У Кальчунах прайшла краязнаўчая гасцёўня «Сустрэчы ў лістападзе-2015″

Образование

Традыцыйныя лістападаўскія сустрэчы ў Кальчунскай школе гасцінна прымаюць сяброў у апошнія дні восені. Менавіта на гэты час прыпадае дзень нараджэння чалавека, які праз стагоддзі яднае народы і, адтуль, з неба, шле наказ не забывацца пра свае карані, захоўваць памяць пра продкаў і такім чынам захоўваць сябе. Славуты вучоны – хімік і біёлаг, медык, журналіст, педагог Енджэй Снядэцкі стаў пуцяводнай зоркай, якая, дзякуючы апантаным і неабыякавым людзям з Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны разгараецца ўсё ярчэй і з кожным годам – праз новыя адкрыцці і даследаванні – становіцца цэлым сузор’ем і дае нам магчымасць больш глыбока знаёміцца з гісторыяй роднага краю, ганарыцца выбітнымі асобамі, якія пакінулі тут свой след. А разам з тым яшчэ больш любіць сваю святую зямлю, “любіць яе аддана і да канца”, як прызнаваўся ёй у сваіх пачуццях класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч.

IMG_6849

На “Сустрэчы ў лістападзе” не прыходзяць выпадковыя людзі, заўважыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская, а таму гэтыя спатканні заўсёды цёплыя і душэўныя. Гэта заўсёды новыя знаёмствы і новыя веды, новыя эмоцыі і ўражанні. Гэта заўсёды жаданыя сустрэчы з сябрамі: вучнямі і настаўнікамі Яшунскай школы Літоўскай Рэспублікі, былым дырэктарам гэтай навучальнай установы, а цяпер дырэктарам музея-галерэі палаца Снядэцкіх- Балінскіх у Яшунах Казімежам Карпічам, гасцямі з польскага горада Мінск-Мазавецкі разам са старшынёй таварыства “Наш шпіталь” Чэславам Гонгалем, вучнямі і настаўнікамі дзвюх гімназій з Мураванай Гасліны (на жаль, на гэты раз у іх не атрымалася прыехаць у Кальчуны), стваральнікам польскамоўнага сайта “Ашмяншчына” Міхалам Буткевічам з г. Быдгошч, нашым земляком-краязнаўцам Васілём Юршам, дырэктарам раённага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча Настассяй Навіцкай.

IMG_6954

Традыцыйна пачынаецца свята ўшанаваннем памяці Енджэя Снядэцкага ў Гародніцкай капліцы – сямейнай усыпальніцы Снядэцкіх, дзе пахаваны сын Енджэя Юзаф са сваёй жонкай Антанінай і двума сынамі – Юзафам і Генрыхам. Тут, у капліцы, якая з’яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства, праводзіць урачыстае богаслужэнне ксёндз-пробашч касцёла Святога Міхаіла Архангела Ян Пузына. На святую імшу збіраюцца не толькі госці, але і мясцовыя жыхары, якія падтрымліваюць у належным стане і зберагаюць для нашчадкаў і капліцу, і помнік на магіле знакамітага вучонага і медыка.

Пасля набажэнства ўсе накіроўваюцца да магілы Снядэцкага, каб ускласці кветкі і запаліць лампадкі, і яшчэ раз узгадаць імя чалавека, для якога наш край быў мілы сэрцу і ў якім ён пажадаў знайсці вечны спачын.

Размова пра вучонага працягваецца ў Кальчунскай школе, дзе напачатку для гасцей удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Сябры музейнай справы” Алеся Карыцкая, Аляксей Пабядзінскі і Аляксандра Супрановіч праводзяць экскурсію ў гісторыка-краязнаўчым музеі.

У актавай зале школы распачынае працу краязнаўчая гасцёўня і з прывітальным словам звяртаюцца да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец і Таццяна Давідовіч — арганізатар і натхняльнік гісторыка-культурнага праекта, які сёння перайшоў мяжу Беларусі і разам з імем Енджэя Снядэцкага ўпэўнена крочыць па свеце, збіраючы пад сваё крыло аднадумцаў і патрыётаў сваёй зямлі. І хаця перад падрыхтоўкай чарговых восеньскіх спатканняў (сёлета адбыліся пятыя, юбілейныя “сустрэчы”) Таццяна Ягораўна заўсёды перажывае, што не зможа знайсці штосьці новае пра нашага земляка, наладзіць новыя стасункі, запрасіць цікавых людзей. Аднак такія думкі бываюць толькі напачатку арганізацыі мерапрыемства, вынік якога заўсёды задавальняе людзей, якія пераступаюць парог школы. І на гэты раз Таццяна Ягораўна падрыхтавала шмат прыемных сюрпрызаў і цікавых адкрыццяў.

Аб арганізацыі ў Вільні чытанняў імя Енджэя Снядэцкага распавяла гаворку загадчык сектара бібліяграфіі бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Біруце Райлене. Аказалася, што чытанні прайшлі ў Літве днём раней і былі выязнымі. Іх удзельнікі наведалі палац Балінскіх-Снядэцкіх у Яшунах і правялі мерапрыемства ў форме лекцый (нават з хімічнымі эксперыментамі) прафесара Снядэцкага, якія ён чытаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта. Спадарыня Біруце правяла ўдзельнікаў гасцёўні сцяжынамі, пратаптанымі Снядэцкім ў Вільні, і выказала падзяку лёсу, што звёў яе з такой калегай як Таццяна Давідовіч.

Цікавыя звесткі сабраў у сваім выступленні гісторык медыцыны, выкладчык Вільнюскага ўніверсітэта, кіраўнік музея гісторыі медыцыны ў Вільнюсе Айціс Жалнора. Даклад літоўскага навукоўцы быў прысвечаны праблемам педыятрыі, якія паднімаў у сваіх працах прафесар Енджэй Снядэцкі. Аказваецца, што два стагоддзі назад вучоны-медык прапагандаваў прынцыпы, якія актуальны і сёння. Каб дзіця было здаровым, яго неабходна выхоўваць фізічна і духоўна: закаляць, не “карміць” без патрэбы лекамі, захоўваць гігіену, ствараць у сям’і пазітыўны настрой і ўтульную атмасферу. Прырода лечыць чалавека, сцвярджаў прафесар, і чалавек не павінен ёй IMG_6860у гэтым перашкаджаць. Вялікія гарады ён называў турмамі. Магчыма, таму ён больш 20-ці год кожнае лета прыязджаў у маёнтак Болтуп і нават захацеў быць пахаваным у гэтым ціхім куточку Ашмянскага павета.

Дацэнт інстытута грамадскага здароўя Літоўскай акадэміі навук, супрацоўнік музея гісторыі медыцыны ў г. Каўнасе Вільма Гудзене прызналася, што вельмі любіць чытаць рэцэпты. Абапіраючыся на рэцэптурныя кнігі пачатку дзевятнаццатага стагоддзя, Вільма сабрала звесткі пра лекі, якія назначаў сваім пацыентам Снядэцкі. Сярод выпісаных рэцэптур былі як прызначэнні бедным людзям, так і высокапастаўленым асобам. Аснову яго рэцэптур складаюць травы (больш за 70 працэнтаў), аднак у асноўным гэта былі зёлкі, завезеныя з-за мяжы. Сярод лекаў знайшоўся і элексір даўгалецця, а таксама папулярныя ў той часы саставы, у склад якіх уваходзяць опіум, ртуць, эфір, бабровы струмень і шпанскія мушкі.

Злучыць дзве выбітныя асобы таго часу Енджэя Снядэцкага і Міхала Клеафаса Агінскага паспрабавала навуковы супрацоўнік музея-сядзібы Агінскіх у Залессі Таццяна Кляшчонак. А звязвае гэтых людзей Віленскі ўніверсітэт, дзе адзін выкладаў, а другі з’яўляўся ганаровым куратарам. І Снядэцкі, і Агінскі ўваходзілі ў Віленскае таварыства дабрачыннасці. А яшчэ, калі пасля разгрому Напалеона над Енджэем Снядэцкім навісла пагроза зняволення (за падтрымку французскага імператара), Агінскі, будучы сенатарам Расійскай імперыі і тайным саветнікам Аляксандра I, хадатайнічаў перад царом аб памілаванні прафесара.

IMG_6892

Прыемную навіну прывёз з Літвы Казімеж Карпіч – дырэктар музея-галерэі Яшунскага палаца, які гэтай восенню ўрачыста адчыніў свае дзверы пасля рэстаўрацыі. І цяпер палац, у якім жыў з сям’ёй брат Енджэя Ян і дзе не раз гасцяваў і ён сам, сардэчна прымае сваіх шматлікіх наведвальнікаў. Дарэчы, удзельнікі гасцёўні таксама былі запрошаны ў Яшуны.

З запрашэннем і спадзяваннем на наладжванне сяброўскіх стасункаў прыехалі ў Кальчуны войт гміны Якубув Мінскага павета Рэспублікі Польшча Ханна Воцяль і яе намеснік Багуслаў Дзедзіц. Сардэчнае прывітанне з г. Мінск-Мазавецкі і шматлікія падарункі прывёз сваім сябрам з Ашмяншчыны старшыня таварыства “Наш шпіталь” Чэслаў Гонгаль. Гэтай восенню дэлегацыя з Кальчунскай школы пабывала ў Мінск-Мазавецкім і прымала ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці аднаго з аўтобусных прыпынкаў гарадскога маршруту, названага ў гонар Енджэя Снядэцкага.

Кульмінацыяй пятых лістападаўскіх спатканняў стала адкрыццё памятнай дошкі, якая была ўсталявана на сцяне школьнага музея. Разам з ганаровымі гасцямі ўдзел у яе адкрыцці прыняла стараста аб’яднання па інтарэсах “Сябры музейнай справы” Алёна Маліноўская.

IMG_6951

Увазе прысутных быў паказаны відэафільм аб Енджэі Снядэцкім, створаны выпускніком школы, супрацоўнікам раённай газеты Аляксандрам Наумчыкам. У заключным, развітальным слове Таццяна Давідовіч падзякавала ўсім за павагу да імя нашага слаўнага земляка. Шчырыя словы выказала гаспадыня лістападаўскай гасцёўні спонсарам сёлетніх спатканняў: ЧПУП “Мемком” (дырэктар Юрый Гурскі) і ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” (Іван Лупіш).

IMG_7031IMG_7015

Пасля ўрачыстага ўзнагароджвання ўдзельнікаў гасцёўні дыпломамі і традыцыйнымі сувенірамі ў выглядзе кляновых лісткоў, якія разляцеліся па Беларусі, Польшчы і Літве, гасцей чакаў яшчэ адзін падарунак – музычны, падораны артыстам Гродзенскай абласной філармоніі, магістрам музыкі Уладзімірам Захаравым. Разам з восеньскім лістападам абрынуліся на прысутных у зале людзей непаўторныя класічныя мелодыі. Струны гітары і лютні звінелі ў гонар чалавека, чые заслугі варты нашай памяці, і чыё імя будзе жыць да той пары, пакуль у нас будзе жаданне перадаваць яго нашым нашчадкам.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *