«Тыдзень лесу» на Ашмяншчыне

События

У пачатку красавіка ў нашай краіне стартаваў “Тыдзень лесу”. У гэтым годзе яго галоўная мэта — аднаўленне ўгоддзяў, якія пацярпелі ад ліпеньскіх ураганаў. Дарэчы, леташняя стыхія ўсяго за лічаныя хвіліны знішчыла больш за 15 тысяч гектараў лесу. У першы красавіцкі тыдзень многія беларусы прынялі ўдзел у добрай справе — азеляненні роднага краю. Традыцыйна да акцыі далучыліся лясныя гаспадаркі Ашмянскага раёна.

tty

Каб даведацца аб тым, як праходзіць сёлетні “Тыдзень лесу”, мы завіталі ў Будзёнаўскае лясніцтва да ляснічага Мікалая Дурко.

— Смаргонскую лясную гаспадарку ліпеньскія ўраганы абмінулі, найбольш пацярпелі Смалявіцкая і Чэрвеньская, — адзначае Мікалай Віктаравіч. – Мы не маглі застацца ў баку і выязджалі ў гэтыя раёны для пасадкі лесу.

IMG_5690

Ляснічы расказаў, што ў Будзёнаўскім лясніцтве  план пасадкі дрэў невялікі – усяго 50 гектараў. Новыя культуры будуць высаджаны на тэрыторыі Будзёнаўскай гаспадаркі – гэта Каменналогскі, Мураванаашмянкоўскі і Крэйванцаўскі сельскія Саветы. У гэтым годзе новае “месца прапіскі” знойдуць шматлікія саджанцы елкі, бярозы і вольхі чорнай. Дарэчы, драўніна апошняй карыстаецца вялікім попытам на мэблевых фабрыках і ў сталярных майстэрняў.

Штогод у “Тыдні лесу” прымаюць удзел людзі розных прафесій і ўзростаў. Вялікую падтрымку лесаводам аказваюць школьнікі, студэнты, маладзёжныя арганізацыі і грамадскія аб’яднанні. Сёлета Будзёнаўскае лясніцтва, як і кожны год, падрыхтавала спецыяльныя аб’екты, на якіх добраахвотнікі маглі пасадзіць дрэвы, добраўпарадкаваць тэрыторыю і ачысціць лес.

Разам з майстрам лясной гаспадаркі Станіславам Зарэцкім мы адправіліся  ў вёску Лапейкі. На вялікім лясным участку працуюць ляснікі Віктар Вінцаловіч, Пётр Сінкевіч і Павел Мігун. Спрытна, па-майстэрску леснікі высаджваюць кожнае дрэва.

Не першы год вучні Цудзенішскага і Мураванаашмянкоўскага ВПК робяць важкі ўклад у аднаўленне лясных масіваў. Станіслаў Зарэцкі расказаў, што ўдзел у акцыі дапамагае школьнікам бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй лесніка і даведацца, як ствараюцца новыя лясы і колькі намаганняў прыкладаецца для падтрымання іх чысціні і здароўя.

DSC07992

Не засталося ў баку ад правядзення рэспубліканскай акцыі Гальшанскае лясніцтва. У заключны суботні дзень акцыі “зялёнае пасланне” будучым пакаленням пакінулі добраахвотныя памочнікі – паляўнічыя егерскага абхода №4 з егерам Іванам Іванавічам Кунютам. Разам з ляснікамі Гальшанскага лясніцтва Сяргеем Гайдукевічам і Сяргеем Гардзеем на ўчастку каля помніка археалогіі – гальшанскага гарадзішча — яны высадзілі мноства елак.

Прыняць удзел у акцыі дружны мужчынскі калектыў вырашыў сам: яны патэлефаналі ў лясгас і прапанавалі дапамогу. Некаторыя паляўнічыя  прыйшлі не адныя, а са сваімі сынамі.

DSC07983

Са сваім участкам удзельнікі акцыі справіліся хутка, бо работа і адпачынак у іх заўсёды праходзіць дружна і арганізавана. Канешне, як і ў кожным калектыве, у паляўнічых егерскага абхода №4 ёсць свае традыцыі: адкрыццё і закрыццё сезона, сумесная вячэра пасля паспяховага палявання. Працоўныя моманты таксама вырашаюць разам у  паляўнічай хатцы, якую яны самі адрамантавалі і ўпрыгожылі інтэр’ер не толькі трафеямі, але і сваім настроем, усмешкамі і душэўным цяплом.

Маладыя паляўнічыя Дзмітрый Гайдукевіч і Мікалай Кончыц з упэўненасцю могуць гаварыць, што з трох важных у жыцці любога мужчыны спраў: пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і вырасціць сына, адну важную справу яны ўжо зрабілі!

DSC07987

— Планета павінна быць зялёнай, таму кожны чалавек павінен праявіць ініцыятыву і прыняць удзел у “Тыдні лесу”, — дзеліцца Іван Кунюта. – Прыемна, што  сёння нас сабрала важная справа па захаванні лясных угоддзяў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *