Супрацоўніцтва паміж Ашмянамі і Мінскам-Мазавецкім

Трансграничное сотрудничество

Ашмянская дэлегацыя вярнулася з Мінску-Мазавецкага — невялікага горада ва ўсходняй Польшчы. З Мінскім паветам суседняй рэспублікі нас звязваюць трывалыя стасункі. Стараста горада Антоні Ян Тарчыньскі і кіраўнік грамадства па супрацоўніцтве «Усход» Чэслаў Вітальд Гонгаль неаднойчы былі на нашай гасціннай зямлі, удзельнічалі ў «Лістападаўскіх сустрэчах» у Кальчунах, знаёміліся з эканамічным, культурным і турыстычным патэнцыялам рэгіёна. І гэта дало добры плён.

IMG_7246

 

У маі суседзі ў чарговы раз пабывалі ў Ашмянах. Тады разам са старшынёй райвыканкама Міраславам Сарасекам і яго намеснікам Галінай Люткоўскай былі абмеркаваны накірункі супрацоўніцтва, усталявалася цесная сувязь з уладальнікам прадпрыемства Awenta Вальдэмарам Хомкам, які разглядае магчымасці адкрыцця філіяла ў нашым горадзе. Тады ж народны ансамбль народнай песні «Жытніца» атрымаў запрашэнне прыняць удзел у святкаванні Дзён Мінскага павета. Час праляцеў хутка. І вось ужо беларуская дэлегацыя зазбіралася ў Польшчу.

«Калі беларусы пяюць ад душы…»

І хоць паўтысячы кіламетраў — няблізкі свет, з «Жытніцай» у дарозе не знудзішся. Нездарма ж тут кожны — асоба творчая, артыстычная, адкрытая, харызматычная… Калектыў зладжаны, існуе ўжо больш за дваццаць год, у кожнага артыста свая роля, а таму замяніць яго яшчэ трэба пастарацца. Вось яны, таленавітыя ашмянцы – Роза Яцуковіч, Святлана Ганусевіч, Аляксандр Пашкоўскі, Валянціна і Эдуард Горыд, Таццяна Чэрская, Віктар Аленскі, Марыя Горыд, Таццяна Усачова, Наталля Лукашэвіч.

Цёплы гумар, прыгожыя песні, шчырыя ўсмешкі, здавалася, не толькі дапамагаюць незаўважна пераадольваць вялікую адлегласць, але і саграваюць сэрцы. Нават непагадзь, якая разгулялася за акном і ўжо паспела нарабіць шмат шкоды — бярозавыя гаі ля Гродна бы скошаны агромністай нябачнай касой, —  саступіла месца вясёлцы, якая спачатку нясмела, а потым усё ярчэй і ярчэй разгаралася — быццам у адказ на чуллівыя народныя мелодыі, што ліліся з глыбінь душы «жытнёўцаў».  Ведаеце, якую асалоду атрымліваеш ад такіх спеваў, калі бачыш наўкола ўраджайныя палеткі, хлебныя нівы, што нібы ўпіраюцца ў небасхіл. Нават ураган не здольны сапсаваць незвычайна ўзнёслы настрой і гонар за сваю Радзіму і таленавітых суайчыннікаў, якія вось так, забыўшыся на клопаты, стомленасць і розныя недарэчнасці, могуць услаўляць родную старонку. І не таму, што так трэба, а таму, што так спявае душа.

IMG_7352

Шчырасць і шырыню натуры беларусаў адчулі і палякі. Падчас урачыстасці ўдзельнікі ансамбля “Жытніца” ўручылі старасце горада Антоні Яну Тарчыньскаму духмяны каравай, а сваімі песнямі і прыветлівымі ўсмешкамі падзяліліся з усімі ўдзельнікамі свята. Прыемна было бачыць, што рэпертуар нашага калектыву прыйшоўся даспадобы суседзям. Ды і не дзіва! Акрамя вядомых беларускіх народных песень, ашмянцы выканалі некалькі кампазіцый на польскай мове.

Нават тут, за сотні кіламетраў ад роднай зямлі, “жытнёўцы” знайшлі сяброў: пазнаёміліся з мясцовым калектывам “Разам” – агульны фотаздымак папоўніў гастрольны альбом ашмянскага калектыву.

Намеры на супрацоўніцтва

Падчас дзелавой часткі паездкі дэлегацыя з Ашмян пабывала на прадпрыемстве па выпуску вентылятараў, вырабаў з металу і пластмасы. Падчас перагавораў кіраўніка Awenta Вальдэмара Хомкі і намесніка старшыні Ашмянскага райвыканкама Галіны Люткоўскай размова ішла аб наладжванні далейшага супрацоўніцтва. Як адзначыў Вальдэмар Хомка, зараз ён займаецца вывучэннем сітуацыі на еўрапейскім і расійскім рынку, куды пастаўляецца прадукцыя, пралічвае магчымую рызыку. У планах прадпрымальніка — адкрыць філіял на 40-50 працоўных месцаў у нашым горадзе.

IMG_7221

 

Сваімі каардынатамі абмянялася Галіна Люткоўская з польскім фермерам, які займаецца вырошчваннем хвойных дрэў і хмызнякоў. Вялікае ўражанне пакінуў велізарны гадавальнік, які раскінуўся на трыста гектараў. Кожны кавалачак зямлі дагледжаны, да кожнай расліны падведзена вада, прадумана сістэма севазвароту. Па ўсім бачны любоў да сваёй справы, эканамічны разлік і гаспадарлівасць. А яшчэ адкрытасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва.

Галоўным вынікам візіту ашмянскай дэлегацыі ў Мінск-Мазавецкі стала падпісанне пратакола намераў аб супрацоўніцтве паміж Ашмянскім раённым выканаўчым камітэтам Рэспублікі Беларусь і Упраўленнем Мінскага павета Рэспублікі Польшча.

— У рамках дамоўленасці, — расказала Галіна Люткоўская, — плануецца ажыццяўленне агульных праектаў, абмен вопытам, практыкай у галінах эканомікі, самакіравання, адукацыі, культуры і спорту, сацыяльнай падтрымкі і аховы здароўя, турызму, аховы навакольнага асяроддзя, бяспекі, арганізацыі работы грамадскага транспарту і развіцця рынка працы.

Важнай задачай, якая стаіць перад эканомікай краіны, і нашага раёна ў прыватнасці, — заключыла Галіна Станіславаўна, — з’яўляецца дыверсіфікацыя рынкаў сбыта і працаўладкаванне. Менавіта таму мы актыўна  наладжваем дзелавыя стасункі з суседнімі краінамі.

Прыкладам таму стаў і ўдзел у рабоце канферэнцыі — кірмашы вакансій, а таксама наведванне выставы-прэзентацыі эканамічнага патэнцыялу Мінскага павета.

Культурны дэсант

Зразумела, што знаёмства з краем было б няпоўным без экскурсіі па яго наваколлі. Удзельнікаў ансамбля «Жытніца» гасцінна віталі жыхары не толькі Мінска-Мазавецкага, але і суседніх гмінаў, у кожнай з якіх пражывае 6-8 тысяч чалавек. У Сенніцы ашмянцы пабывалі ў мясцовай школе, дзе, дарэчы, яшчэ ідзе навучанне і аб канікулах толькі мараць. Тут для беларусаў правялі экскурсію, паказалі музей. Рэабілітацыйны цэнтр у гміне Мрозы асаблівую цікавасць вызваў ва ўрача Ірыны Еўчыц, якая суправаджала ашмянскую дэлегацыю. Палякі ахвотна падзяліліся вопытам работы па аказанні дапамогі пажылым людзям, пацыентам з захворваннямі органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама пасля аперацый на сэрцы. Гміна Калушын уразіла ашмянцаў развітой спартыўнай базай, кінуліся ў вочы тэнісны корт, валейбольная і футбольная пляцоўкі, сучасны стадыён.

Вельмі карцела нашым землякам пракаціцца на катамаранах, што так і вабілі з берага штучнага вадаёму, але запланаванае выступленне прымусіла паклапаціцца аб уласным здароўі і паберагчы галасавыя звязкі. Аднак хвалявацца з-за нерастрачанай энергіі не прыйшлося: «Жытніцы» прапанавалі паспытаць шчасця на бегавых дарожках. Трэба адзначыць, што некалькі ўдзельнікаў калектыву з лёгкасцю справіліся з дыстанцыяй і атрымалі ў падарунак майкі.

Незвычайную асалоду ў прамым і пераносным сэнсе прынесла наведванне цукярні-кафэ, у якім беларусы змаглі паспытаць розныя віды традыцыйнага польскага цястка. Дарэчы, аб гастранамічных асаблівасцях мясцовай кухні. Ашмянцы змаглі ацаніць і суп з флякамі, і бігас, і славуты смалец, і суп-пюрэ, і канапкі…

На вуліцах горада

Мінск-Мазавецкі — параўнальна невялікае мяста (так сказалі б палякі), тут пражывае крыху больш за трыццаць тысяч чалавек, якія гэтак жа, як і мы, працуюць, адпачываюць, спраўляюць вяселлі і юбілеі, святкуюць Дні горада… і крыху лаюцца (а як жа без гэтага!?). А калі сур’ёзна, то ў Мінску-Мазавецкім кідаецца ў вочы разгалінаваная сетка веласіпедных дарожак і вялікая колькасць веласіпедыстаў рознага ўзросту: дзяцей, моладзі і сталых людзей, якія такім чынам дабіраюцца на работу, едуць у магазін, на спатканне з сябрамі…

— Гэта ж выгадна, танна! — адзначыла гаспадыня атэля, у якім мы спыніліся.

Мяркуйце самі: праезд у гарадскім транспарце каштуе два злотыя, што на нашы — прыкладна дзесяць тысяч. Аўтамабілі, па ўсім бачна, служаць як сродак перамяшчэння, а не як спосаб падкрэсліць свой дастатак: большасць «самаходув» — малалітражныя мадэлі, абслугоўванне якіх патрабуе мінімальных выдаткаў.

WP_20160618_013

Наш візіт у Мінск-Мазавецкі выпаў на выхадныя, якія тут цалкам адпавядаюць сваёй назве. У нядзелю горад спіць, крамы, за выключэннем буйных супермаркетаў і прадуктовых магазінаў, не працуюць, большасць жыхароў імкнуцца выехаць за горад на адпачынак. Хіба што ля касцёла адчуваецца рух і ажыўленне — набожныя жыхары спяшаюцца на імшу.

Еўрапейскі выгляд надаюць гораду шматлікія кавярні, якія ўжо даўно выйшлі на вуліцу, каб заключыць у свае абдымкі месцічаў і турыстаў, прыгожыя шапкі кветак, якія, быццам спушчаныя з неба, абляпілі слупкі ліхтароў, дыхтоўныя ўласныя дамы, прыветлівыя шыльды магазінаў, прайсці міма якіх ой як няпроста. А яшчэ неяк вельмі па-еўрапейску гучаць таблічкі-напаміны для гаспадароў чацвёраногіх сяброў: «Twоj pies — twoja kupa». Можа, таму пасля выгулу мясцовых сабак нястрашна ступіць на газон. Гэта цяжка растлумачыць, але там, у невялікім польскім горадзе, за сорак кіламетраў ад Варшавы, ва ўсім адчуваецца гэтакае здаровае спалучэнне свабоды і парадку, да якіх мы, хочацца верыць, таксама хутка дарасцём.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *