II Міжнародны конкурс мастацтваў «Зорныя кветкi — 2017»

Культура

II Міжнародны конкурс мастацтваў «Зорныя кветкi — 2017» сабраў у Мінску больш за 400 адораных дзяцей з Беларусі і 15 замежных краін. Творчы форум, асноўная задача якога заключаецца ў развіцці сяброўскіх сувязей і творчых кантактаў паміж дзецьмі і моладдзю розных краін, праходзіў у межах святкавання мерапрыемстваў да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Дэпартамент знешнеэканамічных і міжнародных сувязей Масквы, культурна-дзелавы цэнтр “Дом Масквы ў Мінску” і музычна-адукацыйны цэнтр Наталлі Скапец. Аб высокім узроўні арганізацыі мерапрыемства засведчыў і склад шаноўнага журы, сярод якога мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Віктар Бабарыкін, дзеячы мастацтва Расіі і Эстоніі.

3

Выхаванцы Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў вярнуліся з конкурсу з заслужанымі ўзнагародамі. Дыпломам лаўрэата III cтупені ўзнагароджаны ўзорны інструментальны ансамбль “Мелодыка”, якім кіруе Наталля Каспяровіч (канцэртмайстар Вікторыя Пагода). У склад творчага калектыву ўваходзіць шэсць удзельнікаў розных аддзяленяў школы ва ўзросце ад 10 да 15 год, якім падуладны рознапланавы рэпертуар: ад апрацовак беларускіх і рускіх народных песень да твораў замежных аўтараў у эстраднай апрцоўцы. Ансамбль актыўна ўдзельнічае ў творчых конкурсах рознага ўзроўню і адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.

Дыплом II ступені атрымала Вольга Астаневіч, вучаніца па класе цымбалаў (настаўніца Наталля Трот, канцэртмайстар Вікторыя Пагода). Дзяўчынцы вельмі падабаецца прымаць удзел у разнастайных творчых мерапрыемствах і канцэртах. З вялікім задавальненнем яна адпраўляецца на конкурсы і заўсёды атрымлівае асалоду ад выступлення на сцэне. Цымбалістка неаднаразова станавілася лаўрэатам і дыпламантам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Ганарацца Вольгай яе бацькі Данута Францаўна і Уладзімір Станіслававіч і робяць усё неабходнае, каб развіць здольнасці дачкі і дапамагчы з арганізацыяй паездкі на конкурсы.

Стараннасць і ўседлівасць, а таксама вялікае жаданне стаць сапраўдным музыкантам-віртуозам дапамагаюць юнаму баяністу Максіму Яскелю ў дасягненні пастаўленай мэты. Разам з настаўніцай Інай Мікалаеўнай Гайдукевіч, а таксама бацькамі Аленай Вайцехаўнай і Іванам Віктаравічам, якія не толькі падтрымліваюць сына ў мастацкім захапленні, але дапамагаюць фінансава падчас выезду на конкурсы, хлопчык набывае пэўны вопыт і ўдасканальвае навыкі ігры на баяне. “Зорныя кветкі” прынеслі Максіму дыплом за ўдзел у конкурсе.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *