Адвакат, паэт, народны заступнік

Главное

Да 170-годдзя з дня нараджэння Ф.Багушэвіча

Завітаўшы на Ашмяншчыну, вы наведаеце слаўную зямлю, якая давала моц і натхненне вялікаму паэту, пачынальніку новай беларускай літаратуры ХІХ ст. Францішку Казіміравічу Багушэвічу .У сакавіку спаўняецца 170 год з дня нараджэння слаўнага сына нашай Бацькаўшчыны.

Усяго шэсцьдзесят гадоў пражыў выдатны сын беларускага народа, адвакат па прафесіі, паэт па пачуццях, народны заступнік па спосабу жыцця і палітычных перакананнях,прадстаўнік грамадскай думкі Беларусі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, самая значная і яркая постаць у гісторыі XIX ст.

Калі толькі-толькі пачалася вясна і з зямлі пачаў сыходзіць снег, а рэкі вызваліліся з-пад лёду, у сям’і дробных шляхцічаў Канстанцыі і Казіміра Багушэвічаў у невялічкім фальварку Свіраны нарадзіўся сынок. Яму далі па каталіцкім звычаі двайное імя — Францішак-Бенядзікт.

Праз некалькі год дружная і працавітая сям’я Багушэвічаў пераязджае на Ашмяншчыну,у фальварак Кушляны. У сям’і захапляліся кнігамі,музыкай,спевамі. Гэта спрыяла таму, што вучоба ў чатырохкласнай польскамоўнай Віленскай школе давалася лёгка. Затым была вучоба ў Віленскай рускай гімназіі. За час вучобы Ф.Багушэвіч вывучыў шэсць моў, і гімназію закончыў у ліку чатырох лепшых вучняў.

Для прадаўжэння асветы ён у 1861 годзе паступае на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбурскага універсітэта. Неўзабаве пасля залічэння студэнтам, 9 кастрычніка 1861 года, за ўдзел ў студэнцкіх хваляваннях Ф.Багушэвіча выключаюць з універсітэта. Вяртаецца ён на радзіму з вялікім жаданнем дапамагаць людзям.

Некаторы час Ф.Багушэвіч працуе настаўнікам на Смаргоншчыне, а потым — у Лідскім павеце. Тут, у вёсцы Доцішкі, і застала яго паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Будучы ў душы змагаром, палымяным патрыётам сваёй радзімы, Багушэвіч уліваецца ў рады паўстанцаў, прымае ўдзел ва ўзброеных сутычках з царскімі войскамі, выступае з прамовамі перад сялянамі. Разам з ім змагаліся ў атрадзе браты, сястра і бацька.

Пасля падаўлення паўстання яго ўдзельнікаў чакалі турмы і, каб пазбегнуць рэпрэсій, Ф.Багушэвіч пры дапамозе свайго сябра Яна Карловіча едзе на Украіну і паступае вучыцца ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Пасля заканчэння вучобы пачынаецца дваццацігадовая праца судовым следчым на Чарнігаўшчыне і Валагодчыне, у горадзе Канатопе. Тут адбылася вельмі значная падзея ў жыцці песняра — жаніцьба з зямлячкай Габрыэляй Шклёнік.

У 1881 годзе сям’я Ф.Багушэвіча змагла вярнуцца на радзіму, у Вільню. Тут ён працягвае працаваць адвакатам.
1896 год. Багушэвіч атрымлівае спадчыну і пераязджае ў Кушляны. Яго адразу палюбілі жыхары бліжэйшых вёсак. Але нядоўгім было яго жыццё на ўлонні мілых сэрцу мясцін. Цяжкая хвароба падарвала здароўе чалавека, які заўсёды клапаціўся пра іншых. Перастала біцца сэрца беларускага песняра 15 красавіка 1900 года. На пахаванне сабраліся людзі з розных мясцін Беларусі, каб правесці ў апошні шлях свайго заступніка і дарадцу.

Сёння нашчадкі Багушэвіча ўшаноўваюць яго памяць. Імя паэта носяць Жупранская СШ і краязнаўчы музей у горадзе. У 1958 годзе ў Жупранах устаноўлены бюст Багушэвіча, аўтарам якога з’яўляецца скульптар З.Азгур. У касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў 1990 годзе адкрыта мемарыяльная дошка памяці Ф.Багушэвіча.

Святлана ГАЛІНСКАЯ, бібліятэкар цэнтральнай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *