С Днем работников культуры!

События

Іх прызванне — творчасць

9 кастрычніка прадстаўнікі творчай сферы адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў культуры. Хто калісьці выбраў гэту прафесію, аддае ўсе сілы, дорыць свята людзям і душою перажывае за тое, што робіць. І выпадковых людзей тут быць не можа!

Напярэдадні свята мы завіталі да творцаў у аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны. Падымаючыся на другі паверх установы, мы пачулі іх звонкія галасы: спецыялісты абмяркоўвалі будучае выступленне ў Міхайлоўшчынскім клубе-бібліятэцы.

Апошнія гады нязменным застаецца творчы калектыў культурнай установы. Цёплую атмасферу тут ствараюць гукааператар Аляксандр Генадзьевіч Кот, мастацкі кіраўнік Любоў Вацлаваўна Шчарбакова і хормайстар Марына Міхайлаўна Гайдановіч.

IMG_0479

Часта ў аддзеле культуры і вольнага часу адбываюцца сустрэчы з вяскоўцамі — тут арганізавана праца аб’яднанняў па інтарэсах для дзяцей і дарослых. Разам з Марынай Гайдановіч дарослыя вяскоўцы спасцігаюць чароўнае падчас працы гурткоў эстрадных («Пералівы») і народных спеваў («Зараніца»), дзеці займаюцца ў гуртках «Жамчужыны» і «Рамонак».

Любоў Шчарбакова пераважна выкладае ў гуртках харэаграфічнага накірунку — «Мэры Попінс» для маленькіх танцораў і «Фіеста» — для дарослых, а на занятках мастацкага чытання дзеці вучацца асновам тэатральнага мастацтва і рыхтуюцца стаць вядучымі.

Адметнай сярод калектываў можна без сумнення назваць мужчынскую вакальную групу «Землякі», якой кіруе Аляксандр Кот. Заўсёды пасля працоўнага дня спяшаюцца на рэпетыцыі Мікалай Матузевіч, Віктар Трот, Генадзій Чараповіч і Андрэй Сасноўскі.

Асобным і цікавым накірункам, без якога немагчыма ўявіць работу ўстановы культуры, з’яўляецца развіццё аматарскай мастацкай творчасці. На сённяшні дзень у аддзеле дзейнічаюць аб’яднанні для маладых сямей «Лад» і «Пагуляйкі».

Дзеці і дарослыя пасля доўгага працоўнага дня ці заняткаў у школе з задавальненнем наведваюць гурткі. Са сваімі кіраўнікамі яны любяць не толькі спяваць і танцаваць, але проста за кубкам чаю паразмаўляць. Некаторыя загадзя прыходзяць са сваім рэпертуарам, а іх кіраўнікі ўжо вырашаюць, ці можна выконваць гэтыя песні.

У работнікаў культуры не бывае выхадных. Працуюць яны тады, калі ўсе адпачываюць, і часта праводзяць рэпетыцыі познімі вечарамі і ў свой непрацоўны дзень. За падрыхтоўкай кожнага свята ці мерапрыемства стаіць карпатлівая праца ўладароў творчага царства, якія, нягледзячы на цяжкасці, кожны дзень намагаюцца зрабіць святочным і запамінальным. Асабліва шмат клопатаў перад Новым годам, да якога пачынаюць рыхтавацца за некалькі месяцаў, каб стварыць незвычайную праграму. Новы год (як і іншыя святы) заўсёды сустракаюць на працы, але спецыялісты адзначаюць, што апладысменты гледачоў здымаюць увесь цяжар падрыхтоўкі і даюць вялікі штуршок тварыць далей.

Менавіта таму любоў і адданасць сваёй справе называюць прызваннем. Праўда, у кожнага работніка аддзела культуры і вольнага часу свой шлях да прызвання. Гледзячы на гэтых людзей, разумееш, што прафесіі культработніка не навучышся, калі не будзе ў сэрцы творчага запалу… Марына Гайдановіч працуе ў сферы культуры дваццаць пяць гадоў. На працу спецыяліст прыйшла пасля заканчэння Мінскага каледжа мастацтваў (спецыяльнасць — «харавое дырыжыраванне»).

Любоў Шчарбакова пачынала «творчую біяграфію» з пасады акампаніятара, скончыла Гродзенскі каледж мастацтваў па спецыяльнасці «народная творчасць», а з мінулага года працуе мастацкім кіраўніком. Аляксандр Кот таксама скончыў каледж мастацтваў у Гродне, пачынаў працоўную біяграфію ў Гальшанах мастацкім кіраўніком, затым працаваў у Доргішках і Міхайлоўшчыне, з сакавіка мінулага года вярнуўся ў Гальшаны.

Менавіта з прыходам Аляксандра сцены аддзела культуры напоўніліся душэўным, меладычным голасам і з’явілася аб’яднанне «Славянскія напевы». Няхай калектыў існуе нядаўна, але ўжо паспеў заявіць аб сабе. Тры каларытныя галасы вакалістаў — Марыны Гайдановіч, Любові Шчарбаковай і Аляксандра Ката — кранальна перадаюць разнастайную палітру пачуццяў, закладзеную ў самабытных народных і аўтарскіх песнях. З кожным годам музычная скарбонка калектыву папаўняецца новымі творамі. Сёння аснову рэпертуару «Славянскіх напеваў» складаюць народныя беларускія, рускія, украінскія песні. Вялікім поспехам карыстаюцца творы ў эстраднай апрацоўцы. Сярод трыццаці песень гальшанцаў — творы кампазітараў Валерыя Кручкова і Уладзіміра Вольскага, гуртоў «Бяседа» і «Сваякі», але да кожнай кампазіцыі яны дадаюць нешта сваё. Цікава, што настрой і творчае натхненне музыканты бяруць з твораў кубанскага хору.

Кажуць, што песня — аснова жыцця. Шчырую песню са свайго сэрца даносяць адданым гледачам і гальшанцы. Іх нумары заўсёды выдатна падрыхтаваны, таму імправізацыя тут амаль не патрэбна. У «Славянскіх напевах» спяваюць трыа, і дуэтамі, і сольна. Праўда, у чужых сценах культурных устаноў бывае цяжка выступаць — напрыклад, невялічкая сцэна ці не хапае мікрафонаў. Нягледзячы на розныя цяжкасці ў працы, у калектыва заўсёды атрымоўваецца ствараць святочны настрой і выступаць на сцэне суседніх раёнаў — Астравецкага, Смаргонскага, Іўеўскага, Дзятлаўскага, Воранаўскага, куды іх нярэдка запрашаюць.

Падчас аднаго з апошніх канцэртаў у Бакштах (Іўеўскі раён) Марына Гайдановіч страціла голас, але выйшла на сцэну і сольна выканала свой твор. Спецыяліст смяецца і кажа, што сцэна дапамагла адкрыць сябе і знайсці сілы спяваць.

Марына Гайдановіч, Любоў Шчарбакова і Аляксандр Кот амаль адразу змаглі спяваць на адной сцэне, іх галасы гучаць гарманічна, здаецца, яны дапаўняюць адзін аднаго.

— Адзін без аднаго мы ўжо не зможам выйсці на сцэну, — расказвае Марына Гайдановіч. — Кожны з вакалістаў уносіць свой уклад у агульную справу.

Музыканты з усмешкамі на тварах адзначаюць, што самастойна могуць даць канцэртную праграму, якая будзе доўжыцца тры гадзіны. Сакрэт іх поспеху не толькі ў адданасці музыцы, зацікаўленасці ў справе, але яшчэ і ў тым, што яны не бяруць песні, якія першапачаткова ім не падыходзяць.

Кожны дзень установы культуры пачынаецца з «планёркі», на якой яны абмяркоўваюць мерапрыемствы і канцэрты, а пасля пішуць сцэнарыі, збіраюцца на рэпетыцыі, выкладаюць у гуртках ці адпраўляюцца на канцэрты.

Зіма, вясна, лета, восень… Прафесійныя і каляндарныя святы, а значыць, безліч разнастайных мерапрыемстваў. Аб паспяховай працы невялічкага калектыву сведчаць граматы і дыпломы раённых і рэгіянальных конкурсаў і фестываляў. Перад прафесійным святам Марына Міхайлаўна ўспамінае сваіх выхаванцаў, якія ўнеслі важны ўклад у развіццё ўстановы — Інэса Смалонская, Ганна Сабалеўская, Зоя Міклашэўская, Аляксандра Каваліцкая, Ала Яновіч, Анастасія Супрановіч і Анастасія Вінаградава. Спецыяліст расказвае, што амаль усе з іх звязалі сваё жыццё з творчасцю — хто яшчэ наведвае заняткі навучальных устаноў, хто працуе і выступае ў калектывах. Дарэчы, Любоў Шчарбакова таксама наведвала творчыя заняткі Марыны Міхайлаўны, якая змагла прывіць любоў да творчасці.

Іх дзеці выраслі ў аддзеле культуры, тут пачалі спяваць і танцаваць. Змаглі зацікавіць сваіх аднакласнікаў, таму іх клас амаль у поўным складзе наведвае заняткі ў аддзеле культуры.

Дзяўчынкі ўжо могуць пахваліцца першымі поспехамі — дачка Марыны Гайдановіч Марыяна на конкурсе «Вясковы жаваронак», а дачка Любові Шчарбаковай Анастасія на конкурсе «Тэатральны красавік» атрымалі І месца.

Каб прывабіць вяскоўцаў, культработнікі наладзілі цесныя сувязі з бібліятэкай, дзіцячай школай мастацтваў, сельскім Саветам, СВК «Гальшанскі», дзіцячым садком, школьнымі летнікамі падчас вакацый. Дарэчы, сумесна з Ашмянскім краязнаўчым музеем імя Францішка Багушэвіча і турыстычнай фірмай «Белтрэвел» арганізавалі на руінах Гальшанскага замка тэатралізаванае гістарычнае прадстаўленне па матывах легенды «Расповед Соф’і» (у ролі Соф’і Гальшанскай — Марына Гайдановіч, Белая Панна — Любоў Шчарбакова, Чорны Манах — Аляксандр Кот).

Напэўна, асноўнымі складнікамі працы гальшанцаў сталі імкненне да новага, жаданне здзіўляць і захапляць. Вось і сёння ў іх шмат планаў на будучае. Сярод іх — справіць новыя касцюмы для «Славянскіх напеваў» і атрымаць званне «народны».

Напярэдадні прафесійнага свята гальшанцы віншуюць сваіх калегаў са святам, жадаюць ім творчага натхнення, аптымізму і моцнага здароўя. Няхай у сэрцах заўсёды гучыць песня, якая дапамагае жыць і пераадольваць цяжкасці!

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

Не месца красіць чалавека

Гэта пра яе было калісьці сказана: «Знайдзі справу па душы і ты не будзеш працаваць ні аднаго дня». Хаця дакладна і невядома, хто каго знайшоў. У 1993 годзе дахаты да маладой матулі, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, завітала старшыня Гродзіеўскага сельвыканкама Вера Іванаўна Шпак і прапанавала Станіславе Тамашэвіч узначаліць мясцовы клуб.

Дзіўна, але жанчына адразу ж згадзілася. Маючы за плячыма медыцынскую адукацыю і пяць год стажу медыцынскай сястры ў Вільнюскай бальніцы 4-га ўпраўлення Кампартыі Літвы, яна ні хвіліны не вагалася — была ўпэўнена, што ў яе атрымаецца несці культуру ў масы, ладзіць у клубе мерапрыемствы для аднавяскоўцаў, згуртоўваць вакол сябе людзей рознага ўзросту: дзяцей, старых і маладых.

IMG_0399

Дзявочая мара Станіславы Віктараўны ажыццявілася такім вось дзіўным чынам. Яшчэ ў дзяцінстве ёй прарочылі будучыню, звязаную з мастацтвам і харэаграфіяй. Ад работнікаў гэтай галіны ёй не раз паступалі прапановы пасля заканчэння школы падаць дакументы ў інстытут культуры. Аднак аб гэтым нават весці размову было немагчыма. У шматдзетнай сям’і Станіслава была першай памочніцай маці. Старэйшы брат дапамагаў бацьку, а на ёй ляжаў клопат пра малодшых сясцёр і брата. Дый вясковыя жыхары, якія ўсё жыццё аддалі нялёгкай рабоце ў калгасе — Віктар Тамашавіч быў аграномам, значны час загадваў участкам, а ў падпарадкаванні Генуэфы Іванаўны быў склад на мехдвары, — хацелі, каб дачка атрымала больш прыстойную і паважаную прафесію. І калі Станіслава паступіла ў Вільнюскае медыцынскае вучылішча, ганарыліся сваёй дачкой і радаваліся, што яна будзе дапамагаць людзям. А яшчэ яна была зусім побач, магла штотыдзень прыязджаць дамоў. Вядома ж, Каменны Лог, дзе жыла сям’я, быў куды бліжэй да Вільні, чым Мінск.

Вяртанню на радзіму паслужыў развал Савецкага Саюза. К гэтаму часу ў Станіславы Віктараўны ўжо была ўласная сям’я. Нягледзячы на тое, што праца ў бальніцы ёй вельмі падабалася (шкада было пакідаць і дружны калектыў, і ўдзячных пацыентаў), яна разумела, што спакойнай будучыні і ёй самой, і яе дзецям наўрад ці можна чакаць у краіне, якая з кожным днём ад цябе аддаляецца і робіцца чужой.

Жыць з мужам яны сталі ў Гродзях. Станіслава любіла хадзіць у мясцовы клуб. Валодаў ён нейкай магнетычнай сілай. Асабліва падабаліся ёй навагоднія мерапрыемствы. І дзеці, і дарослыя тады рабілі маскі, шылі касцюмы, вадзілі карагоды, удзельнічалі ў гульнях. У клубе жыццё віравала. На танцы адпраўляліся сем’ямі. Поўную залу гледачоў збіралі канцэрты ўдзельнікаў мясцовай мастацкай самадзейнасці.

У размове Станіслава Тамашэвіч адзначыла, што невялічкі гродзіеўскі клуб, які зараз носіць назву аддзел культуры і вольнага часу, і сёння не пустуе. Тут ладзіцца самая масавая дыскатэка ў раёне, на якую прыязджае моладзь ажно з астравецкіх Гервятаў і Рымдзюнаў. Часта наведваюцца аматары паскакаць пад рытмы 80-х са Смаргоні і Іўя. Гэты феномен папулярнасці не можа растлумачыць нават сама гаспадыня клубнай установы. Здаецца і ўмоў адпаведных у клубе няма, а моладзь, дый не толькі (узроставы дыяпазон вагаецца ад 18 да 40) на танцы злятаецца, як мухі на мёд. Невялікая зала нават не можа ўмясціць усіх жадаючых. Даведзены клубнай установе гадавы план пазабюджэтнага заробку выконваецца ў Гродзях яшчэ вясной. І што дзіўна, колькасць  моладзі на дыскатэцы не залежыць нават ад пары года: тлумна тут і летам, і ўзімку. За кошт пазабюджэтных сродкаў нядаўна памянялі электраправодку, набылі новыя спецэфекты для дыскапраграмы, устанавілі камеры відэаназірання. Адно не дае спакою Станіславе Віктараўне, што будынак, у якім размешчаны клуб, не адпавядае аніякім сучасным патрабаванням. Яна па-добраму зайздросціць сваім калегам з аграгарадкоў, дзе створаны належныя ўмовы як для работнікаў, так і для наведвальнікаў клубнай установы.

Аднак Дом культуры ў Гродзях у чарговы раз пацвярджае, што не месца «красіць» чалавека, а чалавек — месца. У адсутнасці належных умоў для працы, малым заробку мы часта хаваем свае ляноту і безыніцыятыўнасць. Станіслава Віктараўна Тамашэвіч ніколі не шукае прычын і вінаватых: яна бярэ і робіць.

— Са мной маім калегам складана, — шчыра прызнаецца яна. — Я «трудаголік», які не церпіць вакол сябе гультаёў. Калі трэба прывесці ў належны стан падлогу ў танцзале, мы ўсе разам збіраемся і яе мыем. Калі трэба падгрэбці лісты — ніякія адгаворкі не прымаюцца. Няхай сабе наш будынак старэнькі, але ніхто не можа даць нам права апускаць рукі і трымаць яго і тэрыторыю навокал у брудзе. Калі неабходна на рабоце быць дапазна, хаця дзень працоўны ўжо скончыўся — значыць, трэба.

Станіслава Віктараўна Тамашэвіч валодае бясцэнным уменнем аб’ядноўваць вакол сябе людзей. Створаная ёй дружная каманда, у якую ўваходзяць не толькі калегі, але і работнікі сельвыканкама, мясцовай гаспадаркі, бібліятэкі і нават школы і дзіцячага садка, якія засталіся пад яе крылом нават пасля свайго закрыцця. Гэта згуртаванне па-ранейшаму прымае настаўнікаў Гродзіеўскай базавай школы, якія сёння працуюць у другіх установах адукацыі раёна, вучняў, якія наведваюць СШ №1. Сябруюць з Гродзіеўскім аддзелам культуры і вольнага часу і ідуць адзін аднаму насустрач адміністрацыя мясцовай гаспадаркі і святары касцёла ў Гудагаі.

— Мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго і дапамагаем — вось і ўвесь сакрэт. Дзеці з задавальненнем прыходзяць на заняткі ва ўзорны драматычны калектыў «Усмешка», створаны пры нашай установе, а іх бацькі дапамагаюць нам у правядзенні дзіцячых ранішнікаў і свят. Дзе сувеніры набудуць, дзе з арганізацыяй салодкага стала падтрымаюць. Трывалыя сувязі ўсталяваліся ў нас з касцёлам, з кіраўніцтвам сельвыканкама. Дружна жывём з калегамі клубных устаноў раёна, настаўнікам адчыненага ў нас філіяла Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Наталляй Генадзьеўнай Амбражэвіч. Мы ўдзячны дырэктару СШ №1 Міхаілу Мар’янавічу Гружэўскаму, які ні разу не супярэчыў і адпускаў нашых дзяцей у «творчыя вандроўкі»: прыходзіцца выязджаць са спектаклямі ў рабочыя дні (пастаноўкі разлічаны на выхаванцаў дзіцячых садкоў).

На запытанне, адкуль Станіслава Віктараўна чэрпае энергію, яна адказала не раздумваючы:

— З работы, якую вельмі люблю, без якой не ўяўляю свайго жыцця. Жадання працаваць надаюць мне шчырыя ўсмешкі вяскоўцаў, якія па-ранейшаму, адкінуўшы штодзённыя клопаты, прыходзяць на мерапрыемствы. Мне хочацца сустракацца са сваімі таленавітымі аднадумцамі і памочніцамі — мастацкім кіраўніком Валянцінай Мечыславаўнай Мікліс і хормайстрам Наталляй Міхайлаўнай Свідрыцкай — і разам ажыццяўляць новыя ідэі і задумкі. Сваё прадаўжэнне я бачу ў таленавітых унучках, Мілане і Яне, якія асвойваюць ігру на цымбалах і скрыпцы і заўсёды прыслухоўваюцца да маіх парад. Я ўдзячна лёсу за сваю прафесію і за людзей, якія мяне акружаюць, робяць маё жыццё насычаным і лепшым. Думаецца, што гэта пачуццё ў нас узаемнае.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *