Летнікі ў Ашмянскім раёне чакаюць дзяцей

Главное

Дачакаліся. Праз некалькі дзён пачнецца жаданае лета. Самая любімая пара ў нашых дзяцей! Лета неразрыўна звязана з адпачынкам у летніках. Нездарма ж гэтыя два словы ў беларускай мове аднакаранёвыя.

Штогод напярэдадні летніх канікул галоўны спецыяліст прадстаўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ашмянскага раёна Ніна Бабраўніцкая праводзіць нараду са старшынямі адпаведных камісій у арганізацыях, на якой аналізуюцца вынікі мінулагодняй летняй кампаніі і абмяркоўваюцца пытанні арганізацыі аздараўлення на бягучы год.

IMG_6300

Як было адзначана Нінай Бабраўніцкай, летась у летніках розных профіляў аздаравілася ў раёне 1377 дзяцей. На змяншэнне кошту пуцёвак асобным катэгорыям дзяцей з раённага бюджэту было выдаткавана звыш 103 мільёнаў рублёў, на падрыхтоўку летнікаў да работы – 200 мільёнаў рублёў. У гэтым годзе звыш 67 мільёнаў, якія былі зароблены падчас раённага суботніка, пайшлі на набыццё мэблі для дзіцячага летніка “Дружба”. 120 мільёнаў спатрэбілася на рамонт блока харчавання і ізалятара, а таксама на іншыя работы.

Сёлета перад юнымі жыхарамі раёна раскрыюць свае дзверы 9 кругласутачных летнікаў і 19 – дзённых. 500 дзяцей адпачне гэтым летам у “Дружбе”. Усе змены ў летніку будуць профільнымі. Ужо 3 чэрвеня Замасцяны пачнуць прымаць сваіх наведвальнікаў. Першая змена будзе мастацка-эстэтычнай, другая — культуралагічнай, трэцяя – патрыятычнай. Чацвёртая традыцыйна будзе аддадзена спартсменам. Кругласутачны летнік для 30 дзяцей у першую змену будзе працаваць пры школе-інтэрнаце. Жупранская школа імя Францішка Багушэвіча збярэ адораных дзяцей. Летнік пры Мураванаашмянкоўскім ВПК скіраваны на экалагічнае выхаванне дзяцей. У гэтых летніках змена разлічана на 18 дзён. Набыццё пуцёвак у такія летнікі праходзіць праз камісіі па аздараўленні ў калектывах арганізацый і прадпрыемстваў, дзе працуюць бацькі дзяцей. Дзевяцідзённыя лагеры адчыняць дзверы пры Гальшанскай школе (гісторыка-археалагічны летнік “Кентаўры”), Барунскім ВПК, СШ №1 і Кальчунскай СШ (працы і адпачынку). На базе Ашмянскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа будзе працаваць летнік працы і адпачынку з дзённым наведваннем. У летніках працы і адпачынку запланавана аздаравіць 80 падлеткаў ад 14 да 18 год.

Дзённыя летнікі адкрыюцца пры ўсіх школах, а таксама пры дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Для вучняў малодшых класаў будзе арганізаваны дзённы сон.

Што тычыцца кошту пуцёвак, то ў “Дружбе” ён вагаецца ў залежнасці ад узроставай катэгорыі. Кошт на першую-трэцюю змены: 6-10 год – 2960 000, 11-13 год – 3020 000, 14-17 год – 3210 000 рублёў. Ад гэтай сумы трэба адняць 1600000 рублёў (гэта датацыя Фонду сацыяльнага страхавання насельніцтва). На нарадзе было агаворана, што па мажлівасці 10 працэнтаў ад кошту пуцёўкі павінна пакрыць прафсаюзная пярвічка і сама арганізацыя, у якой працуюць бацькі дзіцяці. На чацвёртую, спартыўную змену кошт будзе крыху іншым: 6-7 год – 3500 000 рублёў, 8-10 год – 3540 000, 11-13 год – 3610 000, 14-17 год – 3770 000 рублёў. Тут датацыя складзе 1800 000 рублёў.

Згодна з распараджэннем райвыканкама, для забеспячэння дзяцей паўнацэнным харчаваннем і выканання вызначаных нормаў сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна і ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” на бязвыплатнай аснове паставяць у “Дружбу” мяса, а эксперыментальная база “Баруны” – бульбу.

Як і ў мінулыя гады, асноўная ўвага будзе скіравана на аздараўленне дзяцей са шматдзетных сем’яў, дзяцей-інвалідаў, сірот, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама з сем’яў, даход якіх на аднаго чалавека не перавышае бюджэту пражытачнага мінімуму (1699430 рублёў). Трэба адзначыць, што на працягу года атрымаць пуцёўку ў летнік (“Дружба”, а таксама кругласутачныя 18-дзённыя летнікі пры школах) дзеці маюць магчымасць толькі адзін раз. Двойчы аздаравіцца могуць дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзеці непрацуючых пенсіянераў.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *