Святыня кальвіністаў у Жупранах

Главное

zuprany_1_1351284011_b1
Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта http://shemet-art.com/

Ужо ў 1595 годзе ў Жупранах існаваў пратэстанцкі збор, аб чым сведчыць «Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», які быў апублікаваны ў XIX стагоддзі. Пра гэта ж піша тагачасны польскамоўны даследчык Чэслаў Янкоўскі ў сваёй шматтомнай працы «Ашмянскі павет». Гісторык паведамляе, што трымаў у руках дакумент, які пацвярджае, што ў 1595 годзе жупранскі кальвінісцкі пастар Станіслаў Корвінус правёў абмен земляў з уладальнікам вёскі Нарбуты — панам Барталамеем Нарбутам.

У часы Вялікага Княства Літоўскага кальвінізм стаўся модным веравызнаннем сярод шляхты і магнатаў. Падтрымалі гэты рэлігійны рух і князі Радзівілы, якім належалі Жупраны. Кальвінізм называўся гэтак ад прозвішча заснавальніка — рэлігійнага дзеяча Жана Кальвіна, які пашыраў свае ідэі ў Швейцарыі. Кальвіністы, як і іншыя пратэстанты, не прызнавалі культу абразоў, Дзевы Марыі ды святых. Яны адмаўлялі традыцыю, рэлігійныя паданні, абапіраючыся толькі на евангеллі, за што іх называлі таксама евангелікамі. Паслядоўнікі кальвінізму не прымалі вушной споведзі, сакраманту святарства ды некаторых іншых таінстваў. Калі ў каталіцкай царкве вяліся набажэнствы на лаціне, то кальвіністы настойвалі, што маліцца і прапаведаваць трэба на зразумелай для людзей мове. Адным з істотных перакананняў кальвіністаў была вера ў тое, што Бог ад самага пачатку прызначыў некаторых людзей да збаўлення, а некаторых да вечных пакутаў пасля смерці. Адным са знакаў Боскага выбранства быў дабрабыт і зямное шчасце. Адсюль імкненне кальвіністаў да дастатку, зацікаўленне гандлем, навукай і тэхнікай, што, паводле некаторых сацыёлагаў, дало пачатак новым фінансавым адносінам — капіталізму. Святыні кальвіністаў называліся зборамі, бо там на малітву і вывучэнне святога пісання збіраліся вернікі.

Вядома, што ў Жупранах кальвіністы заснавалі вельмі добрую школу, выпускнікі якой вучыліся пасля ў еўрапейскіх універсітэтах. Дзейнічаў у Жупранах таксама шпіталь, над якім апекаваліся паслядоўнікі Жана Кальвіна. У жупранскім зборы праходзілі мясцовыя нарады (сіноды) кальвінісцкіх вернікаў.

Для ўтрымання жупранскіх пастараў князі Радзівілы далі маёнтак Амаляны, вёску Юшкі, якая некалі існавала на беразе Ашмянкі, возера ў Рачунах, некалькі сенажацяў ды ніў. Парафіянамі кальвінісцкага збора былі перадусім прадстаўнікі мясцовай шляхты: Пясецкія, Заблоцкія, Абрамовічы, Зарэмбы, Багдановічы ды іншыя роды.

Адной з самых ахвярных для жупранскага збора асобаў была маркграфіня Брандэнбургская Людвіка Караліна з роду Радзівілаў, якая большую частку жыцця правяла ў Берліне. Яна абавязала арандатара Жупранаў Андрэя Пэзарскага ўсю гадавую плату за арэнду (каля 6100 злотых) ахвяраваць на кальвінісцкія святыні ў Жупранах, Вільні і Лебедзеве. Не забылася, аднак, маркграфіня і пра каталіцкі касцёл у Жупранах. Паводле яе наказу арандатар Пэзарскі заняўся рэстаўрацыяй згарэлага ў 1692 годзе каталіцкага храма. На рамонт касцёла былі скіраваны грошы з «непрадбачаных» прыбыткаў: са штрафаў, накладзеных «за непаслухмянасць і бунт» на жыхароў вёсак Чэхі і Маркунцы; грошы за скуры здохлай ад памору скаціны ў Жупранах і гэтак далей. Рамонтам касцёла кіраваў цясляр Казлоўскі з Барун. Дакументы падаюць, што пры ўзвядзенні новых сценаў рабочых пачаставалі цэлай бочкай піва, а ўвесь рамонт каштаваў 900 злотых. Таксама гістарычныя матэрыялы сведчаць, што пры росквіце кальвінізму ў мястэчку не заціхала і каталіцкае рэлігійнае жыццё.

А дзе ж у Жупранах знаходзілася кальвінісцкая святыня? Літаратуразнаўца Уладзімір Содаль у кнізе «Жупранская старонка» выказаў здагадку, што святыня магла знаходзіцца каля моста праз Ашмянку па дарозе ў Замасцяны. Паводле Содаля, некалі тут знаходзіўся гістарычны цэнтр мястэчка, было некалькі корчмаў, млын. Гэты тэзіс пацвярджае выпускніца Беластоцкага ўніверсітэта Івона Сівіцкая. У сваёй магістарскай працы, прысвечанай каталіцкім парафіям на Ашмяншчыне, даследчыца выкарыстала матэрыялы з віленскіх архіваў. Паводле дакументаў, у 1784 годзе ў Жупранах яшчэ дзейнічаў кальвінісцкі збор. У дакументах апісваецца дарога з Жупранаў у Крэва: «Пачынаючы ад касцёла жупранскага, на поўдзень, каля евангелісцкага збора, праз мост на Ашмяне-рацэ, праз вёску Замасцяны, якая ляжыць на правым баку, праз бор каля карчмы ў Гудзянятах…». Гэтыя словы пацвярджаюць гіпотэзу, што кальвінісцкая святыня стаяла каля Ашмянкі па дарозе ў Замасцяны.

У «Ашмянскім павеце» Чэслава Янкоўскага можна прачытаць, што ў 1730 годзе шляхцянка Гэлена Мураўская збудавала на пляцы каля ракі Ашмянкі дом, які ахвяравала пасля сваёй смерці на збор. Гэтак жа зрабіла ўдава Анна Вілямоўская, жадаючы «жыццё пры хвале Божай весці», як яна запісала ў тастаманце. На пляцы каля збора яна збудавала двор з гаспадарчымі пабудовамі, якія пасля яе смерці перайшлі кальвінісцкаму прыходу. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што рэлігійнае жыццё кальвінісцкіх вернікаў у Жупранах насамрэч канцэнтравалася на беразе ракі.

Адным з важных фактаў з’яўляецца згадка Чэслава Янкоўскага, што ў 1661 годзе плябанія евангелісцкага пастара была зруйнавана падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Адзначаецца, што на месцы плябаніі зрабілі дарогу, а жыллё пастара знаходзілася на востраве на рацэ Ашмянцы. Верагодна, што плябанія стаяла недалёка ад так званага старога маста праз Ашмянку, рэшткі якога захаваліся дагэтуль. Дзесьці побач з жытлом пастара мусіў знаходзіцца і збор. Знайсці дакладную лакалізацыю гістарычнай пабудовы застаецца заданнем для спецыялістаў.

Чэслаў Янкоўскі падае, што ў 1716 годзе драўляны жупранскі збор ледзьве трымаўся, падпёрты з усіх бакоў. Будынак меў сем вокнаў, з якіх тры былі забіты дошкамі. Званіца, скрыўленая пад цяжарам двух званоў, стаяла асобна. Даволі добра выглядаў толькі шпіталь, які знаходзіўся на кальвінісцкіх могілках.

Пазбавіўшыся падтрымкі Радзівілаў, якія перайшлі ў каталіцтва, кальвінізм на землях Вялікага Княства Літоўскага паступова згасаў. Паводле даследчыцы Івоны Сівіцкай, у 1768 годзе на ўвесь Ашмянскі павет было толькі 26 кальвінісцкіх вернікаў. Імаверна, усе яны належалі да жупранскай парафіі. На гэты час на Ашмяншчыне ўжо не было іншых кальвінісцкіх святыняў. У першай палове XIX стагоддзя збор зачынілі, але некаторы час ён яшчэ стаяў як старая замшэлая будыніна, аж пакуль не заваліўся ад старасці.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *