У чым сакрэт прыцягальнасці Ашмянскага краю?

События

Летапіс Ашмянскага краю багаты на гістарычныя падзеі. Тут жывуць і працуюць добразычлівыя і руплівыя людзі. Сюды едуць цэлыя дэлегацыі, наведваюцца турысты, журналісты, гісторыкі, дзеячы навукі і культуры. Цікавасць да рэгіёна з кожным годам узрастае. Ашмянская зямля ўнікальна не толькі сваёй гістарычнай спадчынай, але і адметна ў сучасных дасягненнях прамысловасці і сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, аховы здароўя і адукацыі, культуры і спорту. Тут дыхаецца лёгка, і ад поглядаў людзей адчуваеш сябе надзвычай утульна.

Фото Светланы Муцянской
Фото Светланы Муцянской

У чым жа сакрэт прыцягальнасці? Наша Ашмяншчына ўвабрала ў сябе разнастайны калейдаскоп гістарычных падзей. Першы раз Ашмяны ўзгадваюцца ў 1341 годзе ў «Хроніцы Быхаўца» як крэпасць вялікіх князёў літоўскіх. Традыцыі складваліся стагоддзямі, па зярнятку збіралася вялікая духоўнасць. Мастак і філосаф Мікалай Рэрых калісьці казаў: «Са старажытных цудоўных камянёў складваюцца прыступкі будучыні». Дарэчы, назва Ашмяны ў перакладзе з літоўскай мовы і азначае «камяні.»

Пачынаючы з 2006 года, у мястэчку Гальшаны праводзяцца Міжнародныя гальшанскія чытанні. І ў гэтым жа годзе быў адкрыты камень-помнік у гонар славутай князёўны Соф’і Гальшанскай. Гэта супадзенне, скажа нехта. Але гэта далёка не так. Рашэнне аб правядзенні ў Гальшанах першай міжнароднай навуковай канферэнцыі супала з Годам маці, які быў аб’яўлены ў Беларусі, а гэта і падштурхнула да ідэі — ушанаваць памяць аб слыннай зямлячцы, маці трох каралёў. Знайшлі мясцовы камень-валун, а скульптар Аляксандр Крахалёў зрабіў барэльеф з надпісам: «Соф’і Гальшанскай — дачцэ зямлі беларускай, родапачынальніцы дынастыі Ягелонаў». Цяпер штогод ладзяцца Гальшанскія чытанні, у якіх удзельнічаюць вучоныя з розных краін свету. За межамі Беларусі вядомы фестываль «Гальшанскі замак» з яго рыцарскімі турнірамі. Дзяржавай выдаткоўваюцца сродкі на работы ў замку Сапегаў, вядомым як Гальшанскі. Вабіць да сябе замак. Прыцягвае наведвальнікаў касцёл Св. Яна Хрысціцеля. У Гальшанах працавалі таленавітыя мастакі — Напалеон Орда, Фердынанд Рушчыц, Язэп Драздовіч. А непадалёку, у Свята-Георгіеўскай царкве, пабудаванай у 1901 годзе, захоўваецца часцінка мошчаў святой Юліаніі Гальшанскай, якая лічыцца апякункай моладзі. Прыцягальны паданні даўніны Гальшан. Падчас будаўніцтва кляштара францысканцаў ніяк не ўдавалася ўзвесці адну з яго сцен. Здавалася, быццам нейкая злая сіла перашкаджае. І тады, згодна з язычніцкім абрадам, будаўнікі вырашылі прынесці ў ахвяру адну з жонак, якая першай сюды прыйдзе. А першай прыйшла маладая прыгажуня, якая несла мужу есці. Вось яе жывую і замуравалі. У канцы 20 стагоддзя падчас рэстаўрацыйных работ у падзямеллі кляштара знайшлі шкілет, як было ўстаноўлена экспертызай, жаночы. З таго часу ў кляштары пачаў з’яўляцца сілуэт Белай Пані…

IMG_3735

У мясцовай бібліятэцы створаны віртуальны музей Дугі Струвэ. Трэба нагадаць, што дуга зрабіла магчымым дакладнае вызначэнне памераў і формы Зямлі, праходзіць праз 10 краін і налічвае 258 геадэзічных пунктаў, адзін з якіх знаходзіцца ў нас, на Ашмяншчыне, ля вёскі Цюпішкі.

Навуковыя чытанні, сустрэчы на разнастайных узроўнях, творчыя мерапрыемствы, у рамках якіх ашмянцы імкнуцца пазіцыяніраваць свае гістарычныя і знакамітыя мясціны, помнікі архітэктуры і мастацтва, могуць даць свой плён і прынесці прыбытак, а для найбольш прадпрымальных людзей стаць крыніцай для арганізацыі турыстычнай індустрыі.

У нас што ні весачка — то гісторыя. Як жа не пабываць у Жупранах, дзе пахаваны паэт-дэмакрат IMG_3450Францішак Багушэвіч, ці ў Бянюнах, дзе правёў дзіцячыя гады мастак Юльян Карчэўскі. На кальчунскай зямлі знаходзіўся маёнтак малодшага з братоў Снядэцкіх, вядомых навукоўцаў і асветнікаў. У Мураванай Ашмянцы пражываў вядомы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Крыштаф Монвід Дарагастайскі, аўтар шырока вядомай кнігі «Гіпіка, альбо Кніга пра коней», многія старонкі якой былі напісаны ў мураванаашмянкоўскім маёнтку. Вёска Паляны — радзіма Чэслава Янкоўскага, гісторыка, краязнаўца, журналіста, пісьменніка, аўтара чатырохтомнай працы «Ашмянскі павет». Матэрыялы да гісторыі зямлі і людзей».

Недалёка ад Барун, у маёнтку Балванішкі (цяпер вёска Зялёны Бор Барунскага сельсавета), нарадзіўся Зыгмунт Мінейка — ваенны інжынер, будаўнік, вучоны, публіцыст, рэпарцёр першых Алімпійскіх гульняў у Афінах у 1896 годзе, ганаровы грамадзянін Грэцыі, а на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета па дарозе на Мінск можна знайсці «Нявесцін камень» і наведаць тэрыторыю, дзе размяшчаліся ўладанні графа Чапскага. Уражваюць сваёй стройнасцю храмы і архітэктурныя ансамблі.

Спалучэнне мінулага і сучаснага накладае своеасаблівы адбітак на ўзаемаадносіны і ўвогуле на стыль жыцця жыхароў раёна. Ашмянцам ёсць што прапанаваць турыстычнаму рынку, дзе ўсё больш папулярным становіцца каларыт мясцовага значэння з самымі рознымі інтарэсамі.

Ганна ДАВІДОВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *