Што век прагрэсу нам нясе?

Главное

Фото с сайта http://hi-news.ru
Фото с сайта http://hi-news.ru

Сучасная індустрыя не перастае здзіўляць. Здавалася б, ну што яшчэ можна вынайсці?! Усё ўжо прыдумана да нас. Не замахваюся на сферу высокіх тэхналогій з яе амаль штодзённымі навінкамі, найсучаснейшымі гаджэтамі, наварочанымі дадаткамі, ультрамоднымі планшэтамі, разбіраючыся з якімі можна зламаць галаву. Тут, як кажуць, здымаю шляпу.

Я пра больш простае, прыземленае, звыклае. Скажам, вы даўно заходзілі ў магазін гаспадарчых тавараў? Сваёй разнастайнасцю яны могуць паставіць у тупік любога. Якіх толькі баначак-скляначак тут няма?!  Вось бы здзівіліся нашы бабулі, якія не ведалі лепшага посуду, чым драўляныя кадкі, дзежкі, маслабойкі, гліняныя гарлачыкі і вечныя чыгункі (так званыя саганчыкі). Ды што там бабулі! Прызначэнне некаторых прадметаў здольна збянтэжыць нават маладых гаспадынь. Вось, напрыклад, «держатель для молока» (назва на цэнніку) — гэтакая дзіравая кружка, — аказваецца, служыць як ёмкасць для пакетаў. А як вам прэс для зубной пасты ў выглядзе прыгожых вуснаў? Гэта нішто іншае як своеасаблівы «пояс» для цюбіка — маўляў, выцісну ўсю пасту да апошняй кроплі.

Рознакаляровымі бакамі прывабліваюць пакупніка ёмкасці для часнаку, лімона (толькі чамусьці лімон у такой прыладзіне псуецца ужо праз два дні), разнастайныя кантэйнеры… Ну згадзіцеся, не без фантазіі чалавек прыдумаў прыстасаванне «Яечня», якое зберажэ вашу мікрахвалёўку і дапаможа прыгатаваць гэтую простую страву. Я ўжо не кажу пра яблык і яйцарэзкі, сіты і сіцечкі для мукі, чаю, плёнку-стыкер, губкі для мыцця посуду рознага саставу, формы і калібраў, кручкі і заціскі, або так званыя кліперы для пакетаў, магнітны трымальнік для нажоў… Глянеш на паліцы — вочы разбягаюцца. Насамрэч, столькі карысных прыстасаванняў. Ну немагчыма чаго-небудзь не прыдбаць, асабліва калі завітаў у краму разам з сяброўкай, калегай – так бы мовіць, за кампанію.

Падчас чарговага паходу ў магазін заўважыла яшчэ адну цікавую штуковіну — сферу для мыцця бялізны. Адразу нават і не здагадаешся. Два шарыкі, змешчаныя адзін у адным, згодна з інструкцыяй дапамогуць пры мыцці і нейкім асаблівым чынам захаваюць стан рэчы. Карысць і толькі!

Зразумела, што сіліконавымі прыналежнасцямі — формамі для выпечкі, кісткамі, чарпакамі і лыжкамі, падстаўкамі пад гарачае — ужо нікога не здзівіш. Яны занялі трывалае месца ў арсенале амаль кожнай гаспадыні. Ну яшчэ б: нічога не прыстае, не прыгарае — словам, і ў агні не гарыць і ў вадзе не тоне. Дзіва ды і толькі! Але чамусьці здаецца мне, што ні адна бабуля не памяняла б сваіх драўляных лыжак на наш сучасны цуд. Яно і зразумела. Экалагічнасць, што б там ні казалі, у пластмасавых, гумовых і такіх папулярных сіліконавых прыналежнасцей на парадак іншая. Усё ж хімія.

На днях трапіў на вочы каталог адной з касметычных кампаній. Пра прызначэнне прыстасавання, якое красавалася на яркай старонцы, скажу шчыра, не змагла здагадацца, пакуль не прачытала, што гэтыя жалезныя міні-грабельцы, аказваецца, масажор для спіны. Хацела б я паглядзець на тую спіну пасля такога сеансу…

Не, я зусім не супраць тэхналагічнага прагрэсу і не прапаную вярнуцца ў лапці. Але, мяркую, не заўсёды варта гнацца за растыражыраванымі навінкамі. Пяклі пірагі ў шкляных формах? Дык ці ёсць сэнс мяняць іх на модны сілікон? Той жа лімон, пэўна, яшчэ ні ў адной гаспадыні не ўцёк са звычайнай талеркі. То навошта яму тухнуць ў герметычнай, а нярэдка яшчэ і пластмасавай лімонніцы? Зрэшты, тут, як і ў стравах, кожны выбірае па сваім гусце. Карысць і здароўе або мода і прыгажосць. Трэцяга не дадзена.

Людміла ВЕРАС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *