Ашмянскія паэты наведалі Залессе

Культура

У свеце шмат мясцін, якія валодаюць прыцягальнай, магічнай сілай. Яны вабяць да сябе, на падсвядомым узроўні прымушаюць душу хінуцца да іх зноў і зноў. Для людзей з тонкім унутраным станам яны – крыніца творчага натхнення і азарэння. Успомніце хаця б, якім узрушэннем стала для Пушкіна Болдзіна і наколькі пладавітым быў для яго гэты перыяд.

IMG_7269

У Беларусі такім незвычайным магнітызмам надзелена Залессе – чароўны куток Смаргоншчыны, з якім звязаны жыццё і дзейнасць кампазітара, музыканта і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага. І хаця сам кампазітар ніколі не лічыў сябе прафесіяналам у музыцы, разам з нізкай мазурак і ўрачыстых маршаў ён пакінуў нам неўміручы “Паланэз соль мінор”, шэдэўр на вякі, які і сёння гучыць у шатах залескага парку і суправаджае шматлікіх наведвальнікаў адноўленай сядзібы земляка. У Залессі Агінскі мацаваў славу беларускага музычнага мастацтва, спалучаючы ў музыцы творчы ды патрыятычны пачаткі.

Сёлета, у гонар 250-годдзя з дня нараджэння кампазітара, у год, абвешчаны Сусветнай арганізацыяй ЮНЕСКА Годам Міхала Клеафаса Агінскага, у музеі ўрачыста адчынілася экспазіцыя. “Паўночныя Афіны” ізноў, як і пры Агінскім, становяцца своеасаблівым цэнтрам мастацтва і аказваюць істотны ўплыў на станаўленне маральных ідэалаў Смаргонскага краю, Гродзеншчыны, усёй Беларусі. Намаганнямі супрацоўнікаў музея тут ладзяцца выставы мастакоў, арганізуюцца сустрэчы з творчымі людзьмі і краязнаўчыя канферэнцыі. Вялікую цікавасць выклікаюць у наведвальнікаў музея тэатралізаваныя экскурсіі, праз якія вяртаецца да нас эпоха Агінскага. Часты госць у Залессі Міхаіл Фінберг са сваім калектывам. У тэатральна-музычнай зале гаспадарыць Мельпамена: з пастаноўкамі прыязджае сюды Мінскі абласны драматычны тэатр. А яшчэ тут ладзяцца сапраўдныя балі: пад музыку кампазітара кружацца ў танцы ў шыкоўных сукенках паненкі са сваімі кавалерамі.

IMG_7197

У творчы вір трапілі і мы, удзельнікі літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі ашмянскай раённай газеты. На літаратурную імпрэзу запрасілі нас навуковы супрацоўнік музея, наша зямлячка Таццяна Кляшчонак і сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, смаргонская паэтка Ала Клемянок. Разам з астравецкімі і смаргонскімі творцамі мы пачулі падрабязны аповед аб жыцці і дзейнасці Міхала Клеафаса і яго радні, “сустрэліся” з яго дзецьмі Эмай, Амеліяй і Ірэніушам, у вобразе якіх паўсталі супрацоўнікі музея Аксана Скробат, Наталля Чудакоўская і Васіль Грыбанаў, “завіталі” ў госці да Габрыэлі Пузыны, пісьменніцы, а па сумяшчальніцтву супрацоўніцы, перакладчыцы, даследчыцы творчасці Агінскага Таццяны Кляшчонак. Таццяна Іванаўна зрабіла пераклад паэмы Аляксандра Ходзькі “Залессе”, у якой аўтар прапануе склікаць у палацы творчых людзей: мастакоў, паэтаў, музыкантаў. Што ж, яго жаданне спраўдзілася!

Пад чароўныя гукі паланэзу паэты перайшлі ў аранжарэю, дзе як даніна павагі да выбітнай асобы гучалі прысвячэнні геніяльнаму кампазітару, шчымлівыя прызнанні ў любові да роднай старонкі і ўзнёслыя захапленні восеньскім ліставеем.

Вершы і песні на беларускай, рускай і польскай мовах запаўнялі памяшканне. Звінелі струны гітары Алы Клемянок. Глыбінёй пачуццяў краналі радкі паэта з Мядзела, пераможцы шэрагу рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў і ўладальнік “Залатога купідона” Аляксандр Быкаў, Гелены Андрыцы з в. Сялец Смаргонскага раёна і Валянціны Вайцюль са Смаргоні.

Астравецкі паэт, ураджэнец Данецкай вобласці Аляксандр Марозаў прэзентаваў нядаўна напісаную кнігу прозы “Дэбальцава. На лініі агню” і падарыў яе раённай бібліятэцы, а таксама парадаваў вершамі восеньскай тэматыкі. Патрыятычна-ўзнёсла гучала лірыка Святланы Бацюлевай і Людмілы Кухарэвіч.

Рознакаляровую палітру музыкі душы прапанавалі ашмянскія творцы Галіна Даўгашэй, Алена Місюк, Ядзвіга Чаплінская, Тэрэза Адашкевіч, Яніна Гардзей, Валянціна Васюкевіч, Ігар Спірыдовіч, Эдвард Сяргей, Яўген Куст.

І хаця кароткі восеньскі дзень хіліўся да спачыну, развітвацца зусім не хацелася. Цёплая хатняя атмасфера не адпускала, у душы гучаў “Паланэз соль мінор”, які разліваўся па пакоях палаца і губляўся дзесьці ў маляўнічым парку, сярод ціхага люстэрка сажалак, а новыя вершаваныя радкі прасіліся на паперу…

Удзельнікі літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты шчыра ўдзячны начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлане Баркоўскай, механіку Анатолю Гарлуковічу і вадзіцелю Станіславу Рымовічу за аказаную дапамогу ў арганізацыі паездкі.

Аліна САНЮК.

Фота Людмілы КОЗЕЛ.

Галіна Даўгашэй

Куточак Радзімы маёй дарагой

Агінскі, Залессе…там парк, нібы лес,

Там месяц дрэў кроны цалуе,

І жаліцца небу яго паланэз,

А восень лістотай танцуе.

Тут дыхаюць сцены, гавораць муры

Пра род той далёкі, славуты,

І новыя дбайныя гаспадары,

Іх словы душою пачуты.

Навокал такая стаіць цішыня,

Чуваць нават, сэрца як б’ецца,

Дабром і навукай спавіта зямля,

І толькі лунае бяссмерце.

Турысту тут вечнасць у вочы глядзіць

З глыбокай пяшчотай і сумам,

І вучыць, як краем сваім даражыць,

Быць вартым зямлі сваёй сынам.

Куточку Радзімы маёй дарагой

Радок свой удзячны складаю,

Гляджу на мінулае з лёгкай душой,

Больш постацей слаўных жадаю.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *