Ашмяншчына адзначыла Дзень Незалежнасці

События

3 ліпеня наша краіна адзначыла сваё галоўнае свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 71 год вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Семдзесят адзін год назад у трэці дзень ліпеня далёкага 1944 года разбураны ваенным ліхалеццем, але няскораны Мінск сустракаў вызваліцеляў — салдат Чырвонай Арміі. Сімвалічна, што гэтыя святы адзначаюцца ў адзін дзень. Незалежнасць — і ёсць свабода і спакой, парадак  і дабрабыт. А працавіты, мужны беларускі народ ведае яе кошт, бо ў Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны.

Свята сабрала жыхароў горада і гасцей у гарадскім парку. Добразычлівая і ўрачыстая атмасфера панавала паўсюдна.  Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч павіншаваў прысутных з дзяржаўным святам.

Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымалі лепшыя працаўнікі розных сфер народнай гаспадаркі раёна: аператар па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы Ашмянскага раённага ўнітарнага прадпрыемства “Селякцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі” Генадзь Ставарук, вадзіцель аўтапагрузчыка “Ашмянскага сыраробнага завода” Вацлаў Жвірбля, настаўнік спецыяльных дысцыплін прафесіянальнага аграрна-тэхнічнага каледжа Яніна Вайшнаровіч, машыніст укладчыка асфальтабетону “ДБУ- 28” Алег Ігнаценка.

У памяць аб тых, хто не дажыў да незалежнасці Беларусі, паклаўшы свае жыццё дзеля свободы нашчадкаў, была аб’яўлена хвіліна маўчання і прагучалі воінскія залпы, пасля чаго да помніка загінуўшым землякам ляглі вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, маладога пакалення, сённяшніх салдат.

У галоўнае свята краіны для ветэранаў і сведкаў той жудаснай трагедыі гучалі пранікнёныя песні, а ў знак пашаны і бязмежнага прызнання ім былі ўручаны жывыя кветкі, бо без подзвігу гэтых людзей, мы не мелі б магчымасці жыць і працаваць пад мірным небам.

Прымалі віншаванні ашмянцы ад старшыні райвыканкама Міраслава Сарасека і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Кучынскай.

На Ашмянскай зямлі шмат спецыялістаў прысвячаюць сябе працы і з годнасцю працягваюць справу сталага пакалення, менавіта яны ─ начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Баркоўская і складальнік фаршу пятага разраду цэха паўфабрыкатаў ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” Пётр Голуб — атрымалі Ганаровыя граматы Ашмянскага райвыканкама і грашовыя прэміі.

Стала добрай традыцыяй у знамянальныя даты лепшым людзям Ашмяншчыны прысуджаць званне “Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны”. У гэтым годзе такое званне атрымаў наш зямляк, заслужаны архітэктар Беларусі Віктар Крамарэнка ─ выпускнік сярэдняй школы №1, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, сааўтар праектаў “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”, “Чыгначны вакзал у Мінску”, “Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”, за вялікую і мэтанакіраваную работу па фарміраванні пачуцця годнасці за сваю краіну, асабісты ўклад у грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне моладзі.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі землякі, якія плённай працай праслаўляюць наш край.  У гэтым годзе за шматгадовую і добрасумленную працу Ганаровыя граматы Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў і грашовыя прэміі атрымалі ─ галоўны дзяржаўны інспектар па якасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў яе перапрацоўкі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ашмянскага райвыканкама Алена Мацюшонак і электраманцёр чацвёртага разраду ўчастка энергагаспадаркі Ашмянскага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мечыслаў Паўлоўскі.

Дзякуючы людзям, якія сваёй цяжкай працай ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі ўмацоўваюць дабрабыт нашай краіны, жыве і наш раён. У святочны дзень Дыпломы Ашмянскага райвыканкама атрымалі ААТ “Гальшанскі крухмальны завод”, ААТ “Будаўнік”, “Ашмянскі сыраробчы завод”, СВК “Граўжышкі”, “Гальшанскі” і “Крэйванцаўскі”.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і творчыя калектывы ўстаноў культуры: народны ансамбль народнай песні “Жытніца” аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка (кіраўнік Аляксандр Пашкоўскі), народны інструментальны ансабль настаўнікаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў “Добры настрой” (кіраўнік Галіна Крыніцкая), узорны фальклорны ансамбль песні і танца “Званочкі” сярэдняй школы №1 (кіраўнік Вера Федарэнка).

За актыўны ўдзел каманды прадпрыемстваў Ашмянскага раёна ў спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах узнагароджаны Валерый Вашкель ─ аператар кацельні “Ашмянскі сыраробчы завод”, чэмпіён па перацягванні канату ў складзе зборнай Гродзенскай вобласціпрызёр спаборніцтваў па гіравым спорце ў складзе зборнай Гродзенскай вобласці, Анатоль Шыдлоўскі ─ абвальшчык мяса ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, шматразовы чэмпіён краіны па гіравым спорце, раённых і абласных спаборніцтваў па валейболе, шматбор’і, лыжных гонках, Андрэй Вашкель ─ майстар ААТ “Будаўнік”, чэмпіён па гіравым спорце Гродзенскай вобласці, прызёр па гіравым спорце, валейболе, шматбор’і.

Добрай традыцыяй стала правядзенне конкурсу “Святкуем Дзень вызвалення” на лепшае афармленне падвор’яў сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў і конкурс на “Лепшую гандлёвую палатку”.

Таму жыхароў і гасцей горада шчыра віталі і запрашалі да сябе тэатралізаваныя падворкі, якія размясціліся ўздоўж гарадскога парку. Кожная гаспадарка раёна пастаралася аформіць свой падворак каларытна і адметна. Пляцоўкі аб’яднала тэма 70-годдзя Вялікай Перамогі ─ усе ўдзельнікі стараліся перадаць дух ваеннага часу, стварыўшы імправізаваны штаб, дом з танцавальнай пляцоўкай, зямлянку, медсанчасць, франтавую бібліятэку, партызанскі атрад, дом удавы, гарадскі дом, выставу “Вайна: вандраванне ў часе”.

Для падвядзення вынікаў і ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу на сцэну запрасілі старшыню Ашмянскага райкома прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадарскі і аграпрамысловага комплексу Раісу Турлай. Трэцяе месца журы аддало СВК “Кракоўка”, другое ─ СВК “Граўжышкі”, першае ─ краязнаўчаму музею імя Ф. Багушэвіча і раённай бібліятэцы.

Пераможцаў конкурсу “Лепшая гандлёвая палатка” павіншавала намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Галіна Люткоўская. Трэцяе месца заняў калектыў магазіна Ашмянскага дражжавога завода ААТ “Мінскі дражжавы камбінат”, другое ─ калектыў фірменнай таргоўлі ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, першае ─ калектыў Ашмянскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі свята сцэна ператварылася ў канцэртную пляцоўку для калектываў мастацкай самадзейнасці і цікавых выканаўцаў раёна, якія ўражвалі насычанай праграмай і таленавітасцю. У кінатэатры быў арганізаваны паказ мультыплікацыйных фільмаў для дзяцей і мастацкі фільм “Дачная паездка сяржанта Цыбулі” для дарослых.

Па алеях парка чуліся звонкія галасы народных ансамбляў, працавалі спартыўныя пляцоўкі і вясковыя падворкі. Кожны жадаючы мог паспрабаваць стравы палявой кухні, шашлыкі, а ў зацені дрэў — выпіць халодныя напоі і паспрабаваць марозіва. У горадзе майстроў можна было набыць вырабы народных умельцаў Ашмяншчыны. На спартыўнай пляцоўцы праводзіліся спартыўна-забаўляльныя гульні і спаборніцтвы.

Вечарам канцэртная праграма прадоўжылася выступленнем удзельнікаў народнага тэатра песні і танца “Імпульс” раённага Дома культуры, а таксама канцэртам зоркі беларускай эстрады ─ Германа. У завяршэнне свята, як сімвал яднання нацыі, магутнасці і працвітання роднай Беларусі, ашмянцы разам з усёй краінай падчас акцыі “Праспяваем гімн разам” спявалі: “Мы беларусы – мірныя людзі…”.Усе добра ўсведамлялі, што зберагчы мір, згоду і парадак — гэта не толькі задача дзяржавы і ўлады, але і абавязак кожнага чалавека, які шчыра любіць сваю Радзіму.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *