Праект у Мураванай Ашмянцы завяршыўся святам народнай культуры “Землякі”

Культура Местное управление

Праект «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак «КУТ», які на працягу года рэалізоўваўся на тэрыторыі Мураванаашмянкоўскага сельсавета, завяршыўся святам народнай культуры пад назвай “Землякі”. У суботу ў клубе аграгарадка было шматлюдна, як ніколі. Месцічы накіраваліся ў цэнтр культурнага жыцця вёскі не толькі каб пабачыць канцэртную праграму лепшых калектываў раёна, але, найперш, каб парадавацца за жыхароў сельсавета, якія прымалі актыўны ўдзел у ажыццяўленні праекта і сталі праваднікамі ў свет карысных ідэй. Дарэчы, пладамі гэтай дзейнасці змогуць карыстацца ўсе.

IMG_6836

IMG_6838

IMG_6842

У будынку, дзе размяшчаецца бібліятэка, з’явіўся музейны пакой. Тут сабраны звесткі пра нашага выбітнага суайчынніка, які пакінуў значны след у гісторыі Беларусі – вялікага маршалка літоўскага, палітыка і дыпламата, складальніка дапаможнiка па конегадоўлi «Гіпіка, альбо Кніга пра коней” Крыштафа Монвіда Дарагастайскага. Для юных жыхароў сельсавета абсталяваны цэнтр творчасці, дзе пад кіраўніцтвам дарослых дзеці змогуць навучыцца шыць, працаваць з саломкай, асвояць тэхніку пескаграфіі і аквагрыму, у вольны час будуць маляваць, выпальваць узоры на драўляных паверхнях, гуляць у шашкі і шахматы. У скверы паблізу школы з’явіліся лаўкі для адпачынку. Пры мясцовай бібліятэцы створаны сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, для якога закуплены стэнды, ноўтбук, тэлевізар, тры веласіпеды (для дзяцей-валанцёраў, якія будуць аказваць дапамогу бібліятэкару) і электронны танометр. Для тэатралізаваных прадстаўленняў пашыты два касцюмы гістарычных персанажаў.

IMG_6850

IMG_6855

IMG_6879

IMG_6890

IMG_6903

IMG_6912

— На красавіцкім пасяджэнні аблвыканкама губернатар падкрэсліў, што развіццё аграгарадкоў, забеспячэнне дастойных умоў жыцця на вёсцы – адна з важнейшых задач, якія стаяць сёння перад мясцовымі органамі ўлады. Шмат увагі павінна быць скіравана на патрэбы і клопаты вяскоўцаў, — адзначыла ў сваім выступленні на свяце намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч.- Менавіта такія праекты, адзін з якіх завяршыўся на тэрыторыі Мураванаашмянкоўскага сельсавета, садзейнічаюць развіццю аграгарадкоў. Яны не толькі паляпшаюць матэрыяльную базу сацыяльных устаноў на вёсцы, але і спрыяюць развіццю турыстычных магчымасцяў рэгіёну. Створаны ў Мураванай Ашмянцы цэнтр дзіцячай творчасці будзе садзейнічаць развіцццю здольнасцей дзяцей, тут яны будуць заняты карыснай справай пасля заняткаў у школе і на канікулах.

Праект гэты стаў пераможцам у конкурсе міні-праектаў ТАНДЭМ — III, фінансуемых на тэрыторыі Беларусі ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У выніку ён быў адобраны Еўракамісіяй у намінацыі «Партнёрства паміж мясцовымі ініцыятывамі і ўладай».

IMG_6924

IMG_6937

IMG_6952

IMG_6964

IMG_6968

— Я вельмі задаволены рэзультатамі работы, праведзенай па праекце, — падзяліўся сваімі ўражаннямі старшыня праўлення асветніцкага грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” Міраслаў Кабаса, які быў запрошаны на свята ў якасці ганаровага госця. – Гэта ўжо чацвёртая ініцыятыва на Ашмяншчыне, якая рэалізуецца пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, работнікаў раённай бібліятэкі і мясцовай улады. Сёння вопыт ашмянцаў пераймаюць у рэспубліцы, а турыстычныя аб’екты — пункт геадэзічнай Дугі Струвэ і Нявесцін камень – садзейнічаюць прытоку турыстаў у рэгіён. Праект «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак «КУТ» ажыццяўляецца на тэрыторыі раёна ў другі раз. І ў Кальчунскім сельсавеце, і ў Мураванаашмянкоўскім ён не толькі палепшыў матэрыяльную базу бібліятэк, але і актывізаваў жыццё сельскіх жыхароў.

IMG_6977

IMG_6980

IMG_6995

IMG_6998

Ажыццяўленнем ініцыятывы ў Мураванай Ашмянцы займаліся кіраўнік сельскага клуба Аліна Лыскойць, якая выступіла каардынатарам праекта, бібліятэкар Таццяна Ціхановіч, старшыня сельвыканкама Галіна Каспяровіч, старасты вёсак і неабыякавыя і актыўныя жыхары сельсавета. Неаднаразова на свяце ўзгадваліся прозвішчы людзей, якія займаліся напісаннем праекта: гэта дырэктар Ашмянскай раённай бібліятэкі Марына Белавус і метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Жылік. Ініцыятыва праектнай дзейнасці сярод устаноў культуры належыць былому начальніку аддзела культуры райвыканкама Галіне Балінскай.

IMG_7005

IMG_7013

IMG_7064

На рэалізацыю праекта было прадугледжана 10900 долараў (9900 долараў выдаткавана Еўрасаюзам, 1000 — бюджэтныя сродкі раёна). Гэтыя грошы пайшлі не толькі на набыццё вышэйпералічанага абсталявання і рэалізацыю добрых спраў, але і на заахвочванне пераможцаў конкурсаў “Лепшы гаспадар” і “Замалёўкі з вандроўкі”.

— Праект паказаў, што людзі самі могуць палепшыць сваё жыццё, — падкрэсліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнік праекта Людміла Каханоўская. – Паглядзіце, як ажывіліся мясцовыя жыхары падчас рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Людзі зрабілі карысную справу, а сёння атрымліваюць за яе заслужаныя ўзнагароды.

У конкурсе “Лепшы гаспадар” дыпломамі і падарункамі адзначаны Генрык Курпіцкі, Яніна Маркоўская, якія атрымалі ў падарунак дачныя тачкі і садовыя апырсквальнікі, Франц Стасюкевіч, Аляксандр Габрыяловіч — мотакосы Eco, Ірына Тамашэвіч — мотакасу Husqvarna.

У конкурсе дзіцячага малюнка дыпломамі і сертыфікатамі адзначаны работы Аляксандра Аўдзейчыка, Віялеты Захаркі (3 месца), Юліі Сямёнавас (2 месца), Кацярыны Малышкі, Карыны Гіруць (1 месца). Дыпломам узнагароджаны настаўнік Мураванаашмянкоўскага ВПК, мастак Сяргей Савасцінкевіч.

За ўдзел у конкурсе “Добрая справа” дыпломы ўручаны Таццяне Ціхановіч (за стварэнне музейнага пакоя), Марыне Саковіч (за цэнтр творчасці), Уладзіславу Каспяровічу (за зону адпачынку).

Шыкоўным падарункам для мясцовых жыхароў стаў канцэрт, у якім прынялі ўдзел фальклорная група Мураванаашмянкоўскага сельскага клуба, народныя калектывы “Крыніцы” (раённы цэнтр культуры), “Жытніца” (Кракоўскі аддзел культуры і вольнага часу), “Граўжанцы” (Граўжышкоўскі аддзел культуры і вольнага часу), “Джана Рома” (раённы цэнтр культуры), вакальны ансамбль “Сустрэча” (Будзёнаўскі сельскі клуб) і народны ансамбль народнай песні “Хутарок” са Смаргоні. У фае клуба была арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці народных умельцаў раёна і аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры в. Паляны. Запрашала павучыцца ткаць на кроснах Святлана Сярпейка (ткацкі станок быў набыты падчас ажыццяўлення праекта ў Кальчунскім сельсавеце).

Раздолле на свяце было дзецям. Яны не толькі ласаваліся салодкай ватай і папкорнам, але і праяўлялі актыўнасць у толькі што адкрытым цэнтры творчасці, нават спрабавалі намаляваць карціны пяском. Час ад часу заглядвалі ў залу, дзе ішоў канцэрт, уважліва слухалі вядучых Валянціну Горыд і Таццяну Казак, Вяскоўца (Дзяніс Шукеловіч) і Натхненне (Виолетта Суровец).

Дарослыя цікавіліся музейным пакоем. Мажліва, праект стане штуршком у паглыбленні ведаў пра нашага слыннага суайчынніка, які, дарэчы, пахаваны на нашай зямлі. Крыштаф Монвід Дарагастайскі пакінуў нам сваю кнігу. Яна пачынаецца словамі, над сэнсам якіх трэба задумацца ўсім нам:»Шмат умець, багата ведаць, шмат разумець — гэтыя якасці, ласкавы чытач, не толькі вялікае ўпрыгожанне для кожнага чалавека, але і галоўная прычына добрай славы і прыязнасці ў людзей. Але ж змяшчаць усё гэта ў сабе, ані з кім не дзяліцца дарамі, якія маеш, — прыносіць гэтулькі ж карысці, як месяц, зацемнены сонцам, або сонца — месяцам. Бо чалавек павінен жыць не сам дзеля сябе, але найперш на хвалу Найвышэйшаму Богу, чыіх рук ён стварэнне, потым дзеля сваёй Айчыны, а нарэшце і дзеля бліжняга свайго, прыстаўленага для аднолькавых з ім прац і аднолькавых спраў».

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *