Як у Кальчунах папараць-кветку шукалі

Культура

Некалі вяскоўцы ў купальскую ноч гулялі ля вогнішча, спявалі, пераказвалі легенды пра цуды і заклятыя скарбы. Моладзь скакала праз агонь, сталыя людзі, пераступаючы праз купальскія кветкі, назапашвалі здароўя на ўвесь год. Лічылася, што зёлкі і карэнні, сабраныя перад Купаллем і на Яна, валодаюць лекавымі і гаючымі ўласцівасцямі. Пад раніцу ішлі да возера ці ракі — пускаць вяночкі, купацца. І сустракаць сонца: ці зайграе на шчасце?

IMG_1846

Калі спытаць сярэднестатыстычнага беларуса пра свята сёння, то перш ён узгадае папараць-кветку, якая па легендзе зацвітае менавіта ў купальскую ноч, і ў таго, хто яе адшукае, будзе шчаслівым год. Яшчэ казалі, што чалавек той будзе надзелены чароўнай якасцю разумець голас прыроды.

У дзяцінстве мы часта распытвалі маму, як гэта сонца можа іграць? На поўным сур’ёзе яна нам расказвала, што перад Янам на золку сонца перакочваецца з месца на месца, быццам падскоквае. Аднойчы мы, малыя, нават дачакаліся ўзыходу сонца, аднак так нічога і не заўважылі, нават пакрыўдзіліся на маму, а яна, уздыхнуўшы, сказала: “Нічога дзеткі, не перажывайце, прыйдзе і да вас шчасце”.

Што ж такога міфічнага і прыцягальнага ў гэтым дні? Чаму моладзь кожны год чакала лета, каб адшукаць шчасце пад полагам ночы? Чаму ўлагоджвалі ў гэтыя дні Бога сонца Ярылу? І, наогул, чаму ў нас два Купаллі: у ноч на 24 чэрвеня і з 6 на 7 ліпеня? Каб знайсці адказ на гэтыя пытанні, на мінулым тыдні IMG_1865адправіліся мы са сваёй калегай у Кальчуны. Работнікі мясцовага аддзела культуры і вольнага часу арганізавалі для аднавяскоўцаў свята. Канешне, было яно сучасным. З попкорнам і бульбянымі чыпсамі, якія гатаваліся тут жа – на месцы. З дзіцячымі атракцыёнамі, гандлёвымі палаткамі з паветранымі шарамі і рознымі дзіцячымі забаўкамі. Але ж былі на ім і Бог Ярыла, і Купалінка з Купалічам, і дзяўчаты з вяночкамі танцавалі, і карагоды моладзь ля вогнішча вадзіла. Нават і кветка-папараць згодна са святочным сцэнарыем павінна была адшукацца. Вядучая мерапрыемства Святлана Кагадоўская арганізавала для моладзі розныя гульні-выпрабаванні. Усе ўдзельнікі вясёлых забаў атрымалі пасля дазвол на бясплатны ўваход на дыскатэку. Памочніцы Святланы Валянціна Горыд і Марына Палсцюк весялілі гледачоў анекдотамі, расказвалі розныя байкі і загадвалі загадкі. Бурнымі апладысментамі сустракалі кальчунцы ўдзельнікаў народнага ансамбля сямейнай песні “Граўжанцы” Алену Сальмановіч, Вацлава Сідаровіча і Эдуарда Булкевіча. Шмат прыемных хвілін даставілі гледачам Аліна Кунгурцава, Аксана Юркантовіч, Дмітрый Дзямідаў, Канстанцін Яраш, Валянціна Горыд, Роза Яцуковіч і Святлана Ганусевіч, удзельнікі харэаграфічнага гуртка “Бліскавіца” пры Кальчунскім аддзеле культуры і вольнага адпачынку. Вельмі хвалявалася, але дарэмна, юная жыхарка Кальчун Анжаліка Язель, якая заваражыла ўсіх сваім звонкім голасам.

IMG_1790 IMG_1797 IMG_1806 IMG_1818

Пакуль доўжылася святочная праграма, дзятва стаяла ў чарзе да сваёй зямлячкі Дар’і Сярпейкі. Мастачка старанна вымалёўвала на дзіцячых тварах сапраўдны цуд. У лічаныя хвіліны малышы пры дапамозе спецыяльных фарбаў на воднай аснове станавіліся прынцэсамі, феямі, катамі, піратамі, бэтманамі. Аквагрым хацелася нанесці нават дарослым.

IMG_1826 IMG_1843

Работнікі Кальчунскага аддзела культуры і вольнага часу падарылі аднавяскоўцам сапраўднае свята. Даспадобы яно прыйшлося дзятве. Нават і не верылася, што ў Кальчунах столькі малышоў. Яны па поўнай праграме “раскручвалі” сваіх бацькоў і бабуль на розныя ласункі і цацкі. У перапынках паміж узяццем надзіманай горкі з вясёлым смехам “наразалі” кругі ля святочнай сцэны.

Задаволеныя святочнай праграмай засталіся і людзі сталага ўзросту. Нават з горада і навакольных вёсак тут можна было пабачыць гасцей. Яны з задавальненнем сустрэліся са знаёмымі, паслухалі добрую песню, успомнілі маладосць, калі таксама плялі вянкі і пускалі іх на ваду, пераскоквалі праз вогнішча, адганяючы ад сябе злых духаў і ўсё негатыўнае, што накапілася за год.

IMG_1893 IMG_1924 IMG_1939 IMG_1957

На свяце знайшлі мы адказы на ўсе нашы пытанні. Зразумелі, якое дачыненне да яго мае Ярыла. Усё проста. Купалле ў беларускім народным календары святкавалася ў гонар летняга сонцастаяння. У гэты сонечны перыяд дзень найбольш доўгі, а ноч найбольш кароткая — так нашы продкі вызначалі чароўную ноч. Пасля прыняцця хрысціянства паганскае Купалле было сумешчана з днём Іаана Хрысціцеля (як і большасць хрысціянскіх святаў), таму зараз мы маем свята Івана Купала (Купалле), альбо Іванаў (Янаў) дзень.

IMG_2009 IMG_2015

Чаму ж Купаллi два? Усё ідзе адтуль жа, з хрысціянскай традыцыі ды змены календара. Па адліку каталікоў Янаў дзень святкуецца з 23 на 24 чэрвеня, што максімальна набліжана да дня летняга сонцастаяння. Згодна з календаром праваслаўных свята адбываецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

Безумоўна, у нашы дні рэдка можна пабачыць святкаванне Івана Купала згодна з традыцыямі. Галоўнае помніць: свята адбываецца не навокал, а ў душы. У гэтым і ёсць сэнс усіх абрадавых падзей.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *