У Ашмянскім раёне адсвяткавалі «Дажынкі»

Главное

У мінулую суботу аграгарадок Жупраны прымаў свята хлебаробаў Ашмяншчыны — сёлета тут прайшлі раённыя «Дажынкі». Павіншаваць аграрыяў сабраліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, прадстаўнікі мясцовай улады.

IMG_1520

Як аказалася, пляцоўка для свята абрана нездарма: аграрыі СВК «Кракоўка» ўнеслі важкі ўклад у раённы каравай. Дарэчы, сёлета ён склаў 73,6 тысячы тон пры ўраджайнасці 42,8 цэнтнера з гектара. Гэта найлепшы паказчык валавага збору зерня ў бункернай вазе за апошнія гады, адзначыў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Ясюкайціс. Амаль 16 тысяч тон — такі вынік кракоўскіх хлебаробаў на жніве — 2015.

IMG_1443

Святочны настрой адчуваўся ў Жупранах з самага ранку: вяскоўцы, а таксама госці аграгарадка, адклаўшы ўсе свае справы, спяшаліся ў цэнтр — самае сэрца падзей. Нават надвор’е ў гэты дзень злітавалася, ласкавае сонейка з задавальненнем прабеглася па прыгожых, святочна прыбраных вуліцах, зазірнула ў гаспадарскія падворкі, дзе за новенькім плотам буяюць восеньскія кветкі, чакаюць свайго «зорнага часу» морква, буракі, часнок, і спынілася над галоўнай пляцоўкай, ля аддзела культуры і вольнага часу.

IMG_1632

Менавіта тут разгарнулася раённае свята рупліўцаў хлебнай нівы. Адкрыла «Дажынкі» святочнае шэсце ўдзельнікаў і пераможцаў сёлетняй уборачнай кампаніі. Лепшыя жнейкі кожнай з гаспадарак уручылі дажыначныя снапы сваім кіраўнікам. Галоўны дажыначны сноп, як увасабленне багацця нашай Ашмяншчыны, ад працаўнікоў вёскі прыняў старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек. Кіраўнік раёна падзякаваў аграрыям за стараннасць, руплівасць, любоў і адказнасць да сваёй справы. Асаблівыя словы ўдзячнасці Міраслаў Сарасек выказаў аграрыям іншых рэгіёнаў Беларусі, якія падчас жніва працавалі на ашмянскай ніве. А гэта трыццаць экіпажаў, дзякуючы якім атрымалася сапраўдная талака. Агульнымі намаганнямі ўдалося сабраць зерне новага ўраджаю без страт у даволі сціслы тэрмін — за 22 дні.

IMG_1660

Сёлетні ўраджай парадаваў аграрыяў Ашмяншчыны. Пераможцам раённага спаборніцтва стаў СВК «Ашмянскі Світанак». Тут з кожнага гектара атрымана 59 цэнтнераў зерня. Адзін з лепшых вынікаў і другое месца — у гальшанскіх працаўнікоў, якія сабралі 16 243 тоны зерня пры сярэднім намалоце 58,4 цэнтнера з гектара. Самая вялікая пасяўная плошча ў гэтым годзе ў СВК «Кракоўка» — 3 419 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць тут — 47,9 цэнтнера з гектара.

Як адзначыў падчас віншавання дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, IMG_1627намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, абласны каравай заважыў сёлета каля 1 мільёна 700 тысяч тон зерня пры ўраджайнасці 52 цэнтнеры з гектара, што можна лічыць своеасаблівым рэкордам рэгіёна за апошнія дзесяць гадоў. У гэтым ёсць заслуга і ашмянскіх хлебаробаў, якія сабралі амаль на 10 тысяч тон больш, чым летась.

— Сённяшняе свята «Дажынкі», рэзультаты жніва — 2015, — адзначыў Віктар Лісковіч, — яскравы прыклад таго, што палітыка, якая праводзіцца ў дзяржаве, — дае свае плённыя вынікі.

Асаблівым момантам раённых «Дажынак» стала цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў жніва — 2015. Дзясяткі імёнаў ў спісе самых старанных і дбайных працаўнікоў. Сярод іх  камбайнеры-тысячнікі і іх памочнікі, вадзіцелі, работнікі зернесушыльных комплексаў, механізатары, спецыялісты гаспадарак (падрабязна чытайце ў бліжэйшых нумарах газеты). Дыпломы, граматы, падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі райвыканкама, Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Ашмянскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза аграпрамысловага комплексу, дыпломы і падарункі ГА «БРСМ» знайшлі сваіх пераможцаў.

IMG_1636

Рупліўцы хлебнай нівы прымалі ў гэты дзень шчырыя віншаванні не толькі ад прадстаўнікоў улады, але і ад артыстаў. Святочную атмасферу стваралі раённыя калектывы «Крыніцы», «Жытніца», «Граўжанцы», кальчунскага аддзела культуры і вольнага часу. Сапраўдным падарункам стала для ўсіх прысутных выступленне ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя росы» з Гродзенскай абласной філармоніі. Лірычныя кампазіцыі арганічна спалучаліся з жартоўнымі мініяцюрамі, якія, трэба адзначыць, прыйшліся даспадобы вяскоўцам. Разнастайны рэпертуар, у якім знайшлося месца не толькі беларускім народным песням, але і яўрэйскім, польскім, цыганскім матывам, дапаўнялі яркія вобразы артыстаў — па ўсім бачна, што над касцюмамі працавалі гэтак жа старанна.

Падчас свята праходзіў раённы конкурс на лепшага повара сталовых гаспадарак раёна, бо менавіта яны дбалі пра тое, каб пустыя страўнікі не перашкаджалі аграрыям у час жніва. Ацаніць кулінарныя здольнасці повараў мелі магчымасць усе прысутныя, аднак рашаючы голас быў, канешне ж, у журы. Дыпломы Ашмянскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў розных намінацыях атрымалі повары кожнай з гаспадарак: Алена Кураловіч («Ашмянскі Світанак»), Яніна Болзан (СВК імя Кляцкова), Алена Місюкевіч (СВК «Граўжышкі»), Валянціна Шаверда (эксперыментальная база «Баруны»), Святлана Шляпяціс (СВК «Кракоўка»), Людміла Былінская (СВК «Прыгранічны»), Алена Стэфановіч (СВК «Гальшанскі»).

Зрэшты, удзельнікі свята змаглі паспытаць не толькі тыя стравы, якія прапанавалі повары, але і духмяны каравай — сімвал новага ўраджаю.

IMG_1615

Працягнуў «Дажынкі» ў Жупранах святочны канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы разам». Фіналісты вакальнага конкурсу разам з прафесійнымі артыстамі беларускай эстрады — дуэтам Аляксандра&Канстанцін, Сашай Нэма — не толькі радавалі гледачоў сваёй творчасцю, але і запрашалі на сцэну, каб паўдзельнічаць у музыкальным нумары або атрымаць узнагароду. Так, заслужаныя падарункі ад Ашмянскага раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымалі  працоўныя дынастыі раёна, людзі, якія сваёй стараннасцю і адданасцю справе павялічваюць дабрабыт роднага краю. Сярод іх — сям’я Кашчыц, тры пакаленні якой працуюць у ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», сям’я Станкевіч — Літвіновіч, агульны стаж якой на Ашмянскім сыраробным заводзе складае 60 год, і сям’я Станкевіч, шэсць прадстаўнікоў якой заняты ў СВК «Гальшанскі».

На цэнтральнай плошчы на працягу ўсяго дня было шумна і весела. Тут разгарнулі гандаль палаткі Ашмянскага мясакамбіната, раённага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, сыраробнага завода. Людна было і на выставе-продажы. Народныя майстры Ашмяншчыны, Вілейскага краю і іншых рэгіёнаў прадставілі тут свае вырабы. Карысталіся попытам не толькі дробязі — сувеніры накшталт магнітаў і разнастайных свістулек, — але і патрэбныя ў гаспадарцы рэчы: плеценыя кошыкі, сельскагаспадарчыя прылады. Весела бавілі час і самыя маленькія ўдзельнікі свята. Надзіманыя атракцыёны, міні-квадрацыклы, салодкая вата, поп-корн, цукровыя пеўні, цацкі чакалі хлопчыкаў і дзяўчынак…

Святочная атмасфера яшчэ доўга радавала вяскоўцаў і гасцей аграгарадка.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

IMG_1740IMG_1542 IMG_1559 IMG_1515 IMG_1487 IMG_1427

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *