95-гадовы юбілей Станіслава Абрамовіча з Ашмян

Главное

Час бязлітасна праглынае гады. Не шкадуе на сваім шляху нікога: бедны ты ці заможны, аблашчаны богам ці гаротнік-небарака.

Яшчэ, здавалася б, зусім нядаўна Станіслаў Іванавіч Абрамовіч меў толькі дваццаць – усё жыццё было наперадзе, а глядзіш, ужо і пад сотню падбіраецца.

У свае 95 год інвалід Вялікай Айчыннай вайны мае ясны розум і добрую памяць. І хаця ногі ўжо зусім не слухаюцца (нават з кульбай) – і гады сказваюцца, і сур’ёзнае раненне – ён радуецца кожнаму пражытаму дню побач са сваёй раднёй.

IMG_1238

Больш за пятнаццаць год Станіслаў Іванавіч жыве ў сваіх дзяцей. Асірацела яго хата ў Вайцехаве. Спачатку дзеці павыляталі з бацькоўскага гнязда. Галіна пасля заканчэння вэтэрынарнага тэхнікума пэўны час жыла на Літве, пасля перабралася ў Гінеўцы, працавала ў мясцовым калгасе. Марыя прыстроілася ў горадзе. Спачатку ўладкавалася на “Пчолкі” (так называлі між сабой аграпрадпрыемства “Пчалінка”). Прыйшлося паспытаць ёй нялёгкага хлеба прадаўца, сацыяльнага работніка. Доўгі час жанчына несла службу ў аддзеле Дэпартамента аховы. Адсюль пайшла на пенсію. У Вілейскі раён закінуў лёс Станіславу – бацькаву цёзку. Яна адвучылася на радыётэхніка, працавала на заводзе “Зеніт”. Меншы сын Франак звязаў жыццё з раённым аддзелам унутраных спраў, пасля знайшоў прымяненне сваім рукам у дарожнай арганізацыі.

Ужо даўно пайшла з жыцця жонка Уладзіслава Канстанцінаўна, з якой дзяліў Станіслаў Іванавіч радасці і нягоды. Сустрэўся вясковы хлопец з дзяўчынай-гараджанкай па дарозе з вайны і неяк адразу ўпадабаў (сёння сказалі б, што гэта было каханне з першага погляду). Не пабаялася маладая ашмянка нялёгкай вясковай работы, вялікай гаспадаркі і штодзённых клопатаў-турбот.

Жыццё складвалася па-рознаму. Былі ў ім і светлыя моманты, і няшчасці. Неяк адразу пасля вайны ў Абрамовічаў згарэла хата. Прыйшлося пачынаць усё знава. Станіславу Іванавічу ўвесь час далягала нага. У красавіку 1945 года, калі ён у складзе 9-га пяхотнага палка Войска польскага фарсіраваў Віслу, атрымаў сур’ёзнае раненне і стаў у выніку інвалідам.

IMG_1244

Працы Станіслаў Іванавіч ніколі не цураўся, бо быў прывучаны да работы з маленства. У шматдзетнай сям’і было іх сямёра. Гаспадарка трымалася на бацьку і сынах. Хлапцы і за плугам спраўна хадзілі, і касілі, і малацілі. І ў будаўнічых справах маглі плячо падставіць.

Гэтыя ўменні пасля прыгадзіліся, калі Станіслаў абзавёўся ўласнай гаспадаркай. Разам з жонкай ён працаваў у калгасе, на ферме ў Булашах. Быў ветэран некаторы час звеннявым, у райсаюзе займаўся нарыхтоўкамі і нават працаваў у магазіне прадаўцом. Сям’я жыла небагата. Пэўны час дзеці нават знаходзіліся ў Ашмянах у інтэрнаце. Аднак крыўды за гэта на бацькоў ніколі не трымалі. Заўсёды жылі дружна.

Цёплыя дружбацкія адносіны пранеслі Абрамовічы праз усё жыццё і ўзялі за аснову для ўласных сем’яў. Любяць яны збірацца вялікай сям’ёй на святы. Да бацькі прыязджаюць дзеці зараз у Ашмяны, бо жыве ён у дачкі Марыйкі (так ласкава называе яе радня). Поўніцца тады ўтульная кватэра Марыі Станіславаўны Кеда ўспамінамі і дзіцячымі галасамі. На мінулым тыдні прымаў ветэран віншаванні  з юбілеем ад адказнага сакратара раённага савета ветэранаў Ганны Іванаўны Някрэвіч і бухгалтара райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аксаны Анатольеўны Людкевіч.

IMG_1231

Станіслаў Іванавіч багаты дзядуля — мае 8 унукаў і 11 праўнукаў. Дзеці і моладзь заўсёды сцішваюцца і ўважліва слухаюць успаміны ветэрана пра Вялікую Айчынную, аповеды пра цяжкое пасляваеннае жыццё, распытваюць дзеда пра ўзнагароды, прышпіленыя да пінжака. Ордэн Айчыннай вайны, медалі “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй”, юбілейныя ўзнагароды – сведчанне трагічных старонак у гісторыі цэлай краіны і асобна ўзятых сем’яў і людзей, памяць аб якіх будзе жыць да той пары, пакуль будуць памятаць аб гэтым нашчадкі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



1 комментарий по теме “95-гадовы юбілей Станіслава Абрамовіча з Ашмян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *