Фальклорная вандроўка са сталіцы ў Мураваную Ашмянку

Культура

Ашмянская глыбінка багата на таленты. Тут ведаюць і паважаюць свае карані, працягваюць і захоўваюць традыцыі продкаў. Багатай скарбніцай творчых набыткаў з’яўляюцца сельскія ўстановы культуры. Амаль пры кожным клубе існуюць фальклорныя калектывы – захавальнікі спрадвечнай песеннай спадчыны. Аснову такіх калектываў ствараюць, безумоўна, людзі сталага ўзросту, якія выконваюць песні сваіх матуль. Фальклорныя традыцыі пераходзяць з пакалення ў пакаленне разам з саматканымі посцілкамі, вышыванымі ручнікамі, вырабамі з залатой саломкі: капелюшамі, павукамі, кветкавымі кампазіцыямі. Прыемна, калі да душэўнай беларускай песні далучаецца моладзь і распаўсюджвае яе ў сучасным асяроддзі. Менавіта гэта акалічнасць яскрава пацвердзілася падчас наведвання аграгарадка Мураваная Ашмянка здымачнай групай праекта “Наперад у мінулае” тэлеканала «Беларусь-3».

018

 

Удзельнікі тэлевізійнага праекта на Ашмяншчыне не ўпершыню. Песні ўзорнага ансамбля “Званочкі” СШ №1, фальклорнага калектыву Кальчунскага аддзела культуры і вольнага часу і жаночага дуэта Каменналогскага сельскага клуба ў сучаснай аранжыроўцы і ў выкананні вядомых эстрадных артыстаў ужо гучалі ў эфіры Трэцяга нацыянальнага тэлеканала.

Сёлета вандроўка Аксаны Вечар са сваімі калегамі па Ашмянскім краі прадоўжылася і прывяла іх у прывабны куток, адкуль нёс асвету праз друкаванае слова Крыштаф Монвід Дарагастайскі. Мяркуецца, што менавіта тут у 1602 годзе пабачыла свет яго знакамітая энцыклапедыя “Гіпіка, альбо Кніга пра коней”. Славуты знаўца і аматар коней, дзяржаўны дзеяч, ваеначальнік, падарожнік, доктар медыцыны, выдавец, вучоны-даследчык, паэт і асветнік Крыштаф Дарагастайскі паходзіў з Монвідаў, аднаго з заможных і старажытных родаў у Вялікім княстве Літоўскім. Радавы маёнтак Мураваная Ашмянка атрымаў ён у спадчыну пасля смерці бацькі Мікалая Дарагастайскага. Прыкладна ў адным кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі знаходзяцца сцены будынка друкарні. У 1615 годзе тут было выдадзена шэсць палемічных кніг мясцовага казнадзея евангеліка Войцеха Салінарыуса “Цэнзура”.

013

Расповед пра адметнасці гэтай старонкі нашага краю Аксана Вечар павяла разам з мясцовымі жыхарамі, якія засведчылі, што раннія матэрыялы ў знойдзеных гістарычных дакументах пра вёску адносяцца да XVI стагоддзя. Але калі ў тыя часы вёска згадваецца як адзін з цэнтраў рэфарматарскага руху, то трэба меркаваць, што ўзнікла яна значна раней. У канцы 1812 года праз Ашмянскі павет прайшлі рускія войскі. Казакі атамана Платава без бою занялі Мураваную Ашмянку, атрад французаў здаўся ў палон. Лагер атамана размясціўся на правым беразе Ашмянкі, побач з дарогай на Тургелі. Зараз на тым месцы стаіць сцяной лес пад назвай Платы.

На паўночным захадзе, на адлегласці каля кіламетра ад гістарычнага цэнтра вёскі, ля падножжа маляўнічага ўзгорка Маргі струменіць крынічка, з якой пачынаецца рака Ашмянка.

Безумоўна, звяртае на сябе ўвагу драўляны касцёл імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны ў 1790 годзе па фундацыі падкаморыя Ігната Важынскага. У межах агароджанага касцёльнага двара адасоблена стаіць двух’ярусная каркасная званіца, якая з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства Беларусі.

Багацце любога краю ствараюць людзі: нястомнай працай, захаваннем памяці пра сваіх землякоў, творчымі здольнасцямі, адметным бачаннем навакольнага свету. Аб талентах мураванаашмянкоўскай старонкі засведчылі народныя майстры Сяргей Савасцінкевіч і Данута Міхайлоўская — самародкі з велізарнымі творчымі сіламі, работамі якіх немагчыма не захапляцца. Сяргей Савасцінкевіч працуе настаўнікам гісторыі і замежнай мовы ў роднай школе. Вядзе гурток “Мастацкая палітра” і вучыць сваіх выхаванцаў не толькі бачыць прыгажосць роднай зямлі, але і перадаваць яе ў фарбах. Карціны мастака выстаўляліся ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Гальшанах, выставачнай зале г.Слоніма, на фэстах Беларусі, на “Славянскім базары” ў Віцебску.

Калега Сяргея па педагагічнай дзейнасці, а таксама па захапленні мастацтвам Данута Міхайлоўская выкладала матэматыку ў Мураванаашмянкоўскай школе. Яна займаецца разьбой па дрэве, піша карціны, гумарэскі. Неаднаразова са сваімі творамі займала прызавыя месцы на раённых і абласных аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці.

Беражліва захоўваюць перададзены матулямі талент Рэгіна Валадковіч і Марыя Мацвейка, саматканыя посцілкі і вышываныя ручнікі якіх упрыгожылі сцэну падчас здымак перадачы.

Народную песенную творчасць прадставілі фальклорны калектыў пад назвай “Выток”, а таксама выхаванцы Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў у аграгарадку Мураваная Ашмянка.

Фальклорны гурт “Выток”, якім кіруе загадчык Мураванаашмянкоўскага сельскага клуба Аліна Лыскойць, заявіў аб сабе 45 год назад, менавіта тады пачала працаваць у сферы культуры сама Аліна Уладзіміраўна. Большасць удзельнікаў гурта спявае ў ім з першых дзён стварэння. Усёй душой адданы народнай песні Леанарда Каспяровіч, Галіна Варанецкая, Алена Ліштван, Марыя Мацвейка, Валянціна Завадская, Людміла Дзедзюль, Жанна Кірышчэнка, Тэрэза Цяпоева, Генуэфа Бараноўская і Станіслава Бітэль, Іосіф Дзедзюль, Аляксандр Грышчанкоў. Ні адно выступленне гурта не абыходзіцца без баяніста Мікалая Макавецкага. Заўсёды прыходзіць на дапамогу сваім калегам настаўнік дзіцячай школы мастацтваў Юрый Брашко.

032

Любоў і павагу да народнай спадчыны прывівае сваім вучням на ўроках і пазашкольных мерапрыемствах Вольга Чаплінская. Размешчаныя пад адной страхой з клубнай установай класы Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў заўсёды адкрыты для юных талентаў. Нават канцэртныя праграмы для мясцовых жыхароў тут ладзяцца сумесна. Творчасць яднае пакаленні, таму і нядзіўна, што ў аграгарадку побач з фальклорным ансамблем сталых жыхароў ужо многія гады існуе дзіцячы фальклорны калектыў школы мастацтваў. Разам з Вольгай Францаўнай дзеці працягваюць творчыя традыцыі сваіх продкаў, знаёмяцца з гісторыяй роднай старонкі.

Па ўмовах праекта “Наперад у мінулае” з прапанаванай песеннай праграмы будзе выбрана толькі адна песня, якая прагучыць у новай версіі беларускага выканаўцы. Эфір тэлеперадачы пра вандроўку ў Мураваную Ашмянку запланаваны на лістапад. Канкрэтную дату і час мы паведамім нашым чытачам пазней.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *