Нарыхтоўчы сезон у самым разгары. Чарніцы (1,8 рублёў), лісічкі (4 рублі)

Общество

chernika_kompot_mainХутка скончыцца яшчэ адно шчодрае лета. У агародах і лясах людзі збіраюць багатыя дары сёлятняга ўраджаю. Але варта своечасова паклапаціцца аб іх нарыхтоўцы. Нездарма нашы продкі казалі: “Што летам нарыхтуеш, тое ўзімку скарыстаеш!”. Руплівыя гаспадыні ўжо пачалі варыць сакавітае варэнне і ставіць кампоты, не адпачываюць і на прадпрыемствах грамадскага харчавання.

Начальнік аддзела нарыхтовак Ашмянскага філіалу абласнога спажывецкага таварыства Станіслаў Вікенцьевіч Кількоўскі расказаў, што сёлетні нарыхтоўчы сезон зараз у самым разгары – прадпрыемства актыўна закупляе ў насельніцтва садавіну і гародніну.

Сёння ашмянскі філіал робіць нарыхтоўкі па 18 відах прадукцыі. Гэта не толькі гародніна, бульба, садавіна, ягады, грыбы, жывёлаводчая прадукцыя, але і другасная сыравіна (макулатура, шкло, поліэтылен, лом чорных і каляровых металаў).

-Нарыхтоўка – дадатковая крыніца даходаў людзей, — адзначае Станіслаў Вікенцьевіч. — Большая частка ўсёй прадукцыі закупляецца менавіта ў жыхароў Ашмянскага раёна.

Дарэчы, за шэсць месяцаў спажывецкае таварыства ў тэрмін выплаціла насельніцтву 4,5 мільярда рублёў за сельсгагаспадарчую прадукцыю. Ужо таварыства набыло 25 тон агуркоў, 5 тон памідораў і 3 тоны клубніц.

У ліпені пачалася нарыхтоўка чарніц. У мінулым годзе чарніцы спажывецкае таварыства нарыхтоўвала на экспарт, але  сёлета экспартныя кошты невысокія, таму дары леса рэалізуюцца ў Беларусі.

— Мы прымаем ад насельніцтва чарніцы (1,8 рублёў), лісічкі (4 рублі), а таксама вішню, парэчкі чырвоныя (15 капеек) і чорныя (25 капеек).  Паспяваюць яблыкі, кошт на якія хутка будзе вызначаны, — расказвае начальнік аддзела нарыхтовак  Станіслаў Кількоўскі. – Закупачныя цэны на іх пастаянна змяняюцца і залежаць ад кан’юнктуры рынку. На дадзены момант ужо нарыхтавана больш за 700 кілаграмаў чарніц.

Нарыхтоўшчыкам патрэбна звярнуць увагу на стан садавіны і гародніны, каб яна мела належны таварны выгляд. Аддзел нарыхтовак спажыўтаварыства актыўна супрацоўнічае з фермерскімі гаспадаркамі не толькі Ашмянскага, але і суседніх раёнаў, а таксама закупляе прадукцыю садоў і агародаў прыватных нарыхтоўшчыкаў.

Прадаць лішкі вырашчанага на сваім прысядзібным участку маюць магчымасць як гараджане, так і вясковыя жыхары. Для гэтага патрэбна звярнуцца ў мясцовы магазін, дзе ёсць неабходная інфармацыя, а таксама сачыць за аб’явамі, якія размяшчаюцца ў раённай газеце. У аддаленыя населеныя пункты райспажыўтаварыства спецыяльна накіроўвае транспарт для закупкі сельгассыравіны або дзікарослай прадукцыі. У горадзе працуе база другаснай сыравіны па вуліцы Барунскай, 60.

Памятайце, што прырода шчодра дзеліцца сваімі дарамі з тымі, хто не лянуецца нахіліцца да кожнай ягады, прысесці, каб зрэзаць чарговы грыб. Кожны не проста можа дапамагчы спажывецкаму таварыству ў нарыхтоўцы прадукцыі, а яшчэ і нядрэнна зарабіць.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *