Лекцыя-канцэрт «У музыку з радасцю» прайшла ў Цудзенішскай школе

Культура

Музычныя класы дзіцячай школы мастацтваў у вёсцы Цудзенішкі існуюць чацвёрты год. Сёння там спасцігаюць чароўнае, раскрываюць свае здольнасці, іграюць на фартэпіяна, баяне, акардэоне і займаюцца спевамі дваццаць чатыры вучні. Выхаванцы прымаюць удзел у раённых, рэгіянальных і нават рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

У лютым вопытныя настаўнікі  музычных класаў Вольга Чаплінская, Юрый Брашко, Віталь Юрэвіч  і Тамара Ждановіч разам са сваімі вучнямі пачалі музычна-асветніцкую працу ў сельскіх агульнаадукацыйных школах і дзіцячых садках. Першымі на лекцыю-канцэрт «У музыку з радасцю»  трапілі вучні пачатковых класаў Цудзенішскай школы.

w

У другую суботу лютага дзеці дружна сабраліся ў сценах школы, каб паслухаць цудоўны канцэрт не звычайных музыкантаў, а сваіх знаёмых і аднакласнікаў. Вядучая мерапрыемства Тамара Фёдараўна Ждановіч пазнаёміла пачаткоўцаў са школай мастацтваў, расказала аб прадметах, якія там выкладаюць, аб вучнях, музычнай дзейнасці і аб тым, як можна стаць паўнавартасным членам сям’і музыкантаў.

Выдатную ігру на фартэпіяна прадэманстравалі Надзея Пяткевіч, Касандра Багдановіч, Дар’я Савіцкая, Кацярына Макарэвіч, Валерый Гарахоўскі і Алег Лапінскі. Напоўнілі залу гучнымі мелодыямі баяністы Дзмітрый Савіцкі, Інэса Лабачэўская, Яўген Варанецкі, Ягор Фёдараў, Аляксей Чупянкоў, Дамінік Багдановіч. Ярка і насычана гучалі галасы  Дар’і Савіцкай, Віялеты Безушка, Аляксандра Яскеля і дуэта першакласнікаў Надзеі Пяткевіч і Касандры Багдановіч. Не засталіся ў баку і выкладчыкі школы, якія выступілі разам са сваімі выхаванцамі. Дзеці насалоджваліся мелодыяй вальса Віталя Юрэвіча  і сачылі, як хутка яго пальцы заціскаюць клавішы інструмента. Не дзіўна, што пасля мерапрыемства дзеці распытвалі, як навучыцца іграць так па-майстэрску і дасягнуць такога выдатнага ўзроўню ігры на баяне.

Пасля канцэрту настаўнікі навучальнай установы адзначылі, што дзеці адкрыліся з новага боку і не саромеліся вялікай аўдыторыі. А як жа інакш? Юныя зорачкі выступалі ў сценах роднай школы, а сярод гледачоў былі аднакласнікі, настаўнікі і бацькі.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя прайшлі праслухоўванне. Таму ў верасні яны змогуць далучыцца да дружнай сям’і цудзенішскіх музыкантаў.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *