Последний звонок прозвенел в школах Ошмянского райна

Образование

Апошні школьны званок… У мінулы панядзелак ён абвясціў канец навучальнага года для 3625 вучняў раёна. Большасць з іх першага верасня зноў сустрэнуцца на парозе школы, і, быццам пчаліны рой, загудзе, замітусіцца дзятва. Праўда, са школьнага вулея раз і назаўсёды вылецела 176 выпускнікоў раёна, для якіх пачынаецца самастойнае дарослае жыццё.

IMG_7459 1

Павіншаваць адзінаццацікласнікаў у гэты адказны дзень спяшаліся настаўнікі, бацькі, бабулі і дзядулі, святары, першакласнікі, якія перанялі эстафету ад сваіх старэйшых сяброў…

Святочны настрой панаваў і на пляцоўцы Цудзенішскага вучэбна-педагагічнага комплексу, дзе праходзіла развітальная лінейка. Канешне ж, як і ў кожнай школе, галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі выпускнікі. Менавіта да іх, васьмі юнакоў і дзяўчат, звярнуліся з наказамі дырэктар Марына Антонаўна Куліковіч, першая настаўніца Марына Мікалаеўна Васілеўская, класны кіраўнік Мар’ян Каролевіч Жэмла, ксёндз Юрый, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Сяргееўна Саламонава, маці Ганна Юльянаўна Антановіч.

IMG_7403

Колькі шчырых слоў, цёплых усмешак, яркіх вясенніх кветак! Як па-здрадніцку дрыжыць голас і чамусьці незвычайна блішчаць вочы… Да радасці далучаецца лёгкі, светлы сум…

Лепшыя вучні школы, а таксама найбольш актыўныя бацькі атрымалі граматы і падзякі. У падарунак дзецям, бацькам і настаўнікам прагучалі прыгожыя кампазіцыі ў выкананні ваенна-духавога аркестра Смаргонскай пагранічнай групы. Дарэчы, візіт людзей у зялёных берэтах у Цудзенішкі аказаўся невыпадковым – вучні гэтай школы нядаўна занялі другое месца ў аглядзе-конкурсе “Юны пагранічнік”.

Свае віншаванні адрасавалі выпускнікам і першакласнікі, якія ўручылі галоўным героям урачыстасці запрашэнне на выпускны баль, які абавязкова адбудзецца праз дзесяць гадоў, бо, нягледзячы ні на што, школьнае жыццё працягваецца…

Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя завяршэнню навучальнага года, прайшлі ва ўсіх школах раёна. Свята дзяцінства прадоўжылася ў гарадскім парку, дзе адбылося традыцыйнае мерапрыемства «Вясёлка ў далонях».

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

IMG_7520 IMG_7517 IMG_7469 IMG_7400 IMG_7388



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *