На Ашмяншчыне ужо засеяна 23 працэнты яравых культур

События

Вясна дыктуе тэмп пасяўной кампаніі. Гаспадаркі раёна ўсе без выключэння вядуць работы ў полі. Па інфармацыі дыспетчарскай службы райсельгасхарчу, па стане на 7 красавіка засеяна звыш за 2 тысячы гектараў  яравых культур, што складае 23 працэнты да задання.

IMG_5577

Найбольш высокімі тэмпамі сяўба вядзецца ў «Ашмянскім світанку» і ў эксперыментальнай базе «Баруны», дзе пасеяны 53 працэнты і 35 запланаваных плошчаў адпаведна. Пры аптымальных пагодных умовах пасеяць яравыя культуры зерневых і зернебабовых плануецца за 17 дзён. У бягучым годзе вясенняе яравое поле  раёна складае больш за дзевяць з паловай тысяч гектараў.

Добры старт пасяўной кампаніі далі механізатары  эксперыментальнай базы «Баруны.» Першае ў гэтым годзе насенне яравой пшаніцы паклаў у глебу механізатар гаспадаркі Казімір Барысевіч. «Гэта ўжо адзінаццатая мая механізатарская вясна», — патлумачыў ён падчас нашай кароткай размовы ў полі каля вёскі Трасечаняты. На плошчы 50 гектараў каля гэтага населенага пункта актыўна вялася сяўба яравой пшаніцы. Адначасова ішла падборка камення, культывацыя, адпаведна рыхтавалася глеба і ўносіліся мінеральныя ўгнаенні. Як патлумачыў Яўген Гнаінскі, памочнік загадчыка ўчастка, на адным полі задзейнічана адзінаццаць чалавек. Пакуль рыхтуецца глеба, тры работнікі — Аляксандр Шаверда, Пётр Гіцэвіч, Сяргей Нагель — загружаюць насеннем сеялку. Трактарыст Мікалай Свірыда своечасова дастаўляе яго на палявы стан. Усе, хто задзейнічаны на полі, — мясцовыя паляводы, яны маюць адпаведны вопыт работы, таму разумеюць, што вясенні дзень год корміць. Барунскія сейбіты як вопытныя гаспадары выязджаюць у поле рана і да позняга вечара шчыруюць на палетках. Яны ўскладаюць надзеі на добры сёлетні ўраджай збожжавых. І не без высноў: вясна прыйшла рана, вільгаці дастаткова, ёсць насенне, мінеральныя ўгнаенні, сродкі для аховы раслін. Галоўнае — працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, каб укласціся ў аптымальны тэрмін.

IMG_5587

Па стане на 7 красавіка   барунцы пасеялі 343 гектары яравых культур пры плане 980 гектараў, што складае  35  працэнтаў да задання. Відавочна, што  ў Барунах  маюцца ўсе прадпасылкі для добрага ўраджаю.

Ганна ДАВІДОВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *