У Кальчунах у шосты раз прайші «Сустрэчы ў лістападзе»

Культура

Ізноў Кальчуны паклікалі ў вандроўку. І адразу ж узнікла пытанне: «Што новае пра жыццё і дзейнасць славутага земляка — хіміка і біёлага, медыка, журналіста, педагога Енджэя Снядэцкага падрыхтавала на гэты раз Таццяна Давідовіч — арганізатар і натхняльнік гісторыка-культурнага праекта «Сустрэчы ў лістападзе»? З кім адбудзецца знаёмства? Які цікавы госць завітае ў апошнія дні лістапада на гасцёўню ў Кальчуны, каб далучыцца да шчырага і душэўнага свята, прысвечанага дню нараджэння нашага земляка?

IMG_3957

Традыцыйна пачынаецца свята ўшанаваннем памяці Енджэя Снядэцкага ў Гародніцкай капліцы — сямейнай усыпальніцы Снядэцкіх, дзе пахаваны сын Енджэя Юзаф са сваёй жонкай Антанінай і двума сынамі — Юзафам і Генрыхам. Тут, у капліцы, якая з’яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства, праводзіць урачыстае богаслужэнне ксёндз-пробашч касцёла Святога Міхаіла Арханёла Ян Пузына. На святую імшу збіраюцца не толькі госці, але і мясцовыя жыхары, якія падтрымліваюць у належным стане і зберагаюць для нашчадкаў і капліцу, і помнік на магіле знакамітага вучонага і медыка.

Пасля набажэнства ўсе накіроўваюцца да магілы Снядэцкага, каб ускласці кветкі і запаліць лампадкі, і яшчэ раз узгадаць імя чалавека, для якога наш край быў мілы сэрцу і ў якім ён пажадаў знайсці вечны спачын.

IMG_3971

IMG_3977

IMG_4095

Размова пра вучонага працягваецца ў Кальчунскай школе, дзе напачатку для гасцей удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Сябры музейнай справы» праводзяць экскурсію ў гісторыка-краязнаўчым музеі, а затым запрашаюць наведаць выставу лінгагравюрных копій настаўніцы Ірыны Шаверды пад назвай «Алегорыя мінулага».

IMG_3988

IMG_4002

У актавай зале школы вядучая гасцёўні Таццяна Давідовіч называе прозвішчы гасцей, хаця большасць з іх не мае патрэбы ў прадстаўленні, бо з’яўляецца пастаянным удзельнікам сустрэч. У шосты раз ладзіцца мерапрыемства да дня нараджэння Енджэя Снядэцкага. Напэўна, ні адной сустрэчы не прамінулі старшыня сельвыканкама Лілія Янушкевіч, ксёндз Ян Пузына, дырэктар краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Анастасія Навіцкая, бібліятэкар мясцовай бібліятэкі Алена Шкелда, былы дырэктар школы Антон Шмукста, краязнавец Васіль Юрша, стваральнік польскамоўнага сайта «Ашмяншчына» з польскага горада Быдгошч Міхал Буткевіч, вучні Яшунскай гімназіі імя Міхала Балінскага і дырэктар музея-галерэі Снядэцкіх-Балінскіх Казімеж Карпіч…

З прывітальным словам да людзей, аб’яднаных імем нашага выбітнага земляка, звярнулася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская, якая назвала мерапрыемства ў Кальчунах невыпадковым спатканнем сяброў і аднадумцаў, святам людзей, якія шануюць мінулае і робяць усё неабходнае, каб жыла памяць аб  земляках.

IMG_4025

IMG_4033

IMG_4036

IMG_4038

Дарэчы, аб асобах, якія пакінулі важкі след у гісторыі Гарадзенскага краю, распавёў у сваім выступленні госць «лістападаўскіх сустрэч» — гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Віталь Карнялюк, які завітаў на Ашмяншчыну разам са сваімі студэнтамі. З Гроднам звязана жыццё акадэміка, заснавальніка горназдабываючай прамысловасці ў Расіі, будаўніка Маскоўскага метро Аляксандра Скачынскага, мастака Льва Бакста, апошняга польскага караля Станіслава II Аўгуста Панятоўскага, дырыжора і піяніста Антона Рубенштэйна, пісьменніцы Элізы Ажэшкі, выбітнага інжынера, які ўзвёў мост праз Нёман у Гродне, Анджэя Пшэніцкага. А вось вучні Варнянскай школы, якія ўпершыню прыехалі ў Кальчуны, прэзентавалі ўдзельнікам гасцёўні свой родны край і славутасці, якія размяшчаюцца на гэтай зямлі. Аказваецца, уладальнікам Варнян быў у свой час унук Енджэя Снядэцкага Андрэй. Такім чынам, Снядэцкі ў чарговы раз узвёў той нябачны, аднак вельмі трывалы масток, які злучыў Астравеччыну з Ашмяншчынай, а Кальчуны  — з Варнянамі. Ён заняў дастойнае месца ў галерэі знакамітых асоб, якія наведвалі  і наведваюць зараз Варняны і мясцовую школу. Гэта Адам Мальдзіс, Мікола Мятліцкі, Уладзімір Арлоў, Валянціна Коўтун, Юрка Голуб, Вячаслаў Рагойша, Сяргей Панізнік, Рычард Бялячыц, Ніна Рыбік.

Жаданы госць у Кальчунах Казімеж Карпіч. Для яго наведванне мясцін, звязаных са Снядэцкім, не толькі магчымасць сустрэцца з сябрамі, але і паглыбіць веды пра чалавека, які жыў у Яшунах. Сёння Казімеж Карпіч разам са сваімі аднадумцамі робіць спробу вярнуць палацу Снядэцкіх статус «сямейнага дома». Чым жыве палац, якія мерапрыемствы ладзяцца ў яго сценах, расказаў не толькі дырэктар музея, але і вучні гімназіі імя Міхала Балінскага, якія актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах паэзіі, канцэртах, чытаннях імя Генрыка Сінкевіча, арганізаваных у музеі-галерэі.

IMG_4048

Госцем чарговых лістападаўскіх сустрэч стаў ашмянскі аўтар і выканаўца Валерый Готка — арганізатар арт-клуба «Званы госць». Валерый Георгіевіч расказаў аб прызначэнні праекта і гісторыі яго стварэння, а таксама падарыў удзельнікам гасцёўні некалькі сваіх песень: аб дружбе, каханні, радзіме.

IMG_4061

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі вучні Кальчунскай школы. Увазе гасцей быў прапанаваны ўрывак з п’есы Алеся Дударава «Вечар» у пастаноўцы ўдзельнікаў драматычнага гуртка, а таксама харэаграфічная кампазіцыя.

Фінальным акордам краязнаўчага спаткання стала ўзнагароджанне актыўных удзельнікаў гасцёўні. Стылізаваныя кляновыя лісткі, як неад’емная частка Радзімы, якой  так быў адданы  Енджэй Снядэцкі, разляцеліся ў мясціны, дзе ён пакінуў свае думы і сэрца, пакінуў добрую памяць у выглядзе  сваёй нястомнай працы.

IMG_4078

IMG_4085

IMG_4089

«Каб не знаць адзіноцтва, чалавеку патрэбна Радзіма» — гэта сцвярджэнне  Максіма Танка прывяла на развітанне Таццяна  Давідовіч і пажадала новых адкрыццяў і новых спатканняў… спатканняў у лістападзе.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Відэа Аляксандр НАУМЧЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *