Прэс-аўтапрабег “У Год культуры ад Кушлянаў да Залесся”

Главное

Хто з нас, паважаныя чытачы, не быў на Смаргоншчыне?! Маўляў, штотыдзень, ну хай сабе не штотыдзень, але раз у месяц дакладна зарульваем у суседні райцэнтр – балазе, крамы працуюць спраўна. А шопінг, зразумела, яшчэ ніхто не адмяняў. Але я зараз не пра хлеб надзённы і ўвогуле не пра пакупкі. Я пра культуру суседняй Смаргоншчыны, на знаёмства з якой за будзённай мітуснёй нам, як правіла, не стае часу. Што з гісторыі гэтага краю мы ведаем? Наколькі нашы звесткі поўныя, а ўражанні яскравыя?

Знайсці адказ на гэтыя пытанні прапанаваў калектыў рэдакцыі газеты “Светлы шлях”, які запрасіў калег з раённых, рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі далучыцца да прэс-аўтапрабегу “У Год культуры ад Кушлянаў да Залесся”. Мерапрыемства смаргонскія журналісты прымеркавалі да Дня друку і Дня Перамогі, а таму правялі яго ў прамежку паміж двума святамі.

На заклік смаргонцаў адгукнуліся журналісты з тэлеканалу АНТ, “Астравецкай праўды”, карэліцкай раённай газеты “Полымя”, рагачоўскай мясцовай газеты “Свабоднае слова”, “Ашмянскага весніка”, турыстычнага парталу Holiday.by.

Стартаваў аўтапрабег ад смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, дзе гасцей прывітаў намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Бычко. Праўда, найбольш цікаўныя зрабілі фальстарт… і не пашкадавалі — супрацоўнікі музея пазнаёмілі з багатымі экспазіцыямі, прыадчынілі старонкі гісторыі краю.

Прыпынак першы. Радавая сядзіба Багушэвічаў

Кушляны сустрэлі ўдзельнікаў аўтапрабегу навюсенькім асфальтам, які пралёг акурат да музея-сядзібы, ласкавым сонейкам — яго променьчыкі-гарэзы шчодра лашчылі гасцей — і, канешне, шчырымі ўсмешкамі, якія неяк неўпрыкмет перакінулі масток сяброўства паміж журналістамі.

IMG_6865

Ля сцен Багушэвічавай сядзібы прыгожымі народнымі мелодыямі гасцей вітала вакальная група мясцовага Дома культуры. Пэўна, такія ж спевы некалі прыносілі асалоду і ўладальнікам гэтага маёнтка. Дарэчы, пра маёнтак. Для тых, чые сцежкі-дарожкі пакуль не дабеглі да Кушлянаў, магу паведаміць: тут захавалася хата паэта 1896 года пабудовы і каменная абора.

Падрабязную экскурсію па сядзібе і ўвогуле ўсёй тэрыторыі маёнтка, які Багушэвічы набылі больш за дзвесце гадоў таму, прапануе дырэктар музея, чалавек, па ўсім бачна, апантаны і цалкам адданы сваёй справе, Алесь Жамойцін.

IMG_6895 IMG_6896

Прыслухоўваюся да яго аповеду і разумею, што ў маіх ведах пра слыннага беларускага паэта-дэмакрата, з біяграфіяй якога дзякуючы школьнаму музею ў Жупранах пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве, на могілках якога была дзясяткі разоў, засталіся-такі белыя плямы. Яны, пэўна, ёсць і ў гісторыкаў, якія даследуюць жыццё і творчасць Францішка Багушэвіча, аднак тут, у радавым маёнтку, здаецца, не толькі змястоўныя экспазіцыі, але і сцены захоўваюць гісторыю. Вось ён, пакой, у якім з-пад пяра абаронцы простага беларускага народа ліліся шчырыя радкі. Дарэчы, аўтографы паэта — яго рукой напісаныя на лацініцы вершы — таксама прадстаўлены на стэндзе. Захоўваюцца ў музеі і  родавыя медальёны сям’і славутага суайчынніка, якія ахоўвалі Багушэвічаў на працягу стагоддзяў, а таксама рэчы, якія належалі паэту, яго родным, сябрам і нашчадкам.

Не менш за саму сядзібу наведвальнікі любяць яе наваколле. Вось і наша журналісцкая брація разбрылася па ваколіцах: адныя паспяшаліся да каплічкі, другія спрабавалі ахапкам вымераць таўшчыню векавога дрэва, якое памятае саміх Багушэвічаў. Дэфіцыт часу не дазволіў прагуляцца па прыгожай алеі, дзе гадзінамі доўжацца вясельныя фотасесіі, узняцца на Лысую гару, якая захоўвае свае таямніцы, аднак атмасфера сапраўднага жыцця, адчуванне яго галоўных каштоўнасцей, як глыток свежага паветра, уварваліся ў грудзі… і ўжо да канца дня не хацелі саступаць месца штодзённым, такім дробным клопатам.

Прыпынак другі. Сольская птушка-фенікс

Гэтак у сваім аповедзе назваў мясцовы касцёл наш экскурсавод, краязнаўца, пазаштатны аўтар газеты «Ашмянскі веснік» Уладзімір Прыхач. Менавіта ён паведаміў журналістам цікавыя звесткі з гісторыі святыні і мястэчка Солы.

IMG_6947

Сольскі касцёл Маці Божай Ружанцовай, які прыветліва расчыніў дзверы вернікам, быў пабудаваны ў 1934 годзе на месцы драўлянага храма, спаленага ў 1915 годзе, падчас жорсткіх бітваў Першай сусветнай вайны. Узвядзенне святыні стала магчымым дзякуючы парафіянам, якія знайшлі сродкі на яго пабудову.

Касцёл у Солах здзіўляе не толькі сваёй гісторыяй, архітэктурным рашэннем, але і ўнутраным убранствам, роспісамі на сценах храма, дзе адлюстраваны падзеі, эпахальныя для лёсу Польшчы і Беларусі. Сярод карцін — выявы таленавітага беларускага мастака Пятра Сергіевіча, копія палатна Ежы Коссака «Цуд на Вісле» (пра Варшаўскую бітву 1920 года) і іншыя.

IMG_6956 IMG_6974

Нават самастойнае, без экскурсавода, наведванне Сольскага касцёла здольна пакінуць самае моцнае ўражанне. Акрамя іншага, тут увагу прыцягваюць такія цікавыя элементы, як ладдзя, у выглядзе якой выкананы амбон, і якар, змешчаны над уваходам. Гэта важныя хрысціянскія сімвалы.

Падчас экскурсіі з Уладзімірам Прыхачам журналісты даведаліся пра гісторыю беларускіх званоў, якія ў гады Першай сусветнай вайны пераважна былі вывезены ў Падмаскоўе, пра глінабітныя пабудовы, якія ўзводзілі мясцовыя жыхары па метадзе Мікалая Невяровіча, а таксама звесткі з мінуўшчыны Солаў. Нават не верыцца, што ўжо ў пачатку XX стагоддзя тут было некалькі магазінаў, кафэ, метэаралагічная станцыя і нават казіно. Зрэшты, гісторыя — асоба зменлівая…

Затое таленавітасць, гасціннасць і прыветлівасць — рысы, якія заўсёды адрознівалі і працягваюць адрозніваць беларусаў. Пераканацца ў гэтым змаглі і ўдзельнікі аўтапрабегу. Музычную паўзу для іх прапанавалі ўдзельніцы мясцовага народнага фальклорнага гурту “Валэйчанка”.

Прыпынак трэці. Ля «Блакітных азёр»

Не ведаю, ці здольны які-небудзь найноўшы навігатар адшукаць гэтае прыгожае месца — яно быццам схавана ад людскога вока ў глыбіні Смаргонскіх лясоў. Аднак нашай групе пашчасціла ўдвая: нас суправаджалі гаспадары-смаргонцы і добрае надвор’е, якое дазволіла без асаблівых перашкод дабрацца да маляўнічага берага.

IMG_7046

Па ўсім бачна, тут у свой час “пагаспадарыў” ледавік. Вада ў азёрах, — а нам удалося пабываць на двух з іх — чыстая, празрыстая, халодная. З усіх бакоў берагі быццам замкнутыя ў абдымкі ялова-бярозавых лясоў. Стомленых падарожнікаў прывячае акуратненькая альтанка — і адпачыць ёсць дзе, і «чарвячка замарыць» таксама.

IMG_7052

У летнюю спёку, напэўна, і не знойдзеш лепшага месца для адпачынку і перазагрузкі ад гарадской мітусні, распаленага бетону і гулу аўтамабіляў. Чыстае паветра, цішыня, прыгажосць наўкола… Нават не хочацца развітвацца з гэтай маляўнічай старонкай.

Прыпынак чацвёрты. Жодзішкі

Назва Жодзішкі на слыху ў многіх, нават у тых, хто ў гэтым населеным пункце ні разу не быў, — і асацыяцыі часцей за ўсё звязаны толькі з установай аховы здароўя. Аднак аграгарадок цікавы і іншым — сваімі гісторыка-культурнымі аб’ектамі. Тут размешчаны кальвінскі збор, калегіюм, старажытны вадзяны млын, які працуе і зараз. Як і ў XVII — XVIII стагоддзях, ён з’яўляецца прыватнай уласнасцю. Зразумела, гаспадары змяніліся, у савецкі час млын належаў калгасу, але ў канцы 90-х яго ізноў выкупілі, адрэстаўравалі і ўдыхнулі новае жыццё. Цяпер ён працуе ў асноўным на электрычнасці, хаця ў любы момант можа пераключыцца на «водны рэжым» — турбіна і ўсё неабходнае ў належным стане. Млын выпускае крупу, муку, камбікорм, сечку. А яшчэ сюды любяць наведвацца турысты: цікавасць выклікае і сам млын, і экспанаты, сабраныя ў невялікім музеі.

IMG_7068 IMG_7100

З гісторыяй старажытнага мястэчка знаёміць падарожнікаў школьны музей, у якім сабрана больш за чатыры тысячы экспанатаў.

Прыпынак пяты. Даніна памяці

Трапіўшы на Смаргонскую зямлю, няправільна і недаравальна было б абмінуць мемарыял ахвярам Першай сусветнай вайны, устаноўлены тут у 2014 годзе. Ён складаецца з некалькіх элементаў: каплічкі, сцен памяці, трох бронзавых скульптур, а таксама сямі валуноў, на якіх змешчаны бронзавыя медальёны. На іх лаканічна перададзена гісторыя вайны ад моманта, калі немцы ўвайшлі ў Смаргонь, да падпісання ў вёсцы Солы дагавора аб перамір’і.

IMG_7131IMG_7170IMG_7173

У цэнтры мемарыяла бронзавыя скульптуры — «Крылаты геній салдацкай славы», «Салдаты Першай сусветнай» і адзіны ў свеце помнік «Бежанцы». Менавіта тут удзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі і правялі хвіліну маўчання, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў у гады ваеннага ліхалецця, дзякуючы каму мы маем магчымасць крочыць па роднай зямлі.

Прыпынак шосты. «Паўночныя Афіны»

Яшчэ адзін прыгожы куточак Смаргоншчыны — палац грамадскага дзеяча і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі — наведалі журналісты напрыканцы прэс-аўтапрабегу. Хтосьці завітаў сюды ўпершыню, нехта ўжо не раз наведваў прасторныя залы, аранжэрэю, альтанку, знаёміўся з біяграфіяй славутага земляка. Аднак тэатралізаваная імпрэза-экскурсія, у якой прынялі ўдзел дзеці Міхала Клеафаса Агінскага — Амелія, Эмма і Ірэніуш, а таксама мемуарыстка Габрыэля Пузына (у іх ролі выступілі супрацоўнікі музея), — прыйшлася даспадобы падарожнікам.

IMG_7178 IMG_7190 IMG_7239

Цікавая тэатралізацыя, тагачасны інтэр’ер, арыгінальная мэбля сярэдзіны XIX стагоддзя і, канешне, знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай» быццам перанеслі журналістаў у эпоху Агінскага, у тыя «Пайночныя Афіны», якія былі — спадзяемся, з аднаўленнем сядзібы і будуць заставацца — сапраўдным культурным цэнтрам. Дарэчы, тут, у палацы Агінскіх, удзельнікі аўтапрабегу змаглі таксама наведаць выставу мастака Алега Драбышэўскага, які нядаўна прадстаўляў сваю творчасць у Ашмянскім краязнаўчым музеі.

Прышчэпка ад папсы… і не толькі

Прэс-аўтапрабег “У Год культуры ад Кушлянаў да Залесся”, ініцыятарам якога выступілі калектыў рэдакцыі газеты «Светлы шлях» і Смаргонскі райвыканкам, стаў сапраўдным падарункам да прафесійнага свята журналістаў. Здаецца, адзін толькі дзень, чарговы ў шэрагу такіх жа працоўных будняў — а столькі эмоцый і станоўчых уражанняў! І не дзе-небудзь за морам-акіянам, а тут, побач з намі, на роднай зямлі, сярод гасцінных людзей, хлебасольных гаспадароў, таленавітых суайчыннікаў. Дарэчы, менавіта дзякуючы ім, дырэктару музея ў Кушлянах Алесю Жамойціну, вакальным калектывам Сольскага і Кушлянскага Дамоў культуры, у выкананні якіх гучалі прыгожыя народныя кампазіцыі, ўдзельнікі аўтапрабегу атрымалі прышчэпку ад папсы і цягі да заморскіх цудаў.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *