Ашмянская дзіцячая школа мастацтваў на міжнародным конкурсе “Спектр таленту” (фота+відэа)

Год культуры в Ошмянском районе Культура

Ашмяншчына – маляўнічы край, які заварожвае сваімі краявідамі. Таму не дзіўна, што шматлікія падарожнікі імкнуцца наведаць нашы мясціны. Край гэты натхняе мастакоў, паэтаў і кампазітараў на напісанне карцін, вершаў і песень… Ашмянцы таксама выказваюць любоў да роднага куточка і роднай мовы праз творчасць. Меладычную і прыгожую, велічную і ўзнёслую беларускую мову, народныя песні і культуру на міжнародным конкурсе “Спектр таленту” прадставілі вучаніцы музычных класаў аграгарадка Мураваная Ашмянка – Віялета Мікліс і Караліна Каспяровіч.

Здаецца, нядаўна калектыў і вучні адзначылі пятнаццацігадовы юбілей навучальнай установы, каб радаваць нас новымі творчымі поспехамі. За плячыма музыкантаў – шматлікія выступленні на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, здымкі  перадач на рэспубліканскім тэлебачанні. А сёння дыпломы лаўрэатаў І ступені міжнароднага конкурсу “Спектр таленту”.

IMG_1835

Гэты конкурс праходзіць завочна, таму юныя ўдзельніцы адпраўлялі членам журы відэазапісы з конкурснымі песнямі (дарэчы, іх можна паглядзець на сайце www.talantvselennoy.ru). Сярод журы – вядомыя кампазітары, лаурэаты міжнародных конкурсаў, спевакі, выкладчыкі, дацэнты, прафесары каледжаў і ўніверсітэтаў Масквы і Санкт-Пецярбурга, заслужаныя работнікі і вядучыя эксперты ў галіне культуры і мастацтва.

Калісьці Данута Бічэль-Загнетава пісала: “Касцы з касавіцы песню на кончыках косаў неслі. Дадому праз лес наўпраста – лёгкую з мяккіх пакосаў”.  Менавіта такія ж лёгкія,звонкія, вольныя як птушка, песні выконвалі нашы ашмяначкі. Вучаніца Віктара Ігнацьевіча Чаплінскага Віялета спявала беларускую народную песню “У садочку я была”, за якую  ў намінацыі “вакал народны”  атрымала дыплом лаўрэата І ступені. Лепшай  у сваёй узроставай групе стала вучаніца Вольгі Францаўны Чаплінскай — Караліна Каспяровіч, якая выконвала вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “О, як хадзілі красны дзеванькі”.

Выступленні дзяўчат не змаглі б перадаць самабытнасць беларускай культуры без музычнага і харэаграфічнага суправаджэння. Таленавіты выкладчык Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, канцэртмайстар, музыкант Юрый Часлававіч Брашко разам з акампаніміруючай групай — Аляксандрам Жукоўскім, Таццянай Чэрскай і Таццянай Печкур сталі добрай падтрымкай для юных спявачак. Падтрымалі юных спявачак і выпускніцы школы Сандра Гаўлас, Дар’я Швабовіч, Анастасія Сырамалот, Юлія Саковіч Анастасія Барткевіч, Ілона Аляхновіч.

За падтрыхтоўку і выступленні сваіх выхаванцаў Віктар Ігнацьевіч і Вольга Францаўна атрымалі заслужаныя падзячныя лісты. Яны адправяцца ў скарбонку музыкантаў, якія, не шкадуючы сіл і часу, аддаюць веды і часцінку сваёй душы дзецям вось ужо пятнаццаць гадоў.

Вясковыя настаўнікі і іх выхаванцы штогод заваёўваюць шмат узнагародаў у раённых, рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, тым самым даказваючы, што для таленавітых дзяцей межаўняма. Вось хутка на міжнародным конкурсе загучыць беларуская песня яшчэ адной таленавітай вучаніцы з Мураванай Ашмянкі Ульяны Супрановіч.

“Фіеста” ашмянскіх музыкантаў

На міжнародным конкурсе “Спектр таленту”Ашмянскую дзіцячую школу мастацтваў прадстаўляў таксама дзіцячы ансамбль гітарыстаў “Фіеста”, які атрымаў дыплом лаўрэата ІІІ ступені. Юныя выканаўцы падарылі сапраўднае свята гледачам і прафесійнаму журы, якія высока ацанілі  “Іспанскую замалёўку”.

Нягледзячы на тое, што юныя таленты з настаўніцай класа класічнай гітары Алесяй Уладзіміраўнай Місюкевіч займаюцца ўсяго два гады — яны ўжо дабіліся вялікіх поспехаў.

IMG_2327

Сёння ў ансамблі займаецца пяць вучняў: Дзмітрый Мацкевіч, Аляксандр Свірскі, Вікторыя Рудэўская, Данііл Ганусевіч і Аліса Гарлуковіч.

На працягу навучальнага года ансамбль удзельнічаў ў школьных канцэртах, выступаў на раённай сцэне і канцэртах для школ горада.

Удзельнікі ансамбля “Фіеста” паспяваюць займацца і сольнай кар’ерай, вось Данііл Ганусевіч і Дзмітрый Мацкевіч атрымалі граматы за выдатнае выступленне на конкурсе “Вясёлка надзей” у Навагрудку, паказалі добрыя вынікі на раённым туры другога абласнога агляду-конкурсу калектываў інструментальнага жанра. Музыканты працягваюць напружана працаваць і рыхтуюцца да конкурсу імя Горскага, які адбудзецца ў Лідзе, красавіцкага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу “Звініць струна” і майскага міжнароднага конкурса “З чаго пачынаецца Радзіма?”.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *