Абдымаю і кланяюся

Главное

У маёй любай сястры  Дануты Іосіфаўны Гайдукевіч, якая жыве ў Шчапанавічах, узрост ужо паважаны, нават сталы. І сваё сямідзесяціпяцігоддзе яна адзначыла 16 сакавіка. А мне помніцца яна маладой – высокай, стройнай, з  пышна-русымі валасамі і прывабнай усмешкай на твары. Больш за ўсё зачароўваў яе голас – ціхі, ласкавы, які лашчыў слых кожнага, да каго яна звярталася. Гады жыцця зрабілі адбітак на знешнасці. Ды толькі не змяніўся ніколькі, як мне здаецца, колер яе па-ранейшаму выразных блакітных вачэй, усмешка засталася такой жа добразычлівай, а голас лагодным.

У маёй сястры вялікая сям’я: пяцёра дзяцей, дзесяць унукаў, падрастае праўнучак. З розных куткоў краіны і нават замежжа злятаюцца дзеці ў бацькоўскую хату: двое сыноў з Вільні, адна дачка з Маладзечна, другая  з Іўеўскага раёна, а самы часты госць – малодшанькі Віцечка спяшае да бацькаў з Граўжышак. Як не прыехаць да матулі на свята, дзе так цёпла і ўтульна,  так прыемна пахне пірагамі і сырадоем. Сын Гена, прыязджаючы дадому з Вільні, прызнаецца, што няма нічога  смачнейшага, чым маміны бліны з верашчакай. А дачка Аня так тлумачыць свой прыезд на кожныя выхадныя: “Я не магу не прыехаць, бо мама ў акне ўсе вочы прагледзіць”.

У кожнага з дзяцей свая сям’я, свае клопаты, але яны заўсёды падтрымліваюць адно адного. Кватэру Дане дапамагалі абстаўляць браты і сёстры. Уменню падтрымаць і дапамагчы яны вучыліся ад бацькоў. У будаўніцтве хаты малодшаму Віцю найбольш дапамагаў сам бацька. Ды і зараз маці кожную нядзелю вязе ўнукам ласункі, купляе падарункі. У яе хаце заўсёды згода і дабрыня, таму што ад яе ніколі не пачуеш павышанага голасу, а тым больш крыку.

Калі  майго швагра Івана прааперыравалі ў Гродне, дзеці ні на дзень не пакідалі яго аднаго, пакуль ён не паправіўся. Такой жа увагай і клопатам ахіналі дзеці і сястру, калі яна лячылася спачатку ў Ашмянах, а потым у Мінску.

Для мяне яна, старэйшая на шаснаццаць год, была як другая маці. З пятага класа я жыла ў яе, каб быць бліжэй да школы. Пазней стала настаўніцай, ізноў яна прыняла мяне пад свой дах. І кожную раніцу ўсім нам хапала гарачых блінкоў з маслам, а на зіму ўсе мелі вязаныя рукавічкі і шкарпэткі. А перад святам мая Дануся бралася за швейную машынку, каб пашыць усім абноўкі. Я хадзіла дзяўчынай на танцы ва ўборах, пашытых рукамі маёй сястрычкі. Колькі працы пазналі яе рукі! Яны жалі жыта і рвалі лён, пралі воўну і ткалі прыгожыя посцілкі, вышывалі сурвэты. І разам з тым пяшчотна гладзілі дзіцячыя галоўкі, выціралі слёзкі з вачэй у дачушак і бласлаўлялі сыноў на службу ў арміі.

Яна і цяпер не сядзіць склаўшы рукі. Разам з мужам даглядае кароўку, свінак, курэй, працуе ў агародзе і садзе.

Два гады таму назад  дарагія мне людзі справілі сваё залатое вяселле. Шмат пражыта, многае перажыта… Але не страчана цікавасць да жыцця, павага да людзей. Да іх у лазню ходзяць не толькі сваякі, але і суседзі, і аднавяскоўцы. І на ўсіх хапае і цяпла, і дабра, і духмянай гарбаты.

Ад усёй душы віншую цябе, мая мілая адзіная сястрычка, з юбілеем. Моцнага табе здароўя, спакою і ладу ў сям’і, светлага вясновага настрою. Няхай яшчэ доўга-доўга свецяцца вокны вашай хаты, заклікаючы прызыўна на агеньчык.

Ядвіга ЧАПЛІНСКАЯ

і ўся мая сям’я.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *