Тонкія струны душы Ядзвігі Чаплінскай

Культура

Жыццё пастаянна нам дорыць сустрэчы. Лёсавызначальныя і мімалётныя, яны неабходны, як глыток свежага паветра, ці, як бясцэнны вопыт, без якога немагчыма рухацца наперад. Яны, як фарбы, якія наносім мы на палатно свайго жыцця і толькі ад нас залежыць, якой у выніку атрымаецца карціна, якія колеры будуць на ёй пераважаць. Безумоўна, як бы мы не стараліся, будуць там і шэрыя фарбы, і яскравыя жоўтыя, і глыбокія блакітныя, бо ўсе мы розныя, як тая акварэльная палітра. Аднак душа наша часцей просіць светлых пастэльных адценняў, шукае сустрэч мяккіх і цёплых, якія нясуць душэўнае заспакаенне і напаўняюць нас глыбінёй пачуццяў і перажыванняў.

IMG_3196

Калі пісаць партрэт сябра літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты Ядзвігі Іосіфаўны Чаплінскай, то рука міжвольна пацягнецца да лёгкіх, празрыстых, ружовых, зялёных, васільковых, арабінавых… фарбаў. Вось такая яна, настаўніца роднай мовы, летуценніца, пяшчотная матуля, верная жонка, надзейная сяброўка і суседка, на сустрэчу з якой у раённую цэнтральную бібліятэку сабралася шмат яе калег па педагагічнай працы і прыхільнікаў паэтычнага дару.

-Душа паэта – гэта чыстая, крыштальная струна, — пачала творчую імпрэзу пастаянная вядучая спатканняў у клубе пры бібліятэцы Святлана Антонаўна Галінская. — Не кожнаму дадзена бачыць і адчуваць непаўторнае ў імгненнях жыцця. Наша госця мае “крыльцы матылька, якія трапечуць у грудзях і не даюць спакою”, а звонкія струны душы граюць узнеслы гімн роднай зямлі, бацькам, наваколлю…

IMG_3210

Традыцыйна знаёмства з героямі творчых сустрэч пачынаецца звесткамі з жыцця, якія пацвярджаюцца відэарадам са здымкаў. З цікавасцю слухалі наведвальнікі бібліятэкі аповед пра дзяцінства Ядзвігі Іосіфаўны і яе педагагічны шлях. А нарадзілася яна ў невялічкай і прыгожай вёсачцы Падгаі Граўжышкоўскага сельсавета ў працавітай і дружнай сям’і Барысевічаў. Бацька, Іосіф Іосіфавіч, атрымаў інваліднасць, у яго падчас вайны была паранена нага, але гэта не стала перашкодай для працы ў мясцовым калгасе. Маці, Марыя Мартынаўна, вялікая руплівіца, паспявала ўсюды: у хаце, за дзецьмі, на полі, у калгасе.

Шлях да адукацыі пачаўся ў дзяўчынкі з пачатковай Падгайскай школы. Затым была базавая школа ў Вялікіх Вайшнарышках, сярэдняя – у Гальшанах.

Пасля заканчэння школы Ядзвіга хацела звязаць свой лёс з медыцынай, але на вялікі жаль, а можа і не, для ажыццяўлення мары не хапіла запаветных балаў – яна не прайшла па конкурсе і разам з моладдзю з навакольных вёсак накіравалася ў суседнюю Літву. Дзяўчына ўладкавалася там на фабрыку цацак. Наведваючы бацькоў, часта сустракалася з настаўнікамі, а аднойчы дырэктар школы прапанаваў сваёй таленавітай вучаніцы паспрабаваць сілы ў навучанні дзяцей. Ядзвіга згадзілася, тым больш што школа была побач з бацькоўскай хатай.

Гэты паварот у жыцці дзяўчыны стаў лёсавызначальным. У 1973 годзе яна паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Любоў да роднага слова настаўніца прывівала спачатку клявіцкай дзятве, затым ажно да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў Вайшнарышках.

— Быў час, калі школы адкрываліся, а зараз наадварот, – з сумам расказвае Ядзвіга Іосіфаўна. — У Вайшнарышках, дзе я працавала, вучылася каля 160 дзяцей. Не магу глядзець, як гіне вёска, бо без яе наша краіна, як без каранёў. Вёска – гэта нашы традыцыі і абрады, бо яна бліжэй да зямлі, да нашых лугоў і палёў.

IMG_3230

Мажліва таму ў сваёй паэзіі Ядзвіга Іосіфаўна часта звяртаецца да вясковай тэматыкі. З любоўю піша пра родны край і землякоў, бацькоў і аднавяскоўцаў, уплятаючы слоўцы-крышталікі ў паэтычную аснову сваёй душы. З такім жа замілаваннем яе хуткія рукі вышываюць на льняных сурвэтках і ручніках беларускія ўзоры з валошак, шыюць мяккія цацкі ў падарунак для сяброў, вяжуць абновы для ўнукаў.

Гэты дар і пачуццё прыгожага перадала ёй у спадчыну матуля. Сёння хата Чаплінскіх можа “супернічаць” з прафесійнымі музеямі народнай творчасці. Тут і распісаны бабулін куфар, і тканыя посцілкі, што засталіся ў спадчыну ад маці, саламяныя кветкі і вышываныя крыжыкам карціны. Усё гэта надае ўтульнасці хаце, у якой Ядзвіга Іосіфаўна з мужам Войцехам Пятровічам нядаўна адзначылі 40 год сумеснага жыцця. У гэтым доме ніколі не было сварак. Ніхто не чуў тут брыдкіх слоў. Летам гэты ціхі дамок напаўняецца дзіцячай гаманой – прыязджаюць да бабулі з дзядулем унукі з Гальшан і Мінска. Часта наведваюцца ў бацькоўскі дом, каб аказаць дапамогу або атрымаць параду, дочкі з зяцямі. Наталля працуе мадэльерам у сталіцы, а Алена — галоўны эканаміст у СВК “Гальшанскі”. Родныя з прыхільнасцю ставяцца да паэтычнага таленту жанчыны і заўсёды радуюцца яе хоць і сціплым, аднак такім неабходным чалавеку перамогам. Яна стала лаўрэатам абласнога конкурсу “Поэзия – души движенье”, прысвечанага 90-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У раённым конкурсе патрыятычнай песні паэтка абараняла гонар Граўжышкоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу і заняла другое месца ў намінацыі “Свабодная тэма”. Некалькі год назад Ядзвіга Іосіфаўна разам з ашмянскімі паэтамі ўдзельнічала ў паэтычнай вандроўцы па Літве, у свяце беларускай, польскай і літоўскай паэзіі і літаратурным фестывалі “Ліра Сыракомлі”. Яе вершы ўвайшлі ў сумесны паэтычны зборнік “Сустрэчы”.

На творчай імпрэзе гучала шмат вершаў Ядзвігі Іосіфаўны. Чытала іх сама паэтка, а таксама вучні СШ № 2 Ягор Міхайлоўскі, Вікторыя Дакурна, Таццяна Вайгяніца і Дзіяна Багдановіч.

“Душа паэта”, “Матуліна малітва”,“Маміны рукі”, “Вянок Максіму”, “Мая Ашмяншчына”, Дарога да Вострай Брамы” – гэтыя і іншыя вершы паэткі ўвайшлі ў зборнік “ Мелодыі маёй душы”, які падарылі сваёй госці супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Шмат цёплых слоў выказалі Ядзвізе Іосіфаўне Чаплінскай удзельнікі клуба “Сустрэчы” і калегі па педагагічнай і творчай дзейнасці: Надзея Мікалаеўна Мотус, Марыя Іосіфаўна Місевіч, Яўгенія Іосіфаўна Павілойць, Любоў Савельеўна Філон, Яніна Валянцінаўна Спірыдовіч, Галіна Аляксандраўна Даўгашэй, Пётр Валяр’янавіч Шакола, Аліна Мікалаеўна Санюк.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *