Таленавітая выпускніца Барунскага вучэбна-педагагічнага комплекса

Образование

“Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…”

Менавіта гэтыя вершаваныя радкі Анатоля Вярцінскага сталі жыццёвым крэда для вучаніцы Барунскага вучэбна-педагагічнага комплекса Алены Лоўчай. За 11 гадоў вучобы дзяўчынка ніводнай хвіліны свайго жыцця не страціла дарма. Яна пастаянна рухаецца, развіваецца, удасканальваецца. Алена – старанная вучаніца, клапатлівая дачка, добрая сяброўка.

боруны1

Алена скончыла музычную школу. Яна цудоўна грае на фартэпіяна, пастаянна ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах і фестывалях, дзе паказвае добрыя вынікі. У Лены сабрана цэлая калекцыя дыпломаў і грамат. Кожную песню дзяўчына прапускае праз сябе, таму нумары атрымліваюцца вельмі шчырымі.

Аднак на гэтым яе таленты  не заканчваюцца. З дзіцячых гадоў Алена піша вершы. Зараз з усмешкай і замілаваннем вучаніца паказвае свае першыя паэтычныя радкі. Цяпер яны падаюцца простымі і наіўнымі. Разам са сталеннем дзяўчынкі “сталеюць” і яе творы. Школьніца сабрала ўсе свае вершы ў невялічкі зборнічак, які адлюстроўвае этапы станаўлення і развіцця сапраўднай асобы.

Яшчэ адным захапленнем вучаніцы з’яўляецца навука. Штогод яна прымае ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, дзе выступае з грунтоўнымі працамі і амаль заўсёды вяртаецца з дыпломам. Яе працы маюць практычную скіраванасць. Апошнія два гады дзяўчынка займаецца пытаннямі здаровага харчавання. У мінулым годзе яна прааналізавала рацыён сваіх аднакласнікаў, дапамагла кожнаму скласці меню, улічваючы індывідуальныя асаблівасці. У гэтым годзе юны навуковец працягвае сваю працу і даследуе рацыён настаўнікаў.

Лена сур’ёзна цікавіцца біялогіяй і хіміяй і шчыра спадзяецца звязаць сваё жыццё з гэтымі нялёгкімі, але цікавымі прадметамі. Дзеля дасягнення сваёй мэты вучаніца не шкадуе сіл. Яна ўзмоцнена займаецца, чытае дадатковую літаратуру, наведвае факультатыўныя заняткі і шчыра верыць, што яе мара спраўдзіцца.

Нягледзячы на вялікую занятасць, школьніца паспявае чытаць мастацкую літаратуру. І гэта не толькі  праграмныя творы. Лена цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай, а таксама творамі замежных аўтараў. На яе паліцы заўсёды ёсць месца для добрай кнігі. З ёй  можна абмеркаваць любы твор, на кожнае пытанне дзяўчына мае свой асабісты адказ.

Далікатная, нібы гераіня твораў Івана Тургенева… Падаецца, што гэта дзяўчына з іншай эпохі. Для кожнага яна знойдзе шчырае слова, кожнаму падорыць усмешку. Вучні пачатковых класаў зранку чакаюць Лену і шчыра абдымаюць яе, бо ведаюць, што дзяўчынка не адштурхне, пашкадуе, усміхнецца.

Алена Лоўчая прэтэндуе на залаты медаль, але яна дакладна ведае, што шчасце не ў медалі, не ў шматлікіх граматах з алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, не ў прызнанні і славе. Шчасце заключаецца ў простых рэчах: ва ўсмешцы матулі, у магчымасці займацца любімай справай, у штодзённых клопатах. Шчасце блізка, трэба толькі яго заўважыць.

Марта МАЦКЕВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Барунскага ВПК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *