“Паўночны вектар Гродзеншчыны»: новыя магчымасці і перспектывы для Ашмянскага раёна

Главное

У мінулую суботу гасцінна сустракала шматлікіх гасцей Астравеччына. Сюды, на шосты Міжнародны эканамічны форум “Новыя магчымасці і перспектывы” і рэгіянальную выставу-кірмаш “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, з’ехаліся не толькі вытворцы, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу трох паўночных раёнаў вобласці: Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага, але і шматлікія дэлегацыі з Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі і Кітая. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу краіны, міністэрстваў і ведамстваў, кіраўніцтва вобласці, члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сапраўдным святам стаў гэты дзень для мясцовых жыхароў.

Адразу тры нагоды прымусілі іх пакінуць утульнае жытло — да вышэйзгаданых трэба дадаць юбілейную, 75-ю206 гадавіну з дня ўтварэння Астравецкага раёна — і накіравацца мяккай жнівеньскай раніцай у цэнтр горада, дзе гучала музыка, клікаў да сябе “Горад майстроў”, прасіліся ў торбу прысмакі астравецкіх гаспадарак і прадпрыемстваў трох удзельнікаў-суседзяў гэтага вірлівага шматлюднага мерапрыемства.

Патэнцыял трох раёнаў Гродзеншчыны абмяркоўваўся падчас Міжнароднага эканамічнага форуму, у рабоце якога прынялі ўдзел пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль, саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Сяргей Ножкін.

Вітаючы гасцей форуму, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалька адзначыў, што пяцігадовы вопыт правядзення эканамічных форумаў і рэгіянальных выстаў дазваляе арганізатарам і ўдзельнікам па-новаму глянуць на развіццё паўночнага рэгіёна, ацаніць яго магчымасці і перспектывы:

— Мы з задавальненнем адзначаем, што ў рамках “Паўночнага вектара” ў нас з’явіліся новыя магчымасці для развіцця даўніх дзелавых зносін са Швянчонскім раёнам Літвы, Лідзбаркскім паветам Польшчы, горадам Сасновы Бор Ленінградскай вобласці. – VI Міжнародны эканамічны форум дасць імпульс паўночнаму рэгіёну ў развіцці новых партнёрскіх зносін з Мядзельскім, Маладзечанскім і Вілейскім раёнамі, сумесна з якімі ў Маскве ў 2014 годзе быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве з Фондам садзейнічання развіццю муніцыпальных утварэнняў “Асацыяцыя тэрыторый размяшчэння атамных электрастанцый”.

013

Што тычыцца інвестыцый, якія прыходзяць у Астравецкі раён, то дынаміка іх паступлення звязана перш за ўсё з узвядзеннем АЭС, хаця сродкі ў значнай меры ідуць і на развіццё горада, прадпрыемстваў, інфраструктуры. З’явіліся інвестары не толькі для будаўніцтва шматкватэрных дамоў, але і сядзібнай забудовы. Да 2017 года плануецца пабудаваць тры новыя мікрараёны, у якіх будзе пражываць каля 30 тысяч жыхароў. На Астравеччыне зарэгістравана 21 прадпрыемства з замежным капіталам. У хуткім часе сельскагаспадарчы раён ператворыцца ў прамысловы.

Дынамічна развіваецца і Смаргонскі раён, што адзначыў у сваёй прэзентацыі старшыня Смаргонскага райвыканкама Генадзь Харужык. У эканоміку раёна за 6 месяцаў гэтага года прыйшло каля 1,5 трлн рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Бясспрэчным лідарам з’яўляецца тут прадпрыемства з аўстрыйскім капіталам “Кронаспан”. На сённяшні дзень звыш 100 суб’ектаў гаспадарання Смаргоншчыны супрацоўнічае з 50 краінамі свету, у тым ліку з Японіяй, Канадай, ЗША, Францыяй, Камбоджай.

018Прэзентуючы эканамічныя і турыстычныя магчымасці Ашмяншчыны, старшыня Ашмянскага райвыканкама Міраслаў Сарасек зрабіў акцэнт на выгадным геаграфічным становішчы нашага раёна, а таксама на тым, што праз яго тэрыторыю праходзіць дзявяты транспартны калідор. Гэта дазваляе актыўна развіваць такую сферу, як лагістыка, і ствараць умовы для будаўніцтва лагістычных цэнтраў, аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу:

-Мы прапануем побач з трасай М7 узвядзенне аб’ектаў прыдарожнай інфраструктуры. Гатовы разгледзець розныя варыянты супрацоўніцтва з інвестарамі. Гэта могуць быць аўкцыёны, інвестпраекты, набыццё нерухомасці.

Сярод праектаў, прапанаваных інвестарам, кіраўнік раёна назваў такія, як рэканструкцыя кінатэатра і гасцініцы ў Ашмянах, стварэнне турыстычных кропак на месцы былога маёнтка графа Чапскага і сядзібы ўладальніка дражджавога завода Лейбы Стругача. Былі агучаны такія праекты, як арганізацыя вытворчасці цеплаізаляцыйных матэрыялаў і разовага экапосуду на ААТ «Ашмяны-Лён», вытворчасць святладыёдных лямпаў на ААТ “Радыётэхніка”, стварэнне вытворчасці бутыляванай артэзіянскай вады ў СВК «Гальшанскі» і інш.

Падчас эканамічнага форуму адбылося падпісанне трох дакументаў, якія пакладуць пачатак наладжванню больш цесных зносін з замежнымі партнёрамі. Астравецкі раён падпісаў доўгатэрміновае пагадненне аб эканамічным супрацоўніцтве з Лідзбаркcкім паветам Польшчы. Горад Лідзбарк-Варміньскі з’яўляецца пабрацімам Астраўца і трывала сябруе з раёнам у культурным, спартыўным і адукацыйным накірунку.

055

Намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Галіна Люткоўская ад Ашмянскага раёна і намеснік старшыні Гулбенскага муніцыпалітэту Андзіс Цауніціс ад латвійскага боку падпісалі пратакол аб намерах, які стане асновай для падпісання ў будучым пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферах культуры, эканомікі, адукацыі і інш. Такі ж дакумент быў падпісаны паміж Смаргонскім райвыканкамам і Марыямпальскім муніцыпалітэтам Літвы.

Удзел замежных дэлегацый у выставе-кірмашы “Паўночны вектар Гродзеншчыны” – сведчанне інвестыцыйнай прывабнасці гэтага рэгіёна вобласці, такое меркаванне выказаў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў, адкрываючы шостую рэгіянальную выставу-кірмаш:

— Сёння тры паўночныя раёны – Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі – атрымалі дынамічнае развіццё дзякуючы рэалізацыі ўнікальнага для Беларусі праекта па будаўніцтве АЭС. У рэгіён прыходзяць вялікія інвестыцыі. І на выставе, і на прымеркаваным да яе эканамічным форуме мы назіраем цікавасць да нашых раёнаў дзелавых колаў і дыпламатаў з розных краін. АЭС прыцягвае бізнесменаў і дае новыя інвестыцыйныя магчымасці для ўкладання капіталу ў спадарожныя сферы. На тэрыторыі трох раёнаў сканцэнтраваны значны вытворчы патэнцыял. Тут размешчаны прадпрыемствы цяжкай, харчовай, дрэваперапрацоўчай, лёгкай прамысловасці, будаўнічай галіны. Прыгранічнае палажэнне рэгіёна схіляе да развіцця тут міжнароднай кааперацыі, перш за ўсё з польскімі і прыбалтыйскімі, а таксама расійскімі партнёрамі.

На святочнай цырымоніі адкрыцця выставы-кірмашу ўрачыста былі вынесены сцягі трох паўночных раёнаў. Ганаровае права падняць сцяг “Паўночнага вектара Гродзеншчыны” выпала дырэктару ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” Івану Лупішу, дырэктару Смаргонскага ліцейна-механічнага завода Эдуарду Падгайскаму і вядучаму інжынеру па паляўнічай гаспадарцы Астравецкага лясгаса Віктару Урбановічу. Пасля сімвалічнага пераразання кіраўнікамі трох раёнаў чырвонай стужкі дэлегацыі і вытворцы накіраваліся да выставачных стэндаў.

423

Ажыўлена было як ў холе СШ №2, так і на вуліцы, дзе размясцілі лепшыя напрацоўкі вытворцы трох раёнаў. Ні адну экспазіцыю не абмінуў і старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, цікавіўся станам эканомікі прадпрыемстваў, узроўнем зарплаты работнікаў, выпушчанымі за апошні год навінкамі і перспектывамі на будучыню.

Васемнаццаццю прадпрыемствамі, як дзяржаўнымі, так малога і сярэдняга бізнесу, быў прадстаўлены на выставе эканамічны патэнцыял Ашмянскага раёна. У ліку лідараў на рынку прадуктаў харчавання ў краіне не першы год значацца ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” і Ашмянскі сыраробны завод – філіял ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”. Мадэрнізацыя сыраробнага завода дазволіла вывесці якасць выпускаемых сыроў на еўрапейскі ўзровень. Тут змогуць задаволіць запатрабаванні любога гурмана. Прысмакі з маркай “Сырны рай”, асабліва сыры з нізкім працэнтам тлустасці і высокімі смакавымі якасцямі, карыстаюцца вялікім попытам у расійскіх пакупнікоў. Упэўнена крочыць наперад і ашмянскі мясакамбінат. Апошні год тут значна павялічылі выпуск гатовай прадукцыі. Не можа не радаваць узросшы попыт на ашмянскія мясныя ласункі ў Астравецкім раёне – у сувязі з будаўніцтвам АЭС. Таму прадпрыемства актыўна працуе над пашырэннем сеткі фірменнага гандлю.

331

Ніхто не мінаў экспазіцыі ААТ Белкава”: людзі, як кажуць, ішлі на пах, што разносіўся па ўсёй вуліцы. Шмат дэлікатэсаў на любы густ прывезлі ў Астравец работнікі філіялу абласнога спажывецкага таварыства. Швейныя вырабы, сярод якіх камплекты пасцельнай бялізны, прадставіў камбінат бытавога абслугоўвання. Хоць і невялікія, аднак упэўненыя крокі па нарошчванні экспарту робіць ААТ “Гальшанскі крухмальны завод”. Свае напрацоўкі прэзентаваў дражджавы завод. У кітайскай дэлегацыі цікавасць выклікала вытворчасць паліўных брыкетаў нашага торфабрыкетнага прадпрыемства. Тыя, хто звязаны са сферай будаўніцтва, добраўпарадкаваннем і рамонтам, не праходзілі міма экспазіцый ТАА “ЕўраАлвіта”, ПГВУП “Туалсан”, гравійна-сартавальнага завода “Баруны”, ААТ “Будаўнік” і ААТ “Аграпрамтэхніка”. Вытворцы з армянскім капіталам – “Унісон груп” па выпуску кандытарскіх вырабаў, “Арм-спайка” – выпуск лаваша і “АНАЗАР”, якое спецыялізуецца на вытворчасці гофраўпакоўкі – частавалі сваіх гасцей печывам і вырабамі з выкарыстаннем лаваша.

Пра турыстычны патэнцыял раёна вялася размова ля экспазіцый аддзела адукацыі, спорту і турызму і краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча.

Увагі на самым высокім узроўні заслугоўвае вопыт работы Астравецкага лясгаса па інтэнсіўным развіцці прамысловай дзейнасці. Грандыёзныя планы на смаргонскай зямлі ў аўстрыйскай фірмы “Кронаспан” па вытворчасці ДСП і ламініраванага падлогавага пакрыцця, а ў далейшым – мэблі. Дарожным арганізацыям і службам ЖКГ было прапанавана звярнуць увагу на прадукцыю Смаргонскага ліцейна-механічнага завода, дзе выпускаюцца люкі плаваючага тыпу. І дарослыя, і дзеці не міналі лінейку прадукцыі Смаргонскага агрэгатнага завода: міні-трактары, газонакасілкі для камунальных службаў, а таксама робатызаваны комплекс пажаратушэння, які можна выкарыстоўваць там, куды складана патрапіць пажарнаму-выратавальніку. Цікавасць выклікалі і бронеаўтамабілі, выпускам якіх на працягу дзесяці год займаюцца на смаргонскім прадпрыемстве “Практыксервіс”, адзіным на Беларусі, якое выпускае браніраваную тэхніку.

Наведалі госці выставы-кірмашу і інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС, дзе знайшлі ў кіраўніка цэнтра Эдуарда Свірыда адказы на ўсе пытанні, звязаныя як з забудовай горада энергетыкаў, будаўніцтвам самой станцыі, так і з прынцыпамі яе работы.

312

 

“Паўночны вектар Гродзеншчыны” ў чарговы раз стаў не толькі выставай дасягненняў прадпрыемстваў трох раёнаў, але і святам для астраўчан і гасцей горада. Святочны настрой на мерапрыемстве стваралі работнікі гандлю, культуры і спорту. У канцэрце лепшых выканаўцаў трох раёнаў Ашмяны прадстаўлялі народны ансамбль народнай песні “Жытніца” Кракоўскага СДК і народны сямейны ансамбль “Граўжанцы” Граўжышкоўскага СДК. Свае вырабы ў “Горадзе майстроў” дэманстравалі народныя ўмельцы Ганна Ціхамірава, Валянціна Пакульневіч, Валянціна Свірская, Наталля Ромаш, Леанарда Казімірава. Падарункі ручной работы: альбомы, паштоўкі, блакноты, вырабы з атласных стужак набывалі госці на памяць аб свяце ў Маргарыты Замбрыцкай.

402

Шмат цёплых уражанняў пакінуў у гледачоў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Аматараў добрай песні сабраў вечарам канцэрт фіналістаў рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя галасы для любімай краіны”, у якім прынялі таксама ўдзел кампазітар Эдуард Ханок, Ірына Дарафеева і Вольга Плотнікава.

Андзіс Цауніціс, намеснік старшыні Гулбенскага муніцыпалітэту Латвіі:

-Мы хочам прыдаць дынаміку нашаму супрацоўніцтву з Ашмянскім раёнам. Сёння гаворым аб цесных 163кантактах сельгасвытворцаў, а таксама спартсменаў, прадстаўнікоў сферы культуры. Наша знаёмства адбылося падчас мерапрыемстваў, звязаных з вывучэннем геадэзічных пунктаў мерыдыяна Дугі Струвэ, такія пункты ёсць як у вас, так і на нашай тэрыторыі. Думаю, і ў гэтым накірунку мы будзем працягваць супрацоўніцтва. У ходзе кантактна-кааперацыйнай біржы, секцыйных пасяджэнняў форуму народзяцца ідэі для новых перспектыўных праектаў. Тут прысутнічаюць прадстаўнікі латвійскага бізнесу. Яны прадстаўляюць дрэваперапрацоўчую і вінаробную галіны і вельмі зацікаўлены ў наладжванні дзелавых сувязяў.

Я толькі другі раз на Беларусі. Падчас першага візіту наведаў Мінск. І магу смела сказаць, што Беларусь адкрытая для супрацоўніцтва дзяржава. Тут жывуць працавітыя і добрыя людзі, і той курс, які выбрала краіна, правільны, бо ён садзейнічае развіццю і росту дабрабыту народа.

Чэслаў Альшэўскі, віцэ-мэр самакіравання Вільнюскага раёна:

170-Наведваю Беларусь з вялікай настальгіяй. Гэта мая радзіма, менавіта з Катлоўкі Астравецкага раёна бяруць пачатак мае карані. Гэта зямля маіх бацькоў і прадзедаў.

Нашы партнёрскія сувязі з Ашмянскім раёнам, якім быў пакладзены пачатак у 2007 годзе, набіраюць моц. Пад вялікім уражаннем ад таго, як развіваецца ў вас турызм. У мінулы раз я наведваў конна-спартыўны цэнтр “Гіпіка” і быў вельмі задаволены ўбачаным. Калі праязджаю беларускімі дарогамі, не зводжу вачэй з акуратных, апрацаваных дбайнай рукой аграрыяў палёў. Нізка схіляю галаву перад подзвігам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як сведчанне гэтай памяці, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, які мне пашчасціла наведаць. Мне заўсёды ўтульна, як дома, у вашай сталіцы. Люблю няспешна прайсціся па вуліцах вашага еўрапейскага прыгожага горада, палюбавацца Траецкім прадмесцем і гонарам краіны – Нацыянальнай бібліятэкай у выглядзе алмаза.

Гэта ўсё, канешне, эмоцыі, аднак яны вельмі шчырыя. Нашы сувязі будуць і далей умацоўвацца. Мы ж суседзі, а калі звярнуцца да гісторыі, дык жыхары адной вялікай дзяржавы.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *