Навучыліся прафесіі – вучымся кіраваць

Образование События

Кіраўнікі – найбольш каштоўны рэсурс любой сферы. Складана разлічваць на паспяховае плаванне, калі  ля штурвала стаіць нявопытны або маладасведчаны капітан.   Немагчыма дасягнуць высокай эфектыўнасці ў рабоце арганізацыі без кіраўнікоў, якія валодаюць сучаснымі ведамі і навыкамі паспяховага рашэння ўпраўленчых задач.    Таму адным з прыярытэтных накірункаў работы аддзела адукацыі  з’яўляецца  мэтанакіраваная падрыхтоўка маладога рэзерву.  Ужо стала традыцыяй праводзіць вучобу для будучых кіраўнікоў у  разнастайных формах .

У кастрычніку на базе сярэдняй школы №2 прайшоў выніковы семінар-вучоба рэзерву на тэму  “Арганізацыя работы аддзела адукацыі па падбору і расстаноўцы кіруючых кадраў, рабоце з рэзервам кадраў за 2009/2010 навучальны год”. На мерапрыемства былі запрошаны начальнік аддзела адукацыі Н.Г. Кучынская, дырэктары: сярэдняй школы №1 —  М.М. Гружэўскі, сярэдняй школы №2 —  Н.М. Галашэўская, Гальшанскай гімназіі — А.А. Землякова. Арганізатарам і кіраўніком семінара – вучобы выступіла галоўны спецыяліст па рабоце з кадрамі аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама Т.У. Сахарчук.

— Сучасны кіраўнік у сваёй дзейнасці спалучае тры зусім розныя і складаныя накірункі: арганізацыю, кіраванне і ўпраўленне. Паспяховы кіраўнік  — гэта чалавек з  пэўным колам прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў, высокім узроўнем адказнасці не толькі за свае дзеянні, але і за дзеянні сваіх падначаленых, схільны да прыняцця самастойных рашэнняў. Будучае беларускай школы менавіта за такімі кіраўнікамі, — падкрэсліла, адкрываючы семінар, Н.Г. Кучынская.

Паспяхова кіраваць сучаснай школай можа кіраўнік, які сам знаходзіцца ў стане безупыннага самаўдасканальвання, руху наперад, пошуку новых спосабаў уплываць на людзей, захапляць іх справай, свежай ідэяй. Добры кіраўнік можа не толькі прааналізаваць стан кіруемай школы, але і даць аналіз уласнай упраўленчай дзейнасці, вызначыць яе моцныя і слабыя бакі, ацаніць свае прафесійныя і асобасныя якасці, ступень самаарганізацыі.

Вялікай  удачай можна лічыць удзел у рабоце семінара дырэктара сярэдняй школы №1 М.М. Гружэўскага. У сваім выступленні з вопыту работы ” Самаарганізацыя кіраўніка як умова забеспячэння эфектыўнага ўпраўлення педкалектывам”  Міхаіл Мар’янавіч падзяліўся сакрэтамі выхавання самаарганізацыі, што з’яўляецца часткай прафесійнай культуры і кампетэнтнасці кіраўніка.

Мне таксама выпала падзяліцца вопытам работы па тэме: “Дыягностыка прафесійнага майстэрства і творчасці педагогаў як сродак павышэння якасці адукацыі”. Мною былі закрануты пытанні сутнасці педагагічнай дыягностыкі, яе функцыі і прынцыпы, метады. Каштоўнай з практычнага боку была дэманстрацыя дыягнастычных методык з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій, якія я выкарыстоўваю ў сваёй дзейнасці намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.

Абарона правоў і інтарэсаў дзяцей ускладае вялікую адказнасць на ўстановы адукацыі, таму з асаблівай увагай прысутныя ўспрынялі інфармацыю метадыста аддзела адукацыі В.І. Яўташук “Дзейнасць аддзела адукацыі па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей  у неблаганадзейных сем’ях”. Валянціна Іванаўна адказала на шэраг пытанняў, тым самым растлумачыўшы некаторыя палажэнні дакумента.

Другая частка семінара  “Прымяненне інтэрактыўных метадаў у адукацыйным працэсе” прайшла пад дэвізам: “Раскажы мне – і я забуду, пакажы – і я запомню, дай мне дзейнічаць самому – і я зразумею, як” (старажытнакітайская мудрасць). Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №2 А.Н. Пелецкая пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з сэнсам  паняцця “інтэрактыўныя метады”, дзе ключавым словам з’яўляецца  “ўзаемадзеянне”. Рэалізацыя інтэрактыўных метадаў накіравана на змену, удасканаленне мадэлей паводзін, дзейнасці  ўдзельнікаў педагагічнага працэсу.

Як і прадугледжвалася ў дадзенай сітуацыі, прысутныя не маглі застацца пасіўнымі назіральнікамі – ім было прапанавана рэалізаваць метад “Алітэрацыя імені”. Гэта садзейнічала стварэнню добразычлівай атмасферы, устанаўленню камунікацыі, уключэнню ў дзейнасць, арганізацыі мыслядзейнасці.Матэрыял выступлення А.Н. Пелецкай   быў аздоблены фрагментамі відэа-ўрокаў настаўнікаў сярэдняй школы №2 г.Ашмяны (В.П. Ламака, Л.М. Гайдукевіч).  Работа ў групах  дазваляла  ўдзельнікам максімальна праявіць сябе, выказацца, узаемадзейнічаць з калегамі. Сапраўды, арганізатары практычных заняткаў далі магчымасць дзейнічаць, што паспрыяла плённай рабоце. Выбраная форма правядзення вучобы рэзерву апраўдала сябе – гэта было якаснае і  эфектыўнае адукацыйнае мерапрыемства.

Пры падвядзенні вынікаў Т.У.Сахарчук звярнулася да ўдзельнікаў з прапановай запоўніць лісткі зваротнай сувязі: ацаніць работу вучобы рэзерву, выказаць свае прапановы і пажаданні. Актуальным было пытанне: хто здолее ў перспектыве ўзяць на сябе павышаную адказнасць і працаваць на кіруючай пасадзе? Аналіз зваротных лісткоў сувязі дазволіць зрабіць вывады аб колькасці членаў рэзерву, якіх не палохаюць змены, якія імкліва авалодваюць новымі ідэямі і метадамі работы, здольны хутка перастроіцца ў новых умовах і настойліва шукаць шляхі лепшага выканання даручанай справы.

Семінар праходзіў напярэдадні Дня маці, а большасць членаў рэзерву з’яўляюцца матулямі. Вельмі прыемна было пачуць віншаванне з надыходзячым святам з вуснаў дырэктара школы і мамы двух дзетак  Н.М. Галашэўскай. Завяршылася мерапрыемства на высокай лірычнай ноце – песняй-віншаваннем у выкананні вучаніцы СШ №2  Наталлі Філіповіч.

Ірына Якубель, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Барунскага я/с-СШ, член рэзерву 2010 года.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *