Сапраўдная лесвіца ў нябёсы пабудавана за Гальшанамі

Культура

Перад каталіцкімі могілкамі ўзвышаецца крыж на зямным шары, зробленым з камянёў. Велічная канструкцыя сімвалізуе нараджэнне, доўгае жыццёвае падарожжа, пасля якога мы апынімся на нябёсах. Гэта справа рук неабыякавага чалавека, майстра, пробашча парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, ксяндза Багуслава Вуйтовіча.

IMG_1426

Дарогамі жыцця

Жыццё падобнае да доўгай дарогі. Яно таксама мае пачатак і канец, лесвіцы, на якія трэба падымацца, і прыступкі, з якіх часта даводзіцца падаць. Дарога можа быць заасфальтавана, часам на ёй сустракаюцца лужыны, ямы і выбоіны. Дарога можа змяняцца — нястрымна ляцець да гарызонту, а можа наадварот — віцца ці збочваць да абрыву…

IMG_1394Дарога заўсёды прымушае задумацца — няхай гэта будзе далёкае падарожжа ці звычайнае вяртанне дадому. Здаецца, учора табе было дваццаць, а сёння — далёка за пяцьдзясят. Усё тваё падарожжа ад нараджэння праляцела так хутка, што ты нават не паспеў азірнуцца, падумаць, як шмат ты не зрабіў у жыцці. Вось і зараз ты як быццам сядзіш у аўтобусе, слухаеш музыку і глядзіш у акно, за якім змяняюцца пейзажы. Спачатку лясы, палі, затым невялічкія вёсачкі з драўлянымі хаткамі, вялікія гарады з бетоннымі шматпавярховікамі… Калі ты толькі заплюшчыш вочы, перад табой імкліва пранясуцца яркія насычаныя моманты жыцця… Якія больш ніколі не паўторацца!

Калісьці Максім Багдановіч пісаў: «Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?».  І сапраўды, нібы аблокі на небе, ляціць час, таму кожнаму з нас патрэбна сёння, у гэтую самую хвіліну задумацца аб тым, што мы даўно хацелі зрабіць у жыцці, але баяліся ці адкладвалі на потым. Нам часта не хапае часу спыніцца, падумаць, сказаць нешта важнае дарагім людзям.

Але менавіта ў гэты момант усмешку на твары выклікаюць дзеці, якія каталіся з горкі і ўпалі ў снег, маленькі адбітак рукі на шкле аўтобуса, сабака, які першы раз даў лапу гаспадару, першае «я цябе кахаю», выздараўленне пасля доўгай хваробы, пах бабуліных бліноў… Напэўна, у гэтым і ёсць сапраўднае, поўнае шчасця, жыццё.

Шчасце — гэта калі блізкія людзі здаровыя. Самая вялікая радасць — пачуць  у тэлефоннай трубцы голас роднага чалавека, а яшчэ лепш абняць яго. Неяк становіцца не па сабе, што не паспеў зрабіць, але больш прыкра ад таго, што не змог ці не захацеў. Давайце спынім гэты карагод жыцця і пагрузімся ў роздумы і ўспаміны. Жыццё падобнае на імгненне. І на жаль, гэта імгненне некалі застанецца на помніку адной рыскай паміж датамі жыцця і смерці. Чаму ж мы задумваемся аб гэтым толькі тады, калі на скронях з’яўляюцца срэбныя ніткі сівізны і стрэлку жыццёвага гадзінніка немагчыма перавесці на некалькі дзесяцігоддзяў назад?!

… Шэры лістападаўскі дзень. Буйныя кроплі дажджу б’юцца аб шыбы, разбіваюцца аб парасоны людзей, сцякаюцца ў лужыны-акіяны пад нагамі. Буйныя кроплі дажджу, нібы слёзы, бягуць па  шчоках. Калі глядзіш на гэтыя кроплі, успамінаюцца такія знаёмыя, поўныя спагады і шчырасці, вочы блізкіх, якія, здаецца, нядаўна былі побач.

Кружацца і падаюць на зямлю апошнія восеньскія лісты з дрэў, а мы спяшаемся да месца, якое стала другім і апошнім домам для нашых продкаў. Цішыню тут парушае толькі шум векавых сосен і елак, нагадваючы той боль, які моцна сціскаў сэрца, калі гаспадара дома назаўсёды забіралі з роднага куточка. Сёння ў могілкавай цішыні растварыліся людзі і іх лёсы. Адны пакінулі важны след, другія пайшлі ў нябыт, нехта пражыў да сотні гадоў, нехта загінуў зусім маладым. Але ўсіх зраўняў чарназём і песня зязюлі, якая адкукавала гады жыцця… А яны, нібы жывыя, глядзяць з фотаздымкаў надмагільных камянёў, і іх імёны бясконца пералічвае святар падчас імшы.

З ранейшых часоў людзі верылі, што ў Дзень Усіх Святых душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць іх нашчадкі. Менавіта ў гэты дзень шматлікія вернікі прыходзяць у касцёл, каб памаліцца за душы памерлых родных і блізкіх, наведваюць могілкі, прыносяць свечкі і кветкі, успамінаюць за вячэрай тых, хто адышоў у вечнасць.

Заўсёды ёсць людзі, якія моляцца за тых, каго даўно няма з намі. Завітваюць на забытыя магілы, дзе ад часу сцерліся імёны і прозвішчы на помніках, пахіліліся падгніўшыя крыжы, а сцежкі да іх пазарасталі бур’яном. Прыкра, што на тым свеце пакутуюць людскія душы і чакаюць, калі за іх памоляцца, калі прыбяруць забыты ўзгорачак і запаляць лампадку…

IMG_1404

Наша вялікая сям’я ніколі не забывае пра гэты поўны смутку дзень. На гальшанскім могільніку пахавана шмат родных: мае дзядуля і бабуля Эдмунд і Ядзвіга, яе сястра Тэрэса, прадзеды і прабабулі Іван і Соф’я Амбражэвічы, Алена Бразоўская, дзядзя Зыгмунд, немаўля Алёна. Юнаком загінуў мамін брат Франц. На жаль, мы не ведаем, дзе пахаваны прадзед Іосіф Бразоўскі, —  з Казахстану яго так і не дачакалася жонка і сям’я. Калісьці бабуля Ядзвіга гаварыла, што магілы родных павінны заўсёды быць дагледжанымі, пра іх нельга забываць. А калі такое здарыцца, то не будзе шчасця і ладу ў сям’і. Так яна настаўляла сваіх чатырнаццаць дзяцей, а яны — сваіх дзетак, якія перададуць гэтую ісціну сваім нашчадкам і раскажуць аб дзядах і прадзедах, аб тым, што было наканавана ім лёсам.

У першы лістападаўскі дзень мы будзем доўга ўглядацца ў родныя рысы, якія застылі ў камені. Становіцца горка, што калісьці не шанаваў чалавека пры жыцці, не шкадаваў, не разумеў, і грэе сэрца думка, што любіў гэтага чалавека больш за цэлы свет.

Жыццё памерлых працягваецца ў памяці жывых. Пакуль аб іх помняць, яны жывуць у нашых сэрцах. Яны, як анёлы-ахоўнікі, аберагаюць нас ад бедаў і няшчасцяў.

Нібы знічкі, успыхнуць агеньчыкі свечак на могілках, будуць ускладзены кветкі  —   наша памяць, удзячнасць за сваё жыццё, за любоў, за  ўсё тое, што яны зрабілі для нас.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *