Творчы вечар Алы Клемянок адбыўся ў Ашмянскай бібліятэцы

Культура

Што значыць паэзія для Алы Клемянок? Жыццё. Уцёкі ад самотнасці. Падарожжа ўглыб сябе. Гармонія. Вольнасць. Музыка душы… Бадай, так, але наўрад ці магчыма ёй, як творчай асобе, адказаць на гэта пытанне так, каб задаволіць і сябе, і чытача. Для мяне ж паэзія смаргонскай паэткі, як лекі, што стаяць на паліцы і чакаюць свайго часу. Калі згасаюць спадзяванні, “патухаюць у вачах іскрынкі раю”, калі сэрцам завалодвае адчай, рука мімаволі цягнецца да яе зборнікаў: “Яны не ведалі мяне”, “Бывай, Альба Рутэнія”, “Рэфлексіі”, “Не пускайце ў сэрца адзіноту”. Праглынеш адну, другую, трэцюю старонку яе “выратавальнай мікстуры” і не заўважыш, як ужо дайшоў да апошняй, як адступіў боль: “Усё пяшчотней хочацца любіць і верыць, што дабро кіруе светам…”. Дзіўна, аднак падчас чытання вершаў Алы Клемянок ловіш сябе на думцы, што піша яна нібыта пра цябе, прабіраецца табе ў душу, крадзе твае думкі, паглыбляецца ў твае страхі і шкадаванні. Яе паэзія простая і блізкая любому, хто цягнецца да вершаў. І менавіта праз гэтую прастату і даступнасць выражаецца глыбіня і дасканаласць кожнага ўдумлівага, аднак такога лёгкага для ўспрымання радка.

IMG_8892

Неяк на самым пачатку тады яшчэ хісткага паэтычнага шляху Ала звярнулася за парадай да свайго калегі Міхася Казлоўскага, ці варта ёй прадаўжаць пісаць, і пачула столькі цёплых слоў у падтрымку, што не стала больш сумнявацца ў сваім зямным прызначэнні:

Місія мая на гэтым свеце –

звязам быць у ланцужку жыцця,

і служу я не высокай мэце,

я — вышыняў сціплае дзіця.

Я – зямное пераўвасабленне

мар, памылак і надзей Тварца,

ёсць інтрыга ў маім з’яўленні,

у маіх пакутах без канца,

у настойлівым супрацьстаянні

сквапнасці і хцівасці зямной.

Божа, дай мне сіл на пакаянне,

задаволь любовію Сваёй.

З 2003 года Ала Клемянок з’яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Часта выступае ў вучнёўскіх калектывах, адгукаецца на запрашэнні ўстаноў культуры, прымае ўдзел у творчых мерапрыемствах, якія ладзіць Саюз пісьменнікаў.

На мінулым тыдні Ала Клемянок стала госцяй творчага клуба “Сустрэчы” пры Ашмянскай раённай бібліятэцы. Прыехала яна не адна, а са сваёй сяброўкай, нашай зямлячкай Таццянай Кляшчонак, перакладчыцай, краязнаўцам, дзякуючы якой адкрылася шмат цікавых старонак з біяграфіі і творчасці выбітных асоб нашага краю.

IMG_8905

Завочнае знаёмства з Алай Клемянок для многіх сяброў творчай суполкі пры бібліятэцы адбылося раней, так як зборнікі яе паэзіі карыстаюцца попытам сярод ашмянскіх чытачоў. Таму многім было цікава не толькі сустрэцца з паэткай, але і пачуць яе вершы, даведацца пра жыццё і творчыя планы. Ашмянцам Ала вядома перш як аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі, аднак ёсць яшчэ і журналіст Ала Страшынская, якая працуе ў смаргонскай раённай газеце. А пачыналася працоўная біяграфія Алы Клемянок з радыёзавода “Спадарожнік” у Маладзечне. Прыйшлося ёй на некаторы час авалодаць нават прафесіяй бібліятэкара. З 1995 года Ала жыве ў Смаргоні, працуе загадчыкам аддзела культуры, маралі і права мясцовай газеты “Светлы шлях”. Яна бязмерна любіць сваю работу, людзей, якія становяцца героямі яе артыкулаў, якія шануюць родны край і ганарацца сваімі каранямі:

Цудоўнае слова – “газетчык”!

Яно архаізмам не будзе;

патрэбен грамадству разведчык,

патрэбны цікаўныя людзі.

І хоць інтэрнэт сваю сетку

над светам развесіў спакусна,

але на сялянскіх палетках

агентаў зліпаюцца вусны…

Ала Клемянок любіць падарожнічаць. Вандроўкі па слынных мясцінах і маляўнічых кутках Беларусі служаць крыніцай для натхнення. Вершы, напісаныя пад уздзеяннем атрыманых у вандроўках эмоцый, папаўняюць агульную скарбонку культурных набыткаў. Лёгкая на пад’ем, Ала не раз прымала ўдзел у міжнароднай воднай экспедыцыі па маршруце графа Тышкевіча. Яшчэ не перажыты да канца эмоцыі ад падарожжа ў Францыю, у горад Пуацье, дзе знайшоў апошні спачын сакратар Міхала Клеафаса Агінскага, выдавец, гісторык, “наш чалавек у Парыжы” Леанард Ходзька. Далучаючыся да багатай спадчыны нашага слыннага земляка Агінскага, яна здзейсніла сваю даўнюю мару – пабывала ў Парыжы: прайшлася па вулачках Манмартра, укленчыла пад высокімі скляпеннямі Нотр-Дам дэ Пары, узнялася да вышыні птушынага палёту на Тур Эфель, замілавана ўглядалася ў шэдэўры Луўра.

Шмат эмоцый выклікаюць у яе вандроўкі да пані Варшавы і мілай сэрцу Вільні:

Надыхацца Вільняй,

Укленчыць ля брамы,

Ад Віліі сіняй

Спяшацца да Ганны…

Падчас творчай сустрэчы ўсе, хто завітаў на цёплае і душэўнае спатканне, адкрылі для сябе яшчэ адну грань асобы Алы Клемянок: галоўнае, дзеля чаго мы прыходзім у гэты свет, — быць незамяняльным звязам у ланцужку жыцця.

— Мая сям’я і ёсць тыя людзі, якія мяне натхняюць і якія, па-сутнасці, з’яўляюцца для мяне галоўнай жыццёвай матывацыяй, — лічыць Ала. — Сапраўды, чаго варты ўсе нашы дасягненні, калі няма да каго прытуліцца, няма з кім падзяліцца сваімі радасцямі і нягодамі, а ў шэрагу будняў акрамя працоўных і творчых перамог няма таго, што называюць сямейным дабрабытам. Пад дабрабытам я маю на ўвазе не столькі дастатак у матэрыяльным плане, як душэўны камфорт у акружэнні родных людзей.

IMG_8934

Ала Клемянок – шматдзетная мама. У яе чацвёра сыноў. Старэйшы Антон працуе журналістам. Ягор – магістр гісторыі. Яўген – будучы рэферэнт-перакладчык. Малодшы Арсень – навучэнец прафесійна-тэхнічнага ліцэя. У сям’і Ягора і Таццяны летась нарадзілася дачка Алеся.

Размова з Алай была шчодра перасыпана паэзіяй і музыкай. Разам з ёй спявала і Таццяна Кляшчонак. Дарэчы, Таццяна Іванаўна, расказала аб выніках вандроўкі ў французскі Пуацье і прачытала вершы ўдзельнікаў падарожжа.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся абмен уражаннямі. Удзельнікі мерапрыемства былі ў захапленні ад вершаў Алы Клемянок, шчыра прызнаваліся, што яе творчасць сапраўдная, бо кранае душу, змяняе свет да лепшага, што кожны яе верш, як падарунак, жадалі плёну і натхнення… Ашмянцы мелі магчымасць атрымаць зборнік вершаў з аўтографам аўтара, задаць госці пытанні. За гэты невялікі адрэзак часу за акном некалькі разоў змянялася надвор’е: ліў дождж, выглядвала сонца, набягалі пухнатыя шэрыя хмары. Аднак гэта высветлілася апасля, бо ўсе знаходзіліся ў другім вымярэнні, імя якому Паэзія:

Мой палац Паэзіяй завецца,

тут лячу душу сваю і сэрца,

чэрпаю натхненне тут і сілы,

зажыўляю раненыя крылы,

тут сяброў і аднадумцаў маю,

разам з імі край свой услаўляю…

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *