У Ашмянскім музеі працуе выстава Дар’і Сярпейкі «Рукі, якія ствараюць прыгажосць»

Культура

Сярод жыхароў Ашмяншчыны нямала таленавітых людзей. У іх ліку і маладая мастачка, скульптар, фатограф, а найперш — педагог Дар’я Сярпейка.

Img_815557

Яна за кароткі час паспела знайсці сваё месца ў сям’і выкладчыкаў выяўленчага мастацтва. Дар’я Іосіфаўна — настаўнік СШ №2 і выкладчык Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Яе захапленні надзвычай шырокія: заняткі керамікай, графікай, мастацкая фатаграфія. Практычна ўсе яны знайшлі сваё месца на яе першай выставе «Рукі, якія ствараюць прыгажосць». Адкрыццё выставы адбылося 19 студзеня ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча.

На імпрэзе прысутнічалі бацькі, калегі, сябры і вучні Дар’і Іосіфаўны. Са словамі прывітання выступілі начальнік аддзела адукацыі, спорта і турызму Святлана Баркоўская, дырэктар Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Мажэйка і намеснік дырэктара СШ №2 па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Ірына Здзярская. Свае пажаданні і віншаванні выказалі выкладчык школы мастацтваў Валерый Ганевіч, класны кіраўнік СШ №2 Інэса Барысевіч, выкладчык выяўленчага мастацтва Кальчунскай СШ Вольга Навіцкая, а таксама бацькі дэбютанткі і калектыў музея. Акрамя віншаванняў, госці прынеслі ў падарунак кветкі.

Img_81651

Мерапрыемства прайшло ў выглядзе інтэрв’ю з «віноўніцай урачыстасці», якое праводзіла дырэктар музея Настасся Навіцкая. Як расказала Дар’я Сярпейка, зладзіць выставу яна наважылася дзякуючы падтрымцы маці Святланы Юр’еўны. Трэба зазначыць, што і маці мастачкі сябруе з творчасцю, захапляецца паэзіяй і выяўленчым мастацтвам і таму аказвае станоўчы уплыў на творчы рост дачкі.

Гледачы даведаліся, што першыя крокі ў свет мастацтва Дар’я Іосіфаўна пачала рабіць яшчэ ў дзіцячыя гады, калі вучылася ў Кальчунскай сярэдняй школе і Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў. Там яна атрымлівала навыкі малявання, а ў гады навучання ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка ўсур’ёз занялася лепкай з гліны. З удзячнасцю Дар’я Сярпейка ўзгадала імёны сваіх настаўнікаў. Вялікі ўклад у фарміраванне яе асобы аказалі настаўнікі Кальчунскай школы і школы мастацтваў Наталля Буткевіч, Сяргей Хрытонаў, Алена Лобач. Асобная падзяка была адрасавана выкладчыкам педагагічнага ўніверсітэта Камалу Гаджыеву, Марыне і Ірыне Прыймавым.

Img_82507

Як зазначае мастачка, у гліны ёсць свая душа, і не кожны яе від прыдатны для працы. Трэба нямала даведацца і папацець, каб з ліпучага камяка атрымалася нешта сапраўды вартае ўвагі. А вось фота атрымліваецца неяк спантанна, толькі некалькі здымкаў — пастановачныя. Перавага аддаецца чорна-белым фатаграфіям, хоць ёсць і некалькі каляровых. Прычына простая — на чорна-белых фота няма нічога лішняга, што адцягвала б увагу, там, як сказаў нехта, паказаны «колер душы». А сярод творчых планаў і мар, якія б хацела ажыццявіць Дар’я Іосіфаўна, — адлюстраванне пейзажаў на некалькіх сапраўды вялікіх палотнах.

Паралельна з гутаркай настаўніца вяла майстар-клас у тэхніцы васкаграфіі. Таму і яе вучні таксама мелі магчымасць праявіць свае здольнасці.

Як зазначыла, перафразіраваўшы назву выставы, Святлана Баркоўская, «тут бачна душа, якая стварае прыгажосць». І насамрэч, у кожным малюнку, у кожным гліняным цудзе, у кожным фотаздымку адчуваецца не толькі рука, але і сапраўды высокі палёт душы.

Выстава будзе доўжыцца на працягу месяца.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *