўсяго праз некалькі хвілін сустрэнуся з героем свайго чарговага артыкула. Звілістая гравійная дарога, уздоўж якой параслі не толькі дрэвы, але і непралазныя хмызнякі і такія ж высокія, здранцвелыя ад таго, што ніхто не косіць, травы, прывяла нас у Гейстуны — да хаты ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Іосіфавіча Прыгодскага, якому гэтымі ліпеньскімі днямі спаўняецца ні многа ні мала – сто год!

IMG_0729

Перад паездкай патэлефанавалі дачцэ юбіляра Ірыне, распыталі, як знайсці дом, у якім яны жывуць. “Хату нашу знайсці лёгка, — адказала гаспадыня. — Спусціцеся ўніз па вуліцы, а там і наша сядзіба – пафарбаваная ў зялёны колер, і плот такі ж – зялёны, альтанка бэзавая з жоўтым у глыбіні двара”.

Гейстуны сустрэлі нас бусліным клёкатам. Два маладзенькія буслы, што стаялі ў гняздзе на электрычным слупе, ужо гатовы былі ўзняцца на крыло, каб азнаёміцца з наваколлем. Пра размеранае вясковае жыццё засведчылі дзве кабеты, якія прыселі адпачыць і абмяняцца мясцовымі навінамі на лаўцы пад плотам. А вось і зялёная хата. Аднак не гэта кінулася адразу ж у вочы. Да ярка-зялёнага колеру шчодра былі падмешаны іншыя фарбы. Двор патанаў у кветках. У вясковыя палісады ўжо даўно прыйшлі з горада ружы і клямацісы, розных гатункаў і колераў ліліі. Добра ім тут жывецца на свежым вясковым паветры, настоеным на водары траў, і на ўрадлівай тлустай зямлі, якую хоць на хлеб намазвай. Прывольна ў двары Прыгодскіх жывецца і ластаўкам. Уся сцяна цаглянай веранды аблеплена гнёздамі, з якіх, як толькі мама-ластаўка прылятае са здабычай, вытыркаюцца чорна-белыя спрытныя галоўкі.

— Я можа і спарола б гэтыя гнёзды, але ўмяшаўся муж, — кажа Ірына Іосіфаўна. – Хай сабе ціўкаюць, хіба ж я супраць. У нас заўсёды гадавалася жыўнасць: каровы, свінні, конь. Тата жывёлу любіць, нікому не дасць у крыўду ні свойскую, ні дзікую. Да нядаўняга часу быў у нас кот – татаў любімец. Дык ён, нават калі я раззлуюся і не пускаю ў хату, на паўсагнутых лапах прабіраўся да бацькі ў пакой і толькі там адчуваў сябе ў поўнай бяспецы. Як толькі тата сядаў есці, кот запрыгваў яму на калені, вадзіў па носе хвастом, а ён на гэта нават і не зважаў.

IMG_0725

Іосіф Іосіфавіч Прыгодскі гасцей не чакаў, хаця адразу ж запрасіў нас прайсці ў светлы і ўтульны пакой, які запоўніўся яго па-дзіцячы шчырай і бясхітраснай усмешкай. Ён зусім не выглядае на сто год і нават сам дзівіцца таму, што дажыў да такога сталага веку.

— Мая мама Караліна пражыла 91 год, а тату я і не памятаю, — прызнаецца Іосіф Іосіфавіч. — Ён пайшоў з жыцця, калі мне было толькі два гады. Дзякаваць Богу, хаджу яшчэ на сваіх нагах, пры памяці. Калі літары не надта дробныя, то чытаю без акуляраў. Толькі са слухам не вельмі, таму гаварыце мне громка і не зусім хутка.

Відавочна, што ўсё, што з намі адбываецца, ужо з кімсьці было. Аднак нават агульную падзею, што выпадае на долю мільёнаў людзей, кожны ўспрымае па-свойму. І памяць аб ёй у кожнага свая, асаблівая.

IMG_0721

Бываючы штогод на мерапрыемствах, прысвечаных гераічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны, не раз лавіла сябе на думцы, што ветэраны – вяскоўцы, асабліва тыя, хто працаваў пасля ў калгасе і не меў ніякіх пасад, абдзелены ўвагай. Яны, не прывыкшыя весці размовы, сціплыя і ціхія, нават папрасіць саромеюцца тое, што ім патрабуецца. Перад дзіцячай аўдыторыяй яны часта пасуюць, губляюцца. І зусім не таму, што няма чаго сказаць. Можа, яны і не ўмеюць сказаць прыгожа, але часцей за ўсё лічаць гэта нейкім выхваленнем. Для іх успаміны пра вайну не толькі горыч і боль, але і частка жыцця, доступ у якую яны могуць дазволіць толькі сабе. Таму, у большасці сваёй, яны не маюць узнагарод за “актыўны удзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення”, званняў накшталт “ганаровы грамадзянін горада”, нават у апошні шлях яны часта адыходзяць без “узнёслых пахавальных прамоў і аркестраў”. Ціха, гэтак як і жылі.

Іосіф Іосіфавіч Прыгодскі пра вайну расказваць не любіць. Ні сваім родным, ні тым больш чужым людзям. Аднак ад мінулага нікуды не падзенешся. Калі глядзіш на былое з вышыні пражытых гадоў, яно – не ў туманнай далечыні, а зусім блізка. Амаль на адлегласці дыхання. Як быццам учора ператварылася ў сёння.

На вайну Іосіф быў прызваны ў канцы 1944 года. Радавы 7-га асобнага матарызаванага інжынерна-сапёрнага батальёна Войска польскага размініраваў дарогі, узводзіў пантонныя масты і пераправы праз Віслу. Прайшоў праз усю Польшчу і частку Германіі. З вайны дабраўся дамоў ажно ў 1946 годзе: са сваім вайсковым падраздзяленнем вызваляў ад мінаў тэрыторыю Польшчы. Іосіф вярнуўся на Радзіму з цвёрдым намерам забраць маці і разам паехаць жыць на польскія землі.

Немагчыма было перадаць пачуцці жанчыны падчас той сустрэчы – хоць адзін сын вярнуўся жывым. Старэйшага, Часлава, які быў прызваны ў войска ў 1939 годзе, яна чакала да апошніх дзён свайго жыцця. Не верыла інфармацыі, што на самым пачатку Другой сусветнай вайны ён трапіў у палон, а пасля прапаў без вестак.

Таму, што планаваў Іосіф, не суджана было збыцца. Лёс павёў яго іншым шляхам, аб якім наш герой зусім не шкадуе. За плячамі Іосіфа Іосіфавіча Прыгодскага вялікае жыццё. Як слаўна азірнуцца на свае сто год са спакойным сумленнем! Таму што пражыты яны дастойна. Ніколі не шукаў ён лёгкіх шляхоў. Не спрабаваў схавацца ад небяспекі. Калі яму даручалі цяжкую працу, ён не пытаўся: “Навошта, чаму я павінен гэта рабіць?” – а проста выконваў яе. Таму што трэба. І для гэтага “трэба” Іосіф Іосіфавіч працаваў, не шкадуючы сябе. Не думаў пра адпачынак, тым больш – пра ўзнагароды.

Сваё працоўнае жыццё ён прысвяціў роднай зямлі. На працягу 28 год хадзіў на паляводства: спачатку ў калгас імя Кірава, імя Сталіна, затым – у саўгас “Гальшаны”, апошнімі гадамі — ў саўгас “Баруны”. Яго старанныя рукі знаходзілі прымяненне ў калгаснай кузні, на вясковых палетках, дзе ён шчыраваў на трактары, на ферме ў Гейстунах, дзе даглядаў цялят.

Зямля, якая падарыла яму жыццё, лечыць яго без лекаў, дае моцы і сілы радавацца кожнаму дню. Штораніцы Іосіф Іосіфавіч імкнецца на вуліцу, каб палюбавацца, як хораша цвіце на сотках бульба – добры сёлета будзе ўраджай. Падзівіцца на грады: спраўныя гаспадары яго дзеці – дачка Ірына і зяць Франц – абрабляюць зямлю, як належыць. Шкада толькі, што ў гэтым годзе не будзе ўраджаю на прышчэпленых ім яблыньках белага наліву. Цешыцца яго сэрца тым, што буслы не абмінулі Гейстуны і ў гэтым годзе. Часта прыязджае ў госці яго адзіны ўнук Косця з сям’ёй, падрастаюць праўнукі. Пад настрой бярэ ветэран у рукі раённую газету – трэба ж ведаць, што там робіцца ў Ашмянах і навакольных вёсках, чым жыве мясцовая гаспадарка. У дзяцінстве ён скончыў 4 класы польскай мясцовай школы, навучыўся чытаць і пісаць па-польску, а як ужо пайшла ў школу Ірына, то навучыла бацьку грамаце на рускай і беларускай мовах. Яшчэ па-за той год ездзіў Іосіф Іосіфавіч самастойна ў горад, у касцёл, у магазін па сваіх справах. Зараз больш глядзіць святую імшу па тэлевізары. Падабаецца яму і перадача “Поле чудес”. З цікавасцю глядзіць парад у Дзень Рэспублікі, а вось фільмы ваенныя выклікаюць адмоўныя пачуцці – ненатуральнае там усё, непраўдзівае, надуманае, так не было на вайне. Хіба што “Тры танкісты і сабака” гатоў ён глядзець некалькі разоў запар.

У мінулым годзе, якраз на Дзень Перамогі, ветэран трапіў у бальніцу. Жыццё тады знаходзілася на валаску. Выбару не было: трэба аперыравацца, аднак у 99 год гэта вялікая рызыка. Хірург Юрый Янушка і яго калегі, а таксама клапатлівыя медсястрычкі зрабілі немагчымае і хутка паставілі ветэрана на ногі. Так што, можна лічыць, што летась Іосіф Іосіфавіч нарадзіўся наноў.

Парой далягае плячо. Яго Юзюк выбіў яшчэ ў дзяцінстве: зваліўся з тарпы, калі клаў з бацькам сена. Лячыўся хлопец ажно ў Вільні. І неяк боль адступіла, хаця часцей за работай не было часу звяртаць на гэта ўвагі. Толькі цяпер, калі дачка адбірае ў яго касу — сорамна, што скажуць людзі — , ён пачынае прыслухоўвацца да сваіх балячак.

27 ліпеня ветэран адзначыць сто год. Ён зусім не шкадуе аб пражытых гадах. Хіба толькі аб тым, што гэтую значную дату не раздзеліць з ім яго Юзэфа – сонейка сямейнага жыцця, памерла жонка яшчэ ў 2001 годзе. Але ж побач з ім яго радня.

Адзін мудрэц сказаў, што смерці няма. І ведаеце чаму? Таму што пакуль мы жывём, яе і на самой справе няма. А калі яна прыйдзе, то нас ужо не будзе. Аднак усё значна прасцей. Чалавек паўтараецца ў сваіх нашчадках. Ён жыве, пакуль жыве аб ім памяць – сярод знаёмых і незнаёмых людзей, тых, з кім ён быў побач. Чалавек жыве, пакуль жывуць яго справы.

— Мне за маё жыццё не сорамна, — ціха адказаў ветэран і шчыра ўсміхнуўся на развітанне. На спінцы крэсла застаўся сціпла ляжаць яго святочны пінжак з узнагародамі: ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, бронзавым “Крыжам заслугі”, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За Одэр, Нісу і Балтыку”… Ён так і не прывык да касцюма.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *